Прыгранічны турызм. Экаскорынг

- 12:25Сацыяльны ракурс

Трэці год Цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” Магілёва разам з сацыяльна-культурным грамадскім аб’яднаннем “Спадчына” пры падтрымцы аддзела па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва і Беларуска-Расійскага ўніверсітэта распрацаваны і здзяйсняецца праект “Маладзёжны інтэлектуальна-пазнавальны марафон “Мы разам!”, які ў гэтым навучальным годзе прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 25 студзеня ў Беларуска-Расійскім універсітэце прайшоў круглы стол, на якім былі падведзены вынікі другога этапу праекта “Кейс-праект: “Прыгранічны турызм у Беларусі. Экаскорынг”.

Праз работу над кейс-праектам арганізатары спрабавалі прыцягнуць увагу моладзі да праблем грамадства, экалогіі, матываваць старшакласнікаў на вырашэнне гэтых праблем, выявіць таленавітую моладзь, маладых лідараў, знайсці свежы погляд і інавацыйны падыход да развіцця турызму ў Беларусі. У якасці экспертаў круглага стала былі запрошаны намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце са СМІ і маладзёжнай палітыкі Магілёўскага аблвыканкама Таццяна Меньшыкава, старшыня сацыяльна-культурнага грамадскага аб’яднання “Спадчына” Віталь Арцёмчык, прадстаўнік Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Шынкевіч, велатурыст са шматгадовым стажам кіраўнік групы магілёўскіх велаэкспедыцый Mogilev bike expedition Арцём Кокін, прадстаўнікі турыстычных кампаній.

Старшакласнікі правялі вялікую даследчую работу па прапанаванай тэме, даследавалі віды турызму ў краіне, шукалі альтэрнатыўныя, нестандартныя шляхі, праводзілі аналіз экалагічнай сітуацыі ў краіне, горадзе, запісвалі меркаванні экспертаў. У ходзе круглага стала школьнікі абмяркоўвалі тэндэнцыі развіцця экатурызму. Вялася палеміка: “Ці варта занадта захапляцца экатурызмам? Натоўп людзей і смага да прыбытку могуць перашкодзіць ахове прыроды? Чаму сёння патэнцыяльныя аб’екты для арганізацыі экатурызму не загружаны і сёння ім нічога не пагражае? А што нас чакае ў недалёкай будучыні?” Пераможцамі сталі каманды магілёўскіх сярэдніх школ № 19 (1-е месца), № 35 (2-е месца) і № 26 (3-е месца).
Актыўнасць удзельнікаў круглага стала, іх неабыякавасць і цікавасць па прапанаванай тэмы пераконваюць, што сучасныя маладыя людзі ў будучыні знойдуць шляхі вырашэння праблем, звязаных з развіццём экатурызму ў краіне.

Іна КАНСТАНЦІНАВА,
метадыст Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” Магілёва.
Фота Максіма КАМАРОВА.