Прынцыпы і сакрэты сучаснага настаўніка геаграфіі

- 11:39Якасць адукацыі

Таццяна Васільеўна Шайкіна амаль дваццаць гадоў выкладае геаграфію і біялогію ў Мачулішчанскай сярэдняй школе імя герояў Савецкага Саюза І.Ц.Удавенкі і М.В.Гаманенкі, якую ў свой час скончыла сама. У прысталічным рэгіёне яна пяць гадоў узначальвае раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў геаграфіі, а да гэтага была кіраўніком адпаведнай структуры па біялогіі. Сваімі ведамі і энергіяй з радасцю дзеліцца з вучнямі і калегамі, бо працу педагога без пастаяннага руху наперад і развіцця не ўяўляе.

Пошук свайго стылю выкладання

Любоў да геаграфіі і біялогіі ў Таццяны Васільеўны цягнецца са школьных гадоў. Дзякуючы гэтаму яна не толькі змагла лёгка і ўпэўнена вызначыцца са сваім прафесійным шляхам, але і рана ўсвядоміла важную ролю педагогаў у лёсе кожнага чалавека.

— Удзячна сваім настаўнікам біялогіі і геа­графіі, цікавыя ўрокі якіх і дапамаглі мне знай­сці сваё прызванне, — зазначае Таццяна Васільеўна. — Лёсы людзей складаюцца па-рознаму, але ў жыцці кожнага ёсць школа — акно ў вялікі свет. І важна, каб гэтае акно адчынялі толькі майстры сваёй справы.

Выбіраць паміж любімымі геаграфіяй і біялогіяй Т.В.Шайкіна не стала. Паступіла на факультэт прыродазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Пасля заканчэння атрымала спецыяльнасць выкладчыка геаграфіі і біялогіі. Рада, што не памылілася з выбарам і асвоіла менавіта два прадметы, якія цесна звязаны паміж сабой. Запомнілася, як на чацвёртым курсе настаўнікі ў школе, куды яна прыйшла спрабаваць свае сілы, сказалі: “Калі пасля першай практыкі вы вырашыце: школа — гэта маё, то далей усё стапрацэнтна атрымаецца!” І неўзабаве гэтыя мудрыя словы пацвердзілася. Таццяна Васільеўна гарманічна ўлілася ў школьнае жыццё.

— Так атрымалася, што ў 1995 годзе я скончыла Мачулішчанскую школу і праз пяць гадоў вярнулася сюды ж ужо ў якасці маладога спецыяліста, — узгадвае Т.В.Шайкіна. — Рада, што менавіта родная школа стала маім нязменным месцам працы. Некалькі гадоў мне давялося папрацаваць з маімі настаўнікамі, якія зараз ужо знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Для мяне гэта быў каштоўны вопыт.

З самага пачатку і ўвесь час Таццяна Васільеўна выкладала абодва прадметы. Аднак з 2009 года большая нагрузка прыпадае на геа­графію, таму яна паступова і стала прафілю­ючай. У гэтым прадмеце паспяхова праяўляюць сябе і вучні Т.В.Шайкінай, якія прымаюць удзел у алімпіядах і займаюцца даследчай дзейнасцю.

З гадамі ў кожнага педагога выпрацоўваецца свой стыль выкладання, вызначаюцца галоўныя кірункі і знаходкі. Адным з важных момантаў для Таццяны Васільеўны стала ўстаноўка максімальна зацікавіць сваім прадметам новых вучняў на першых жа ўроках. Для гэтага выкарыстоўвае разнастайныя нетрадыцыйныя метады і сучасныя методыкі, якія дапамагаюць зрабіць урок запамінальным, яркім і насычаным. Для Таццяны Васільеўны лепшая ўзнагарода і па­цвярджэнне правільнасці выбранага курсу, калі дзеці пасля ўрока кажуць ёй “дзякуй”. Яна стараецца, каб станоўчыя адносіны да прадметаў захоўваліся пастаянна. Для гэтага робіць свае ўрокі дастаткова эмацыянальнымі.

За гады работы настаўніца з цікавасцю спрабавала розныя метады. Часта яна практыкуе актыўныя формы навучання: гульнявыя, урокі-экспедыцыі, экскурсіі. Якасць і ўзровень ведаў вучняў павышае, выкарыстоўваючы метады праблемнага і рознаўзроўневага навучання, інтэрактыўныя метады і метады інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій.

— На ўроках стараюся правесці інтэграцыю сродкаў інфармацыйных тэхналогій і інтэрактыўных метадаў навучання: гэта спрыяе развіццю навыкаў сумеснай работы і забяспечвае развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў, — расказвае Таццяна Васільеўна. — Найбольш часта і паспяхова прымяняю элементы інтэрактыўных гульняў. Напрыклад, палюбілася гульня “Асацыяцыя”. Удзельнікам прапануюцца прадметы і даецца заданне суаднесці прадмет і экалагічную праблему (лак для валасоў — парушэнне азонавага слоя, глобус у пакеце — парніковы эфект, шклянка з вадой і смеццем — забруджванне вады…). Пасля вучні ўстанаўліваюць прычыну праблемы, наступ­ствы і шляхі вырашэння. Таксама дастаткова часта выкарыстоўваю прыём “Кластар” (па самастойна падабраных вучнямі даных ці па даных, якія даю сама).

Адной з любімых тэм, на якой настаўніца асабліва засяродзіла ўвагу, стала выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. Пераканалася на сваім вопыце: урокі, на якіх прымяняюцца інтэр­актыўныя тэхналогіі, эфектыўныя. Радуе, што пры іх дапамозе той жа тэлефон, да якога так прывыклі сучасныя дзеці, можа стаць адным са сродкаў навучання. Аднак з 6 класа дазіравана прымяняе гэты спосаб, каб паступова навучэнцы ўспрымалі інфармацыю і больш сур’ёзнымі, хоць і менш відовішчнымі шляхамі.

Не нашкодзь, глядзі і дапамажы

Адной з першых Таццяна Васільеўна стала карыстацца інтэрактыўнай дошкай, і сёння гэтая сучасная прылада застаецца яе верным памочнікам. Перыядычна дае майстар-класы для педагогаў школы і раёна па выкарыстанні інтэр­актыўных метадаў на ўроку і рабоце з інтэрактыўнай дошкай. Т.В.Шайкіна падкрэслівае, што варта выкарыстоўваць усе магчымасці, што называецца, па поўнай. Інтэрактыўная дошка дазваляе карыстацца вельмі многімі праграмамі.

У 7 класе пры вывучэнні геаграфіі мацерыкоў і акіянаў Таццяна Васільеўна выкарыстоўвае інтэрактыўную дошку на розных этапах урока: пры тлумачэнні новага матэрыялу, замацаванні пройдзенага, праверцы ведаў, уменняў і навыкаў. Таксама інтэрактыўная дошка актыўна прымяняецца пры тэсціраванні. Фармат тэставых камп’ютарных праграм дае магчымасць праверыць веды пры дапамозе розных відаў і тыпаў заданняў, набораў тэматычных і выніковых тэстаў з ілюстрацыямі, графікамі, схемамі, дыяграмамі, картамі. Дарэчы, калі задзейні­чаць інтэрактыўную дошку, значна больш цікава і прадукцыйна ажыццяўляецца і работа з картай.

На ўроках геаграфіі настаўніцы вельмі дапамагаюць інтэрактыўныя карты, якіх у Таццяны Васільеўны шмат. Знайсці іх сёння не праблема на прасторах інтэрнэту.

— Геаграфію складана ўявіць без карты, — адзначае Т.В.Шайкіна. — Аднак актыўнае выкарыстанне менавіта інтэрактыўных карт адкрывае нямала новых магчымасцей. Дзеці могуць працаваць з імі самастойна, дамалёўваць ці дапісваць нешта. Гэта дапамагае выйсці на іншы ўзровень валодання інфармацыяй і яе асэнсавання.

Дзякуючы таму, што інтэрактыўная карта складаецца з некалькіх слаёў, настаўніца плаўна пераходзіць ад адной тэмы да другой (напрыклад, ад рэльефу да клімату) і пры гэтым паступова сумяшчае слаі. Дзецям так лягчэй убачыць узаемасувязь паміж тэмамі і зразумець працэсы, пра якія ідзе гаворка. Раскрываюцца прычынна-выніковыя сувязі, развіваецца вобразнае мысленне. Ёсць, дарэчы, і больш складаныя мадыфікацыйныя карты, але такія Таццяна Васільеўна выкарыстоўвае не на ўроках, а ў рабоце з алімпіяднікамі.

Ужо на працягу двух гадоў Т.В.Шайкіна актыўна выкарыстоўвае QR-коды. На яе думку, варта абавязкова карыстацца імі. Ёй падабаецца, што пры гэтым можна рухацца ў розных кірунках. Ёсць магчымасць прымяняць коды ў метадычнай рабоце з настаўнікамі, змяшчаючы такім зручным чынам на малой плошчы шмат інфармацыі для калег. На ўроках таксама нярэдка бываюць моманты, калі вучні “выхо­дзяць” на QR-код. Так былі зашыфраваны і пытанні, і тэк­сты. Цікава арганізоўваць пошук ведаў самімі ж вучнямі ў такой сучаснай форме. Да таго ж для дзяцей гэта яшчэ і добрая матывацыя.

Пры вывучэнні даследаванняў Паўночнай Амерыкі QR-коды выкарыстоўваюцца для знаёмства з даследчыкамі. Напрыклад, зашыф­роўваецца наступны тэкст: “Не удивляйтесь, что я называю западом страны, где растут пряности, тогда как их обыкновенно называют востоком, потому что люди, плывущие неуклонно на запад, достигнут восточных стран за океаном в другом полушарии. Но если вы отправитесь по суше — через ваше полушарие, то страны пряностей будут на востоке…” Пасля знаёмства з урыўкам вучням задаецца пытанне: “Хто з падарожнікаў мог напісаць такое пісьмо ў канцы ХV стагоддзя?” Далей пачынаецца гаворка пра Хрыстафора Калумба, школьнікі дзеляцца інфармацыяй пра яго.

Зараз з прымяненнем QR-кодаў настаўніца таксама распрацоўвае экалагічную сцежку ў заказніку Сакаліны, што месціцца ў Мачулішчах. У наступным годзе можна будзе праводзіць тут урокі і мерапрыемствы. Хаця, безумоўна, заказнік Сакаліны і сёння запатрабаваны педагогамі, прычым не толькі мясцовымі. У распрацоўку экскурсій і экалагічных сцежак па ім вялікі ўклад унесла і Т.В.Шайкіна.

Таццяна Васільеўна даўно вызначыла для сябе асноўныя прынцыпы, якіх прытрымліваецца ў рабоце са школьнікамі. Першы з іх гу­чыць, як у медыкаў, — не нашкодзь. Гэта, здавалася б, вельмі проста. Аднак на справе часам дарослыя адным словам могуць адбіць у дзіцяці ахвоту вучыцца, псіхалагічна зламаць яго. Таму важна ўвесь час памятаць: дзіцячая душа — самая вялікая каштоўнасць. Педагог пастаянна павінен памятаць пра адказнасць, якая на яго ўскладзена. Для Т.В.Шайкінай самае галоўнае — разумець дзяцей, верыць у іх здольнасці і паступова развіваць цікавасць да вучобы. Важна, каб пасля ў грамадства выйшлі шчаслівыя людзі з верай у сябе і даверам да людзей, не закамплексаваныя, з жаданнем вучыцца, сумленна працаваць у калектыве, рабіць не­шта добрае.

Другі педагагічны прынцып Т.В.Шайкінай — прыгледзься. Часта ўзнікаюць праблемы з-за таго, што ў дзяцей нешта не атрымліваецца. Кожны можа сутыкнуцца з няўдачай. Настаўніку варта любіць усіх сваіх вучняў, незалежна ад іх вучэбных поспехаў. Па ўласным вопыце Таццяна Васільеўна ведае: трэба пільна прыгле­дзецца нават да таго дзіцяці, якое, здавалася б, думкамі і не прысутнічае на ўроку, надаць яму ўпэўненасці, каб, акрыленае першымі поспехамі, яно магло тварыць і далей. Такім чынам часам вырастаюць нават будучыя пераможцы алімпіяд.

Яшчэ адзін важны прынцып — дапамажы. Для Таццяны Васільеўны гэта значыць падай новы матэрыял так, каб вучні маглі засвоіць яго як мага лягчэй і лепш. А яшчэ варта дапамагчы дзіцяці адчуваць і захаваць упэўненасць у сваёй значнасці, у арыгінальнасці сваіх ідэй, даць зразумець, што самастойныя пробы і пошукі кожнага — гэта вельмі важна і карысна для самаразвіцця.

— Пры падрыхтоўцы да ўрока абавязкова ўлічваю свае прынцыпы, індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці, здольнасці кожнага дзіцяці, — адзначае Т.В.Шайкіна. — Розныя віды кантролю ведаў сумяшчаю з даследаваннем, работай з контурнай картай, выкарыстаннем краязнаўчага матэрыялу. Таксама, каб даць магчымасць праявіць сябе кожнаму школьніку, стараюся выкарыстоўваць індывідуальную, парную, групавую арганізацыю вучэбнай дзейнасці. Выніковасці ўрока мне дапамагаюць дасягнуць асобасна арыентаваныя тэхналогіі, у тым ліку праблемна-пошукавыя, гульнявыя і інфармацыйныя.

Майстар, творца і вечны студэнт

На думку Т.В.Шайкінай, сучасны настаўнік — гэта абавязкова майстар, творца і, безумоўна, вечны студэнт. Яму трэба быць актыўным, ініцыятыўным, дзейным, адкрытым да новага. Гэтага патрабуюць прафесія і час. Сама Таццяна Васільеў­на знаходзіцца ў няспынным пошуку ідэй, метадаў, форм і прыёмаў навучання і выхавання, імкнецца да самаразвіцця і самаадукацыі. Штогод заканчвае па некалькі вочных і анлайн-курсаў, прымае ўдзел у разнастайных конкурсах, канферэнцыях і семінарах. Пераканана: без усяго гэтага настаўнік не будзе расці прафесійна!

Таццяне Васільеўне заўсёды цікава спрабаваць і пачынаць нешта новае. Напрыклад, у свой час у яе адной з першых з’явілася старонка на сайце школы. Спадабалася, што тут можна збіраць свае матэрыялы, якія будуць цікавыя і карысныя вучням і калегам. Гэта натхніла стварыць сайт. Такая задума, звязанная ў першую чаргу з жаданнем яшчэ больш аб’яднаць настаўнікаў геаграфіі Мінскага раёна, нядаўна была рэалізавана.

Таццяна Васільеўна задаволена, што сайт з’явіўся, паспяхова працуе і будзе развівацца. Дзякуючы гэтаму ў адным месцы з часам бу­дзе назапашвацца ўсё больш карыснай інфармацыі. Тут ужо сабрана ўсё неабходнае для падрыхтоўкі настаўнікаў да атэстацыі на вышэйшую катэгорыю, па павышэнні кваліфікацыі. Акрамя гэтага, Т.В.Шайкіна размяшчае матэрыялы з вопыту работы — уласныя і іншых педагогаў.

— На маю думку, настаўнік павінен аддаваць свае веды і энергію і вучням, і калегам, — дзеліцца Т.В.Шайкіна. — Калі ў школе ёсць хоць пяць перадавых педагогаў, якія гараць, пастаянна развіваюцца і даюць такі імпульс усім, тады і школа развіваецца, і прадметы развіваюцца. Кожны з нас уносіць у важную агульную справу свой уклад.

Як і Дзмітрый Мендзялееў, Таццяна Васільеўна лічыць, што “ўся гордасць настаўніка ў вучнях, у росце пасеянага ім насення”. Радуецца кожнаму дасягненню сваіх навучэнцаў. Шмат увагі ўдзяляе рабоце з адоранай моладдзю. Штогод разам з вучнямі рыхтуе даследчыя работы. На прадметных алімпіядах ад першага да трэцяга этапаў яе вучні традыцыйна займаюць прызавыя месцы.

У планах Таццяны Васільеўны — стварыць у школе клуб “Эколаг”. На экагагічнае выхаванне яна часта робіць стаўку ў пазакласнай рабоце. У выкладанні біялогіі і геаграфіі збіраецца не спыняцца на дасягнутым, а шукаць больш сучасныя метады і формы работы для яшчэ большай актывізацыі пазнавальнай цікавасці вучняў на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці.

Таццяна Васільеўна адносіцца да людзей, якія не заклікаюць і не пераконваюць нікога на словах. Сваім прыкладам яна натхняе калег пастаянна вучыцца, рухацца наперад і не баяцца эксперыментаваць. У 2018 годзе як лепшая па прафесіі была занесена на раённую Дошку гонару. Сёлета стала пераможцай раённага этапу прафесійнага конкурсу “Настаўнік года” ў намінацыі “Гісторыя, краязнаўства, геаграфія”. І гэта толькі невялікая частка яе перамог. Для Таццяны Васільеўны кожны поспех — гэта пацвярджэнне таго, што яна ідзе ў правільным кірунку, і абавязак высока трымаць планку. Ёй важна быць сапраўдным, сучасным настаўнікам, тым самым, які дапамагае вучням знайсці сябе, зноў і зноў адчыняе ім акно ў дарослае жыццё!

Таццяна ШЫМКО.