Прыступка да армейскага жыцця

- 16:42Нам пішуць

Летні адпачынак для вучняў сярэдняй школы № 9 Слоніма характэрны правядзеннем абаронна-спартыўнага лагера “Кадэт”, які сёлета прыняў у свае рады 72 хлопчыкаў. Гэта дзве змены ў чэрвені і ліпені. Як і заўсёды, выхаванцы размяшчаліся ў групе артылерыі 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Ваенаслужачыя славутай воінскай часці пастараліся стварыць усе ўмовы для правядзення летняй патрыятычнай змены на самым высокім узроўні.

Распарадак дня дапамагаў дзецям максімальна ўліцца ў жыццё воінскага гарнізона. На пастраенні слонімскіх кадэтаў пры адкрыцці другой змены лагера прысутнічалі ваенны камісар Слонімскага і Зэльвенскага ваеннага камісарыята падпалкоўнік Уладзімір Герасімчук і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў маёр у адстаўцы Анатоль Палякоў. Яны адзначылі, што лагер з’яўляецца своеасаблівым курсам маладога байца для кадэтаў, якія ў гэты дзень знаходзяцца ў страі.

Наступныя дні толькі пацвердзілі гэтыя словы. Так, у першы дзень работы лагера выхаванцы ўдзельнічалі ў патрыятычнай акцыі па доглядзе абеліскаў і воінскіх пахаванняў на тэрыторыі Слонімскага раёна. І астатнія дні былі распісаны літаральна па хвілінах. Ці быў гэта агляд артылерыйскай тэхнікі і класаў падрыхтоўкі воінаў-артылерыстаў, навучанне кіраванню танкам Т-72Б або баявой машыны пяхоты на трэнажорах, ці наведванне музея “Ваеннага мундзіра” — усё выклікала вялікую цікавасць у вучняў. А які ж курс маладога байца без адпрацоўкі навыкаў абсталявання індывідуальных акопаў для стральбы лежачы? Сучасны воін павінен быць універсальным байцом. Экскурсія і далейшыя заняткі па авалоданні навыкамі барацьбы з агнём, адпрацоўцы на практыцы элементаў самавыратавання з палаючых будынкаў пажарна-аварыйнай выратавальнай часці № 3 Слоніма толькі пацвердзілі гэтую думку.

Нельга не сказаць добрыя словы ў адрас камандавання і афіцэраў 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, якія прыклалі ўсе свае сілы для правядзення патрыятычнай змены.

Віктар ГЕРАСІМЧЫК,
маёр запасу, выхавальнік кадэцкага класнага калектыву сярэдняй школы № 9 Слоніма.