Прызванне — быць педагогам

- 10:10Людзі адукацыі

Аляксандр Вітальевіч Кавалеўскі ў маладым узросце ўзначаліў Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства. Дзейнасць дырэктара не абмяжоўваецца толькі кіраўніцкімі абавязкамі. Яго клуб аматараў гісторыі Айчыны “Кліа” з задавальненнем наведваюць падлеткі. А інакш і быць не можа: Аляксандр Вітальевіч — неардынарная асоба з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. 

— Гісторыя мне падабалася з 5 класа, — расказвае А.В.Кавалеўскі. — Заўсёды з радасцю наведваў урокі, актыўна ўдзельнічаў у раённых і абласных алімпіядах. Але пра педагогіку спачатку не думаў, хаця мая бабуля — настаўніца матэматыкі, а сястра — настаўніца хіміі і біялогіі. Планаваў працаваць у права­ахоўных органах ці ў архіве. Але, дзякуючы настаўніцы гісторыі Валянціне Мікалаеўне Латыш, цікавасць да прадмета стала захапленнем. У старшых класах ужо дакладна ведаў, што буду паступаць на гістарычны факультэт. Выбраў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Пасля яго заканчэння з адзнакай быў накіраваны па размеркаванні выкладчыкам гісторыі і грамадазнаўства ў Смалявіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй, дзе адпрацаваў 3 гады. Ні разу не пашкадаваў, што выбраў настаўніцкую прафесію. Да сённяшняга часу ўспамінаю свайго вучня, які пад маім уплывам так захапіўся гісторыяй, што паступіў на спецыяль­насць “Архіўная справа” ў БДУ, куды калісьці хацеў паступаць я.

Аляксандру Вітальевічу вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі, бачыц­ь іх імкненне да новых ведаў, адчуваць сябе карысным. Ён прызнаецца, што спачатку было крыху складана нала­дзіць дысцыпліну з-за малой розніцы ва ўзросце з выхаванцамі, якія так любяць выпрабоўваць нявопытных педагогаў. Але А.В.Кавалеўскі хутка знайшоў агульную мову з вучнямі і заваяваў у іх аўтарытэт, што ўдаецца зрабіць не кожнаму.

— Сучасны педагог павінен быць камунікабельнай, адкрытай, харызматычнай, высокаэрудзіраванай, мэтанакіраванай і ініцыятыўнай асобай, гаварыць на зразумелай для падлеткаў мове, а не збітымі фразамі з падручнікаў, — лічыць Аляксандр Вітальевіч. — Не варта забываць пра эфектыўныя сродкі навучання і тэхналогіі, з дапамогай якіх можна зацікавіць прадметам. Гэта можа быць тэматычны фільм ці ролік.

Па словах педагога, сёння вельмі важна, каб моладзь не сумнявалася ў гістарычным мінулым сваёй Радзімы, ведала герояў-абаронцаў роднага краю і вядомых гістарычных асоб. Пачынац­ь вывучаць гісторыю трэба з вывучэння малой радзімы. Гэта знаходзіць водгук у маладога пакалення, фарміруе яго светапогляд. Так пачынаецца сапраўднае захапленне гісторыяй.

— Гісторыя паказвае, што ўсё ў жыцці паўтараецца, — гаворыць А.В.Кавалеўскі. — Чалавецтва далёка не заўсёды ўлічвае сумныя ўрокі мінулага. Гісторыю трэба ведаць, каб пазбягаць памылак у развіцці грамадства. Ды і агульны кругагляд яна пашырае вельмі добра. На сваіх занятках імкнуся ствараць максімальна добразычлівую атмасферу, якая матывавала б да атрымання новых ведаў. Не абыходзіцца і без гумару. Галоўнае — пазбягаць аднастайнасці. Стараюся даносіць матэрыял у зразумелай і даступнай форме, якая б падтрымлівала цікавасць да далейшай вучобы. Кожныя заняткі павінны адрознівацца ад папярэдніх. Вельмі падабаецца, калі дзеці задаюць шмат пытанняў. Значыць, ім цікава. Актыўна далучаю выхаванцаў да даследчай дзейнасці, распрацоўкі сацыяльна значных праектаў.

Канечне, малады кіраўнік і педагог сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі на шляху прафесійнага станаўлення. Але гэта яго зусім не пужае. На дапамогу заўсёды прыходзяць вопытныя калегі і сям’я, якім ён вельмі ўдзячны.

Аляксандр Вітальевіч упэўнены, што яго прызванне — быць педагогам. А педагог, як вядома, павінен ва ўсім быць прыкладам для выхаванцаў. Таму ў вольны час ён не толькі шмат чытае, але і актыўна займаецца спортам.

Таццяна АБРАМАВА,
выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.
Фота Лізаветы ЦІХАН.