Прызванне, прызнанне

- 12:42Сацыяльны ракурс

Журналісцкі лёс мой склаўся так, што я ўжо шмат гадоў сустракаюся з прыёмнымі бацькамі, бацькамі-выхавальнікамі. І нягледзячы на мноства такіх сустрэч, не стамляюся здзіўляцца, як гэтыя людзі адважваюцца ўзяць на сябе такую вялікую адказнасць: выхаванне дзяцей з няпростым лёсам. А для іх гэта ненатуральны ход жыцця — прызванне, вера ў тое, што яны з усім справяцца, і немагчымасць зрабіць інакш. Не буду хлусіць: пару разоў сустракаліся сем’і, у якіх не атрымалася стаць добрымі прыёмнымі бацькамі, але ў пераважнай большасці людзі, якія становяцца бацькамі-выхавальнікамі ці ўсынаўляюць малых, падыходзяць да такога кроку асэнсавана.

Крысціна Аляксандраўна Дубіна.

Калі маладосць не перашкода

Такіх людзей, прызванне якіх — быць бацькамі, заўсёды лёгка знайсці, напрыклад, у дзіцячай вёсцы “Вытокі”, дзяржаўнай установе адукацыі, якая размяшчаецца ў пасёлках Вопытны і Крынічны пад Мінскам і дзе зараз выхоўваюцца 106 хлопчыкаў і дзяўчынак у 19 выхаваўчых групах. Нядаўна я пабывала ў Вопытным, і першая сям’я, з якой пазнаёмілася, — гэта сям’я Крысціны Аляксандраўны і Паўла Аляксандравіча Дубіна. Зразумела, што напярэдадні Дня маці мы больш размаўлялі з жанчынамі, душой і пяшчотай любой сям’і. Крысціна Аляксандраўна яшчэ і прафесійны педагог, раней працавала выхавальніцай у дзіцячым садку і педагогам Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў Асіповічах, што на Магілёўшчыне. Свае сямейныя гісторыі ў мужа і жонкі няпростыя — ён у 12 гадоў трапіў у прытулак, яе выхоўвала бабуля. Так што рашэнне выхоўваць сацыяльных і проста сірот прыйшло да іх невыпадкова.

Пачынае мая суразмоўніца з таго, што шлях сям’і да выхавання прыёмных дзяцей быў няпростым — ёй спачатку адмовілі. А прычына нетрывіяльная: калі муж і жонка Дубіна вырашылі стаць бацькамі-выхавальнікамі, Паўлу быў 21 год, Крысціне — 26. Такое стаўленне не збянтэжыла маладую сям’ю. Як паказаў час, нягледзячы на маладосць, яны добра ведалі, што рабілі: у дзіцячай вёсцы жывуць 5 гадоў, у адміністрацыі на лепшым рахунку, а галоўнае — спраўляюцца з выхаваннем няпростых прыёмных дзяцей, у кожнага з якіх ёсць або псіхалагічная траўма, або асаблівасці развіцця.

— Мама, я іду са школы. Ці трэба каго-небудзь забраць? — гэта Крысціне Аляксандраўне тэлефануе родная дачка Анжаліка.

— Зайдзі за Ванем,— просіць маці, — ён, напэўна, ужо вызваліўся.

Зараз у сям’і васьмёра дзяцей, лічачы Анжаліку (ну ніяк не магу называць гэтых дружных людзей выхаваўчай групай). Аб’яву пра тое, што ў дзіцячай вёсцы патрэбны бацькі-выхавальнікі, знайшлі ў інтэрнэце, пасля ўзгаданых цяжкасцей усё ж сустрэліся з тагачасным дырэктарам “Вытокаў”, прайшлі курсы для прыёмных бацькоў, сабралі дакументы.

Першымі выхаванцамі новых бацькоў-педагогаў сталі родныя браты Дзяніс, Міша і Арцём ва ўзросце 13, 10 і 7 гадоў. Было цяжка, прызнаецца мая суразмоўніца, але не напалохаліся, пад Новы год прынялі яшчэ брата і сястру: Ульяну і Валеру, якім споўнілася ўсяго па 4,5 і 3,5 года, — яны і цяпер выхоўваюцца ў сям’і Дубіна. А калі ўзгадаць пра самых першых выхаванцаў, то Дзяніс працуе ў Капылі, адкуль і прыехаў, ён стаў кухарам, а Мішу і Арцёма ўсынавілі італьянскія сем’і. Дзяцей, дарэчы, усынаўляюць даволі часта, нягледзячы на іх асаблівасці. Так, за паўтара года з гэтай групы ўсынавілі 5 хлопчыкаў.

Спартыўная сям’я.

Пазней у сям’ю трапіў малодшы брат Ульяны і Валеры Валянцін, якога праз год усынавіла беларуская сям’я. Яшчэ аднога малодшага брата гэтых дзяцей — Багдана — усынавілі ўсяго праз тры месяцы яго знаходжання ў дзіцячай вёсцы. Усе дзеці не забылі адно аднаго, тэлефануюць, прыязджаюць у госці.

Зараз у сям’і знаходзяцца 15-гадовы Дзіма, які заняты выбарам будучай прафесіі, творчая другакласніца Ульяна і спартсмен і музыкант першакласнік Валера. Ёсць яшчэ пяцікласнік Дзяніс — вялікі аматар чытання, актыўны чацвёртакласнік Мацвей. З ім, прызнаецца маці, бадай, складаней, чым з кім, бо актыўнасць хлопчыка занадта выяўленая. Ёсць у сям’і і новенькі — яшчэ адзін Валянцін, які за кароткі час паказаў сябе добрым памочнікам. Ну і застаўся сямігадовы Ванечка — гіперактыўны і пры гэтым вельмі смелы і чароўны, як характарызуе яго Крысціна Аляксандраўна: “Глядзіш у яго вялікія вочы, і язык не паварочваецца лаяцца, хаця шкодзіць ён нярэдка”.

Усе дзеці ходзяць у сярэднюю школу № 3 у Бараўлянах. З педагогамі бацькі сустракаюцца часта, бо большасць з іх выхаванцаў — гіперактыўныя дзеці, і добра, што школьны дэфектолаг бачыць іх асаблівасці, але не кожны педагог адразу разумее гэта.

Бацькі ж прымаюць і імкнуцца зразумець усіх, накіраваць залішнюю энергію дзяцей на дапамогу дома, на спорт (Павел Аляксандравіч — добры спартсмен і пакідаць справу свайго жыцця не збіраецца).

— Канечне, спачатку было шмат нечаканасцей, — прызнаецца Крысціна Аляксандраўна. — Яны і цяпер здараюцца ледзь не кожны дзень. Расслабіцца не ўдаецца, нават калі дзеці ў санаторыі. Гэта мае дзеці, і я заўсёды думаю пра іх. Ведаю, якія яны эмацыянальныя. Адпачываю толькі тады, калі сама еду, напрыклад, на мора або да бабулі, а муж застаецца з дзецьмі. Такія перапынкі хаця б на некалькі дзён даюць магчымасць аднавіць сілы. Муж гаворыць, што ён не такі эмацыянальны і яму для адпачынку неабходна пару дзён з сябрамі, з братамі. А бывае, што выязджаем з дзецьмі на мерапрыемствы, на дачу, да адной або да другой бабулі на выхадныя — і змена месца дапамагае і нам, і дзецям.

Вольга Фёдараўна Бандарэвіч.

Сёлета ў малых, дарэчы, было незвычайнае лета, якое яны цалкам правялі ў Беларусі, хаця раней адпачывалі ў Італіі. Нарэшце яны ўбачылі сапраўднае беларускае лета, і яно ім спадабалася.

Найлепшым развіццём падзей для сваіх выхаванцаў Крысціна Аляксандраўна лічыць усынаўленне, але і выхаванне ў дзіцячай вёсцы — вельмі нядрэннае выйсце для малых, якія засталіся без апекі бацькоў. Яны выходзяць у самастойнае жыццё падрыхтаванымі да яго, бо тут удзяляюць нямала ўвагі іх сацыяльнай адаптацыі, камунікабельнымі, бо гадуюцца разам з братамі і сёстрамі, ім ёсць каму патэлефанаваць, да каго прыехаць у госці.

Ехалі за сынам — прывезлі дачку

У сям’і Вольгі Фёдараўны і Сяргея Мікалаевіча Бандарэвіч зараз сямёра дзяцей — родная дачка (старэйшая ўжо жыве асобна) і шасцёра выхаванцаў. Бацькі не маюць педагагічнай адукацыі, але цяпер, праз 8 гадоў іх жыцця ў вёсцы, так і не скажаш. Пры гэтым прыёмнымі бацькамі Бандарэвічы сталі намнога раней, чым бацькамі-выхавальнікамі ў “Вытоках”. Вольга Фёдараўна, якая раней працавала ў рэгістратуры адной з паліклінік Фрунзенскага раёна Мінска, расказвае, што разам з мужам (ён электрагазазваршчык) вельмі хацелі сына, але здароўе гаспадыні не дазваляла. Вырашылі ўзяць дзіця з дома дзіцяці. Хлопчык чамусьці да іх не пайшоў, плакаў, а вось трохгадовая Каця кінулася да Сяргея Мікалаевіча з крыкам: “Тата!”

У дзіцячай вёсцы працавалі дзве сяброўкі Вольгі Фёдараўны, да якіх сям’я прыязджала ў госці. Так і самі вырашылі стаць бацькамі-выхавальнікамі, вучыліся (хаця і раней, калі бралі Кацю, скончылі такія курсы), рыхтаваліся — і ніколькі не шкадуюць, многае спасцігаюць на практыцы, нямала даюць курсы павышэння кваліфікацыі. Многае даюць і зносіны з іншымі бацькамі-выхавальнікамі, абмен вопытам.

14-гадовая Кацярына і цяпер жыве ў вялікай сям’і, дзе пазней з’явіліся браты Дзіма і Сярожа, потым яшчэ два браты — Валодзя і зноў Дзіма. Крыху пазней прыйшлі Дзіяна і Максім, які страціў бацькоў у Расіі, жыў тут з цёцяй, але яна сур’ёзна захварэла. Былі яшчэ Насця, 9-гадовы Косця, які і цяпер жыве ў сям’і, Ягор, браты Артур і Мікіта.

Адна сям’я — дзве каманды для пейнтбола.

Некаторыя дзеці ўжо вучацца або працуюць. Дзіяна, напрыклад, скончыла медыцынскі каледж, працуе ў паліклініцы, Максім — электрагазазваршчык, жыве ў інтэрнаце, падтрымлівае адносіны з цёцяй. Сярожа — пекар-кандытар, працуе ў адным са сталічных рэстаранаў, атрымаў месца ў інтэрнаце, Мікіту ўсынавіла беларуская сям’я, якая пераехала ў Расію. Бандарэвічам гэтая пара падарыла брытанскае кацяня на памяць, яно і цяпер тут. Усе выхаванцы прыязджаюць да бацькоў, на мінулы Новы год сабраліся абсалютна ўсе — і гэта найлепшае прызнанне, найлепшае, чым могуць дзеці падзякаваць тым, хто іх выхаваў.

— Мы, калі забіралі Кацю, прыязджалі да яе, бачылі, што дзяцей, якім неабходна сям’я, вельмі многа, — гаворыць В.Ф.Бандарэвіч. — Мы адчувалі, што сілы і жаданне дапамачы ім ёсць. Калі бачыш, што дзеці да цябе цягнуцца, прыязджаюць, раяцца, разумееш, што гэта і ёсць шчасце. Ёсць, канечне, праблемы, але спраўляемся, жывём, думаю, як звычайная мнагадзетная сям’я. А колькі ў нас будзе ўнукаў! Я пакуль гэтага не ўяўляю. Гэта весела, яшчэ і бабуля з дзядулем прыязджаюць. Мы, напрыклад, усёй сям’ёй ездзілі гуляць у пейнтбол, і нам хапіла людзей, каб падзяліцца на дзве каманды. Тое ж і з футболам. Мне такое жыццё падабаецца, хаця ад многіх чую: “Мы б так не змаглі”. Яшчэ часта чую пытанне “Навошта вам гэта?”. А калі не мы, то хто? Калі кожны будзе думаць, навошта гэта, і нічога не рабіць, то нічога і не адбудзецца.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіваў сем’яў Дубіна і Бандарэвіч.