Расія: міністр асветы анансаваў пасяджэнне Дзяржсавета па адукацыі

- 12:53Паралелі

Пасяджэнне Дзяржаўнага савета, прысвечанае пытанням расійскай адукацыі, пройдзе ў верасні, паведаміў міністр асветы Расійскай Федэрацыі Сяргей Краўцоў.

“Мы ў рамках падрыхтоўкі да пасяджэння Дзяржсавета па адукацыі, якое пройдзе ў верасні, абмяркоўвалі важную ідэю з нагоды сацыякультурных комплексаў, якія будуць сумяшчаць адукацыю, школу, магчыма, культурны цэнтр, медыцынскі цэнтр і гэтак далей”, — сказаў С.Краўцоў падчас рабочай нарады з дэпутатамі думскай фракцыі “Адзіная Расія”.

Раней Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін паведаміў, што на пачатку восені правядзе пасяджэнне Дзяржсавета па адукацыі. Ён накіраваў у Дзярж­думу папраўкі ў закон аб адукацыі. Па словах кіраўніка дзяржавы, сэнс паправак — умацаваць, акцэнтаваць выхаваўчы складнік айчыннай адукацыйнай сістэмы.

Таксама С.Краўцоў заявіў, што выбіраць школы, якія ўвойдуць у пул базавых школ пры педагагічных ВНУ, будуць рэгіёны сумесна з навучальнымі ўстановамі.

Ён адзначыў, што ўжо цяпер ёсць школы, якія шчыльна працуюць з педуніверсітэтамі, у такіх установах студэнты праходзяць практыку пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў.

Міністр дадаў, што студэнты ў такіх школах будуць практыкавацца не толькі ў выкладанні свайго прадмета, але і ў выхаваўчай рабоце, каб выпускнікі выходзілі з навучальнай установы максімальна падрыхтаванымі да работы з дзецьмі.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.