Расія: што чакае школы пасля пераназначэння Вольгі Васільевай?

- 12:19Паралелі

Вольга Васільева ўзначаліць Міністэрства асветы, вылучанае з Мінадукацыі і навукі. На сваёй пасадзе яна будзе займацца пытаннямі агульнай адукацыі: школамі, ліцэямі, каледжамі і тэхнікумамі. Універсітэты цяпер адыходзяць пад кантроль новага ведамства — Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі. Эксперты, апытаныя “Газетой.ru”, падтрымліваюць падзел ведамства на дзве часткі, бо лічаць, што апошнім часам В.Васільевай было “не да навукі і вышэйшай адукацыі”.

Наваспечанае Міністэрства асветы ўзначаліць Вольга Васільева, якая апошнія два гады была на пасадзе кіраўніка Мінадукацыі і навукі. Яе кандыдатуру разам з іншымі прэтэндэнтамі на пасаду віцэ-прэм’ераў і міністраў прапанаваў Прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.

Выслухаўшы яго, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў, што ўсе прапанаваныя асобы — “людзі вядомыя, з добрым вопытам работы, якія добра зарэкамендавалі сябе”. Прэзідэнт адобрыў усе кандыдатуры прэм’ера і падпісаў адпаведны ўказ аб іх назначэнні.

Напярэдадні Уладзімір Пуцін падпісаў таксама ўказ аб падзеле цяперашняга Міністэрства адукацыі і навукі на два асобныя ведамствы: Міністэрства асветы і Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі. Цяпер за школы, ліцэі, каледжы, тэхнікумы і дадатковую адукацыю будзе адказваць асобная структура. У яе кампетэнцыю ўвойдзе навучанне дзяцей і дарослых, выхаванне, апека і папячыцельства, сацыяльная падтрымка і абарона навучэнцаў.

Другое ведамства будзе адказваць за вышэйшыя навучальныя ўстановы і развіццё навукі ў цэлым. У прыватнасці, яно будзе займацца развіццём навукаградаў і навуковых цэнтраў, сферай інтэлектуальнай уласнасці, а таксама сацыяльнай падтрымкі і маладзёжнай палітыкай.

Большасць экспертаў падзел ведамства падтрымлівае. Так, навуковы кіраўнік па ліцэйскіх праграмах НДУ ВШЭ Наталля Любамірскіх лічыць: “Калі ў нас адбылося зліццё двух міністэрстваў, Міністэрства навукі і Міністэрства асветы, пра існаванне школы наогул забыліся, бо ўвага канцэнтруецца на чымсьці адным. Калі ж на пост прыйшла Вольга Васільева, было наогул не да навукі і вышэйшай адукацыі. Яна звяртала ўвагу толькі на школу і спрабавала там усё выбудаваць па сваім меркаванні. А да яе былі людзі з вышэйшай школы — яны, адпаведна, ставіліся да школ як да падсобных гаспадарак”.

Прэзідэнт Усерасійскага фонду адукацыі Сяргей Камкоў упэўнены, што аб’яднанне агульнай сярэдняй адукацыі з вышэйшай прывяло да росту бюракратызацыі ў сістэме, а таксама да зніжэння якасці адукацыі. “Падаў узровень навуковых распрацовак. Гэта прывяло да стварэння Федэральнага агенцтва навуковых арганізацый. Пры гэтым многія навукоўцы былі незадаволены гэтай рэарганізацыяй”, — адзначыў ён. На думку Сяргея Камкова, градус незадаволенасці аб’яднаным міністэрствам дасягнуў сваёй мяжы. “Прэзідэнт прыслухаўся да меркавання дасведчаных экспертаў. Гэта дайшло і да кіраўніка ўрада Дзмітрыя Мядзведзева. Усё ж такі сістэма сярэдняй адукацыі — гэта асобная галіна. Для вышэйшай адукацыі і навукі патрэбен іншы арганізацыйны ўзровень. Аб’ядноўваць іх нельга, але супрацоўнічаць паміж сабой яны, натуральна, павінны”, — заявіў эксперт.

Дырэктар маскоўскай школы № 1561 Валерый Пазынін паведаміў “Газете.ru”, што падзел Мінадукацыі і навукі нямоцна паўплывае на працу школы. “Міністэрства фактычна не кіруе школамі — гэтым займаюцца заснавальнікі, якімі з’яўляюцца або муніцыпалітэты, або рэгіянальныя органы кіравання адукацыяй, як, напрыклад, у Маскве дэпартамент адукацыі. Таму ў сувязі з гэтым нейкіх змен для функцыянавання школы я не прадбачу”, — сказаў ён.

Міністэрства асветы будзе адказваць за выхаваўчую, асветніцкую працу, а таксама ўзаемадзеянне з насельніцтвам, адзначыў Сяргей Камкоў.

“Акрамя таго, важнай з’яўляецца работа з бацькамі, якія да нядаўняга часу былі выключаны міністэрствам з сістэмы адукацыі. Яны “лічыліся” ў незразумелай сацыяльнай сферы, а канкрэтнай работы з імі ніхто не праводзіў. Яе было складана арганізаваць у рамках такой велізарнай структуры, як Мінадукацыі і навукі, таму гэтым будзе займацца менавіта Міністэрства асветы”, — лічыць прэзідэнт Усерасійскага фонду адукацыі.

Раней Уладзімір Пуцін падпісаў “майскі ўказ”, у які ўваходзіць шэраг даручэнняў, што ідуць за перадвыбарнымі абяцаннямі прэзідэнта. Там ён адзначыў неабходнасць павышэння матывацыі школьнікаў да навучання і ўцягвання ў адукацыйны працэс. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы даручыў ураду ўдасканальваць метады навучання прадметнай галіны “Тэхналогія”. Мяркуюць, што яна ўвойдзе ў кампетэнцыю менавіта Міністэрства асветы.

Валерый Пазынін лічыць гэтую частку ўказа прэзідэнта вельмі важнай. На думку дырэктара школы, методыка выкладання інфарматыкі і тэхналогіі павінна быць у значнай меры перагледжана.

“Гэтыя прадметы даюць добрую базу для далейшага прафесійнага росту чалавека. Мы таксама імкнёмся перааснашчаць школы, каб урокі тэхналогіі і інфарматыкі не толькі служылі базай прафесійнага самавызначэння школьніка, але і давалі практычныя ўменні. Важна, каб унутры школы ў дзіцяці была магчымасць прымяняць веды, спрабаваць зрабіць нешта рукамі — праз майстэрні, лабараторыі”, — канстатаваў ён.

Эксперты адзначаюць, што пры падзеле Мінадукацыі і навукі на два ведамствы ўзнікла пытанне: якое міністэрства будзе рэгуляваць дзейнасць ліцэяў і гімназій пры ўніверсітэтах? Наталля Любамірскіх патлумачыла, што яны функцыянуюць на падставе спецыяльных падзаконных актаў.

“Спачатку ідзе закон аб адукацыі, які з’яўляецца абавязковым, а далей — статут універсітэта. Гэтак жа, як “Сколкава”, дзе цяпер ўласныя законы і правілы. Спачатку ў ліцэяў пры НДУ ВШЭ былі праблемы з-за недастатковай колькасці падзаконных актаў. Напрыклад, вучні з цяжкасцю атрымлівалі сацыяльныя карты масквіча. Але гэта наўпрост не звязана з наяўнасцю аднаго або двух міністэрстваў, таму што галоўным з’яўляецца федэральны закон аб адукацыі”, — заявіла эксперт.

На думку эксперта, пераназначэнне Вольгі Васільевай не адаб’ецца адмоўна на сістэме сярэдняй адукацыі. “Яна прыхільнік эвалюцыйнага развіцця — гэта значыць паэтапных змен, вяртання да тых лепшых традыцый, якія ў нас існавалі. Можа быць, за гэта яе і крытыкуюць — патрабуюць больш рэзкага пераходу. Аднак часам высокая хуткасць рэформ можа выклікаць сур’ёзныя наступствы”, — упэўнена Наталля Любамірскіх.

Не выключана, што Вольга Васільева ўзніме тэму адмены АДЭ, лічыць Сяргей Камкоў. “Адмена можа быць не рэзкай і аднаразовай, а паступовай, паэтапнай. Вольга Васільева таксама ідзе да таго, каб усё ж такі прыбраць тэставую сістэму выніковай ацэнкі ведаў. Яна добрая як прамежкавая, але ў якасці выніковай формы АДЭ не падыходзіць”, — адзначыў спецыяліст. Ён нагадаў, што ацэнку ведаў пры дапамозе тэстаў увялі ў ЗША яшчэ ў канцы 60-х гадоў. “Гэта фактычна прывяло да поўнага крушэння ўсёй сістэмы адукацыі да канца 80-х гадоў. В.Васільева разумее безгрунтоўнасць гэтага падыходу, аднак адмяніць тэсты рэвалюцыйным шляхам пакуль складана. Шмат людзей пераканана, што гэта зручна — здаў выніковы экзамен за курс школы і адразу ж паступіў ва ўніверсітэт. Пераконваць давядзецца многіх. Міністр хоча зрабіць гэта акуратна”, — патлумачыў прэзідэнт Усерасійскага фонду адукацыі.

У сваю чаргу Валерый Пазынін, наадварот, лічыць, што адмена АДЭ не вырашыць праблемы. “Калі замест яго будзе нешта больш дасканалае — гэта адна гісторыя, а калі вернуць той экзамен, які быў 15 гадоў назад, то я, вядома, супраць”, — адзначыў ён.