Расія: у школах прайшоў “Дзень ІТ-ведаў”

- 11:40Паралелі

Што такое нейронавыя сеткі і як яны працуюць? Як ажыццяўляецца распазнаванне асоб і голасу? Навошта патрэбны чат-боты і супердадаткі? У пятніцу, 16 кастрычніка, больш як 4 тысячы расійскіх школ падключыліся анлайн да “Дня ІТ-ведаў”.

Акцыю правялі расійскія тэхналагічныя кампаніі пры падтрымцы Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі. Вядучыя “айцішнікі” расказвалі вучням 8—9 класаў, чаму і дзе трэба вучыцца, каб у будучыні стаць запатрабаваным спецыялістам у сферы ІТ, і наогул як туды трапіць.

“У 2020 годзе ўвесь свет апынуўся ў складанай сітуацыі, але нават у гэтых абставінах вельмі важна не перапыняць вучэбны працэс, — сказаў міністр асветы Сяргей Краўцоў. — Сёння тэхналогіі, у тым ліку сацыяльныя сеткі, дазваляюць нават дыстанцыйна атрымліваць дадатковыя веды, праводзіць для школьнікаў важныя і патрэбныя мерапрыемствы, у тым ліку прафарыентацыйныя. Мы падтрымліваем акцыю з самага пачатку і рады, што яна стала настолькі папулярнай у Расіі і іншых краінах”. Пра гэта паведамляе “Расійская газета”.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.