Расія: ва Уладзіміры харчаванне школьнікаў малодшых класаў павесілі на бацькоў

- 11:35Паралелі

Дырэктар Дэпартамента адукацыі Уладзімірскай вобласці Вольга Бяляева пракаменціравала адмену бясплатных снеданняў для вучняў малодшых класаў у сталіцы рэгіёна. Паводле яе слоў, забяспечыць харчаванне вучняў павінны іх бацькі, а ў органаў мясцовага самакіравання, Дэпартамента адукацыі і саміх школ няма такога абавязку. Запіс яе выступлення быў апублікаваны на YouTube. Сітуацыя з дзіцячым харчаваннем у Расіі стала тэмай артыкула ў “Газеце.ru”.

Дырэктар Дэпартамента адукацыі Ула­дзімірскай вобласці Вольга Бяляева заявіла, што менавіта бацькі, а не дзяржава, адказныя за арганізацыю харчавання дзяцей у школах.

Чыноўніца пракаменціравала адмену бясплатных снеданняў для часткі вучняў малодшых класаў у рэгіёне. Па словах В.Бяляевай, згодна з Законам “Аб адукацыі”, навучальныя ўстановы абавязаны толькі забяспечыць умовы для арганізацыі харчавання: даць кухоннае абсталяванне і месцы для гатавання ежы, а таксама стварыць умовы для яе прыёму.

“А вось забяспечыць само харчаванне, а гэта значыць падвоз, набыццё прадуктаў харчавання, іх выраб і г.д. — гэта пытанне баць­коў”, — сказала Вольга Бяляева.

На яе думку, у грамадзян склалася памылковае меркаванне, што гэта абавязак муніцыпалітэта або дзяржавы, дадала яна. “Паўтаруся: гэта не абавязак суб’екта”, — падкрэсліла чыноўніца.

Яна таксама адзначыла, што ў муніцыпальных утварэнняў з’явіліся новыя задачы, звязаныя, напрыклад, з захаваннем бяспекі школ, у сувязі з чым “даводзіцца выбіраць”.

“І ў сітуацыі датацыйнасці асобных муніцыпальных утварэнняў яны прымаюць такія непапулярныя рашэнні, хоць, вядома, хацелася б, каб дзяцей, асабліва з малазабяспечаных сем’яў, з цяжкіх сем’яў, усё ж такі падтрымлівалі”, — патлумачыла кіраўнік дэпартамента, дадаўшы, што федэральныя і мясцовыя ўлады працягваюць падтрымліваць асобныя катэгорыі сем’яў.

Між тым у федэральным Законе № 273-ФЗ “Аб адукацыі ў Расійскай Федэ­рацыі” (артыкул 37) сказана, што “арганізацыя харчавання навучэнцаў ускладаецца на арганiзацыi, якiя ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць за кошт бюджэту”.

Як паведамляе інфармагенцтва “Томикс ТВ”, да канца 2018 года ўсе вучні малодшых класаў ва Уладзіміры атрымлівалі бясплатныя снеданні. У бюджэце на 2019 год адміністрацыя горада больш не знайшла на гэтыя мэты грошай. Цяпер бясплатныя снеданні атрымліваюць навучэнцы пачатковай школы з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Для ўсіх астатніх харчаванне стала каштаваць 20 рублёў у дзень.

За апошні месяц сродкі масавай інфармацыі расказалі як мінімум пра два скандалы, звязаныя з няякасным школьным харчаваннем. У сакавіку пракуратура Свярдлоўскай вобласці пачала праверку паведамленняў пра тое, што ў сталовай адной са школ Каменска-Уральскага вучням налівалі кампот з чарвякамі. У подпісы да фатаграфіі ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” гаварылася, што такі кампот атрымалі вучні школы № 2.

Пракуратура разам са спецыялістамі Расспажыўнагляду правярае, як у сталовай навучальнай установы выконваюцца патрабаванні да захоўвання прадуктаў, вывучаюцца дакументы, якія павінны пацвярджаць іх якасць.

У лютым вучні сярэдняй школы ў пасёлку Юргамыш Курганскай вобласці знайшлі ў адной з талерак са школьным супам кавалак мяса з белымі атожылкамі, падобнымі на шчупальцы або лічынкі казуркі. Здымак апублікавалі ў групе “Інцыдэнт Курган” у той жа сетцы “Укантакце”. У сацсетках пісалі, што знаходка таксама падобная на шчакавіну — частку ротавай поласці каровы, якая звычайна ідзе на корм сабакам і не прызначана для ўжывання ў ежу чалавекам. Рэгіянальны СК пачаў праверку інфармацыі.

Кіраўнік Нацыянальнага бацькоўскага камітэта Ірына Валынец, каменціруючы сітуацыю з харчаваннем расійскіх вучняў, адзначыла, што корань зла ўсіх праблем, якія адбываюцца са школай, — гэта недахоп фінансавання.

“Да таго часу, пакуль нашы школы будуць недафінансаваны, мы будзем знаходзіць і чарвякоў, і вусеняў, і вожыкаў у ежы нашых дзяцей. А школы сёння недафінансаваны ў 2,5 разу, паводле падлікаў. Усё зараз ідзе па шляху эканоміі, якая называецца прыгожым словам “аптымізацыя”, па прынцыпе конкурсу. А конкурс — гэта кошт. Гэта зна­чыць пастаўшчык, які дае самую нізкую цану, у выніку ў конкурсе перамагае, астатняе практычна не мае значэння. Наша арганізацыя выступае за ўвя­дзенне адзінага федэральнага стандарту па прадастаўленні бясплатнага школьнага харчавання абсалютна ўсім катэгорыям сем’яў. Але пра гэта няма сэнсу гава­рыць, калі якасц­ь школьнага харчавання такая, як цяпер. Сёння палова бацькоў у краіне незадаволена якасцю дзіцячага харчавання”, — заявіла Ірына Валынец у эфіры Нацыянальнай службы навін.

Па яе словах, у той час, калі велізарныя сумы трацяцца на правядзенне патрыятычных фестываляў, у школах дзецям даюць няякасную ежу.

“Перад дзецьмі сорамна. Велізарныя грошы трацяцца на выхаванне патрыятызму ў нашай краіне, праводзяцца фестывалі розныя, на гэта ідуць мільярды рублёў, а ў гэты час дзяцей кормяць чарвякамі ў сценах роднай школы, дзяржаўнай установы, якой бацькі вымушаны сваіх дзяцей давяраць. У буйных гарадах ежу для школьнага харчавання гатуюць на вялікіх камбінатах, а потым яе ўжо гатовую альбо напалову згатаваную развозяць па школах. Зноў у мэтах эканоміі. І атрымліваем нясмачную ежу — згатавана ў адным месцы, разагрэта — у іншым, а ўсе ведаюць, што ежа, якая разагравалася, ужо не будзе карыснай”, — дадала яна.