Расія: важных змяненняў у АДЭ ў 2015/2016 навучальным годзе не будзе

- 13:03Паралелі

Прынцыповых змяненняў у арганізацыі Адзінага дзяржаўнага экзамену (АДЭ) у 2015/2016 навучальным годзе не будзе, заявіў кіраўнік Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі Сяргей Краўцоў.

Ён паведаміў, што ў 2016 годзе будзе выключана тэставая частка з заданняў АДЭ яшчэ па чатырох прадметах: гісторыі, грамадазнаўстве, геаграфіі і інфарматыцы. Раней тэставая частка была выключана з заданняў па матэматыцы, рускай мове і літаратуры: удзельнікі экзамену павінны самі ўпісаць адказ, а не выбраць яго з ліку прапанаваных.
Кіраўнік службы нагадаў, што з дэмаверсіяй кантрольных вымяральных матэрыялаў АДЭ 2016 года па ўсіх прадметах ужо можна азнаёміцца на сайце Федэральнага інстытута педагагічных вымярэнняў.
Таксама служба пратэсціравала ў 15 расійскіх суб’ектах новую тэхналогію, якая дазваляе паскорыць працэс апрацоўкі кантрольных вымяральных матэрыялаў АДЭ. З яе дапамогай адразу пасля завяршэння экзамену можна адсканіраваць экзаменацыйныя матэрыялы непасрэдна ў пункце яго правядзення і перадаць увесь масіў даных у рэгіянальны цэнтр апрацоўкі інфармацыі.
Па словах Сяргея Краўцова, гэта дазволіць знізіць выдаткі, звязаныя з транспарціроўкай папяровых экзаменацыйных матэрыялаў у цэнтры апрацоўкі, а таксама скараціць рызыкі супрацьпраўных дзеянняў і звесці да мінімуму чалавечы фактар пры перадачы гатовых адказаў.
У ведамстве ўдакладнілі, што з наступнага года новая тэхналогія будзе ўведзена толькі ў тых 15 рэгіёнах, дзе яна была апрабавана. Тым не менш іншыя суб’екты Расійскай Федэрацыі пры жаданні таксама змогуць яе выкарыстоўваць.
Нагадаем, што АДЭ з 2009 года з’яўляецца ў Расіі адначасова выпускным экзаменам у школе і ўступным у ВНУ і праводзіцца па 14 агульнаадукацыйных прадметах.