Расія: ВНУ краіны ўвайшлі ў лік самых прывабных для замежнікаў

- 15:00Паралелі

Па даных Інстытута статыстыкі ЮНЕСКА, Расія ўваходзіць у шасцёрку краін — лідараў па ўзроўні агульнасусветнай студэнцкай мабільнасці, адзначае “Расійская газета”. Амаль палова студэнтаў-замежнікаў выбірае для вучобы за мяжой ЗША (19%), Англію (8%), Аўстралію (7%), Германію, Расію і Францыю (па 5%).

Згодна з дзяржаўнай прыярытэтнай праграмай “Развіццё экспартнага патэнцыялу расійскай сістэмы адукацыі”, да 2025 года колькасць замежных студэнтаў-вочнікаў павінна вырасці да 710 тысяч чалавек, а аб’ёмы сродкаў, атрыманых ад экспарту расійскай адукацыі, плануецца давесці да 400 млрд рублёў.

У 2016/2017 навучальным годзе ва ўніверсітэтах Расіі праходзілі навучанне 313 тысяч замежных грамадзян. Росту колькасці замежных студэнтаў спрыяла, у прыватнасці, падпісанне пагадненняў аб узаемным прызнанні дыпломаў з шэрагам замежных краін. Так, напрыклад, з 2009 года Расія падпісала дамовы з Італіяй, Кубай, Венесуэлай, Перу, Македоніяй, ПАР, Сербіяй, Францыяй, Кіпрам, Мальтай і Венгрыяй.

Павышэнне прывабнасці і канкурэнтаздольнасці расійскай адукацыі на міжнародным рынку адукацыйных паслуг — адна з прыярытэтных задач урада Расійскай Федэрацыі. І шмат у чым яе вырашэнню спрыяе “Праект 5—100”, скіраваны на павышэнне якасці адукацыі і месца ў міжнародных рэйтынгах расійскіх ВНУ. Па словах намесніка дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра сацыялагічных даследаванняў Аляксандра Арэф’ева, па ўсіх універсітэтах — удзельніках “Праекта 5—100” усярэдненая доля замежных студэнтаў у 2017 годзе склала амаль 14%.

Аналітыкі цэнтра адзначаюць: даходы Расіі ад экспарту адукацыйных паслуг з 2005 года павялічыліся ў 6 разоў. Акрамя таго, назіраецца станоўчая дынаміка павелічэння долі замежных грамадзян, якія вучацца на дагаворнай аснове.

Дарэчы, самыя запатрабаваныя спецыяльнасці ў замежных студэнтаў-вочнікаў расійскіх ВНУ — інжынерна-тэхнічныя (22%) і медыцынскія (20%). У лідарах у студэнтаў завочных аддзяленняў — эканоміка і кіраванне (39%), юрыспрудэнцыя (10%), сацыяльна-гуманітарныя навукі (9%).