Расія: з кім кашу зварыш?

- 11:22Паралелі

COVID-19 у топе навін. Вучні сядзяць дома. Школьныя сталовыя стаяць пустыя. А што далей? Нагадаем: па даручэнні Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ўсе вучні малодшых класаў павінны атрымліваць здаровае, гарачае, а галоўнае — бясплатнае харчаванне. У тых рэгіёнах, дзе ўжо ёсць тэхнічная гатоўнасць, — з 1 верасня бягучага года. Дзе тэхнічна пакуль не гатовы, — адтэрміноўка да 1 верасня 2023 года. Агляд стану спраў па рэгіёнах краіны апублікавала “Расійская газета”.

Усяго ў Расіі крыху больш за 40 тысяч школ. Па даных Міністэрства асветы, у пачатковай школе сёння вучацца 6,8 мільёна хлопчыкаў і дзяўчынак. У верасні іх можа быць яшчэ больш: колькасць першакласнікаў расце апошнім часам аж на 100 тысяч у год. Ці ўсе рэгіёны паспеюць падрыхтавацца, каб карміць вучняў малодшых класаў, што называецца, “з патэльні”?

“Апошняе маштабнае перааснашчэнне школьных сталовых было ў 2008—2011 гадах. Таму ў многіх з іх патрабуецца замена абсталявання і капітальны рамонт. Да гэтага часу ў Расіі ёсць 465 школ, дзе харчаблокі трэба ствараць з нуля”, — расказаў “Расійскай газеце” прэзідэнт Інстытута галіновага харчавання Уладзімір Чарнігаў.

Раней 68 рэгіёнаў заявілі пра тое, што хочуць бясплатна карміць сваю пачатковую школу ўжо з верасня 2020 года. Але поўная гатоў­насць пакуль што далёка не ва ўсіх. Так, запусціць гарачыя абеды і снеданні ва ўсіх школах хоць заўтра могуць Масква,Чукотка, Яраслаўская, Амурская, Кемераўская вобласці і некаторыя іншыя… Пры гэтым ёсць рэгіёны, дзе ў асноўным усё гатова, аднак без харчаблокаў застаюцца некалькі аддаленых малакамплектных школ, разлічаных на 15—20 дзяцей. Такая сітуацыя, напрыклад, у Башкірыі.

“Арганізацыя харчавання — гэта зона адказнасці муніцыпалітэтаў, але запэўніваю: ніхто з дзяцей галодным не застанецца. Мы прапануем пастаўляць у такія школы не паўфабрыкаты, а ўжо гатовыя стравы ў спецыяльных тэрмасах. Прапрацоўваюцца і іншыя варыянты”, — гаворыць міністр адукацыі і навукі Башкірыі Айбулат Хажын.

Да ўвядзення дыстанцыйнага навучання гарачае харчаванне ў Башкірыі атрымлівалі амаль 95 працэнтаў школьнікаў. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў па краіне. З 1 верасня 2020 года плануецца карміць дзяцей у “пачаткоўцы” на 55 рублёў у дзень. Рэгіён разлічвае атрымаць на бясплатнае гарачае харчаванне вучняў пачатковых класаў больш за 720 млн рублёў з федэральнага бюджэту, а рэспубліканскі бюджэт зарэзерваваў 260 млн.

У Кастрамской вобласці з новага навучальнага года 30,5 тысячы вучняў пачатковых класаў таксама будуць харчавацца бясплатна.

“Бясплатнае гарачае харчаванне вучні пачатковых класаў пачнуць атрымліваць ужо з 1 верасня. Якаснае, збалансаванае, паўнавартаснае. Усе ўмовы ёсць, каб праект пачаў дзейнічаць”, — заявіў старшыня Кастрамской абласной думы Аляксей Анохін.

У Алтайскім краі сітуацыя не такая радасная. З аднаго боку, амаль усе школы — 1046 з 1086 — гатовы забяспечыць бясплатным харчаваннем малодшакласнікаў. З іншага — на замену буфетаў харчаблока ў пакінутых сарака “малакамплектах” спатрэбіцца яшчэ 11 млн рублёў. А ўсяго на рамонт і абнаўленне абсталявання ў школьных сталовых трэба прыкладна 700 млн.

Нагадаем: паводле звестак Міністэрства асветы, рэгіёнам у 2020 го­дзе будзе выдзелена больш за 20 млрд рублёў на забеспячэнне дзяцей у пачатковай школе бясплатным харчаваннем. Але гэтыя грошы прызначаны толькі на закупку харчовага набору. Сярэдні разлік — 60 рублёў за гарачую страву і напітак. А на інфраструктуру рэгіёны павінны знаходзіць сродкі самі. І далёка не ва ўсіх школах у прынцыпе можна арганізаваць харчаблок па сучасных санітарных нормах і правілах: ёсць будынкі старыя і зусім непрыстасаваныя.

З агульнай колькасці расійскіх школ у 465 харчаблокі трэба ства­раць з нуля.

Напрыклад, у вёсцы Уцміюрт Бабаюртаўскага раёна Дагестана быццам бы пабудавалі сучасную школу на 640 вучнёўскіх месцаў. Але, як выявіла праверка Агульнарасійскага народнага фронту, падрадчык выканаў работы нядбайна, і школа так і не была ўведзена ў эксплуатацыю. “Дзяцей перасталі карміць з-за таго, што будынак харчаблока проста разваліўся”, — гавораць абураныя бацькі.

Па словах дырэктара школы Мансура Магамедава, для таго каб уладкаваць новую сталовую, іншых памяшканняў няма. Як ён расказаў, адміністрацыя раёна прапанавала школе вырашыць пытанне самастойна, арганізаваўшы харчаблок… у спартзале! Цяпер чыноўнікамі адміністрацыі Бабаюртаўскага раёна займаецца пракуратура.


Каментарый спецыяліста

Барыс Якімаў, член Савета пры прэзідэнце па рускай мове, пісьменнік (г. Калач-на-Доне):

“Прэзідэнцкая праграма арганізацыі гарачага харчавання ў школах, вядома, будзе выканана. Ужо цяпер губернатары пачалі рапартаваць: “Хоць заўтра!”. Але калі з гарадскімі школамі праблем будзе менш, то ў школах сельскіх, тым больш малакамплектных, “хоць заўтра!” не атрымаецца. Трэба знаходзіць і рамантаваць памяшканні для прыёму ежы, закупляць і ўсталёўваць абсталяванне, дзесьці цалкам мяняць харчаблокі.

Многія школы сёл і райцэнтраў Расіі былі пабудаваны ў 50-я і 70-я гады мінулага стагоддзя. Капітальнага рамонту яны не ведалі. Абы нешта падмазаць ды падфарбаваць на капейкавыя бюджэтныя грошы ды на бацькоўскія і, часам, настаўніцкія. Патрэбна перспектыўная, дзяржаўная праграма па аднаўленні сельскіх школ. Пра гэта, сярод іншых пытанняў, гаварылася і было падтрымана прэзідэнтам на пася­джэнні Савета па рускай мове”.