Разам зробім больш

- 13:22Сацыяльны ракурс

Першае, што бачыш у корпусе Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які знаходзіцца ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, — стэнд з фотаздымкамі “Наша гордасць”. Ёсць тут выпускнікі розных гадоў, сярод іх і два выпускнікі 2015 года. А побач — падзячны ліст Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва, дзе атрымліваюць прафесію швачкі ці абутніка многія з былых выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната.

Пра тое, як вучыць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, як лепш рыхтаваць іх да самастойнага жыцця ў грамадстве, ішла размова на рэспубліканскім міжведамасным семінары “Аб стварэнні ў дамах-інтэрнатах для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адукацыйнага асяроддзя для атрымання выхаванцамі спецыяльнай адукацыі”. У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага інстытута адукацыі, дырэктары і намеснікі дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў, дырэктары цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.Пачаўся семінар азнаямленнем з умовамі пражывання, атрымання адукацыі і медыцынскага забеспячэння ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце. Тут функцыянуюць 9 спецыяльных класаў, 2 спецыяльныя дашкольныя групы, створана адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе, ёсць сенсорны пакой, пакой эргатэрапіі, кабінеты працатэрапіі, басейн, зала лячэбнай фізкультуры, трэнажорная зала. А яшчэ дырэктар Генадзь Генрыхавіч Паўлюкевіч паказаў гасцям добраўпарадкаваную тэрыторыю са спартыўнымі пляцоўкамі і пляцоўкамі для гульняў, цяпліцы і ўчасткі для вырошчвання агародніны, якія даюць каля 80 млн рублёў прыбытку і дзе выхаванцы атрымліваюць працоўныя навыкі.
Гасцей хлебам-соллю і песнямі віталі выхаванцы і супрацоўнікі дома-інтэрната. Салістам выступаў выпускнік Васіль Мінчонак, які атрымаў прафесію аператара ЭВМ і ўжо самастойна жыве, але часта наведвае родную ўстанову. Дзеці паказалі вучэбныя кабінеты, гульнявыя памяшканні, пакоі для заняткаў рукадзеллем, бібліятэку, пачаставалі пячэннем, якое самі прыгатавалі.
Адкрываючы семінар, начальнік упраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і капітальнага будаўніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыя Аляксандраўна Гарбацэвіч адзначыла актуальнасць сумеснага абмеркавання важнай сацыяльнай праблемы.
— Кожнае дзіця мае права на адукацыю, — падкрэсліла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніна Міхайлаўна Змушко. — У краіне існуе 10 спецыяльных устаноў, дзе выхоўваюцца 780 дзяцей-інвалідаў. Актуальнымі задачамі сёння з’яўляюцца стварэнне адпаведнага адукацыйнага асяроддзя, метадычная работа па навучанні такіх дзяцей.
У сваім выступленні на семінары А.М.Змушко расказала пра сістэму спецыяльнай адукацыі, якая існуе ў Беларусі, і пра вялікую метадычную работу па суправаджэнні адукацыйнага працэсу. Больш як 60 працэнтаў дзяцей з асаблівасцямі развіцця атрымліваюць звычайную адукацыю і карэкцыйна-педагагічную дапамогу. Кожны год рыхтуецца каля 70 вучэбных дапаможнікаў для сістэмы спецадукацыі, напрыклад, па выкладанні замежнай мовы для дзяцей з асаблівасцямі слыху, беларускай мовы — для дзяцей з парушэннямі слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення. Загадчык лабараторыі спецыяльнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Ілона Уладзіміраўна Кавалец засяродзіла ўвагу на сучасных метадах спецыяльнай адукацыі дзяцей з цяжкімі і множнымі фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі, рэкамендацыях, якія распрацаваны інстытутам, па навучанні такіх дзяцей.
Цікавы вопыт работы прадставілі дырэктар Рэчыцкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў, якія маюць фізічныя парушэнні, Віктар Фёдаравіч Рудэнка і дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Нясвіжскага раёна Ірына Іванаўна Душэйка. Ірына Іванаўна зазначыла, што адукацыйнае асяроддзе падтрымлівае і стымулюе працэс сацыялізацыі, фарміравання жыццёва важных навыкаў адаптыўнасці. Для такіх дзяцей трэба ствараць індывідуалізаванае адаптыўнае асяроддзе.
Пра тое, як рэалізуецца працэс навучання і адаптацыі дзяцей-інвалідаў, расказала дырэктар Галавічпольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Жанна Адамаўна Пашук. Менавіта настаўнікі гэтай навучальнай установы вядуць заняткі з 61 выхаванцам Васілішкаўскага дома-інтэрната. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 11 настаўнікаў школы і 12 выхавальнікаў дома-інтэрната. 21 педагагічны работнік мае дэфекталагічную адукацыю.
— Уся наша дзейнасць будуецца на аснове дыягностыкі. Высвятляем, што ведае, што ўмее дзіця, які ў яго патэнцыял, зона найбліжэйшага развіцця, — расказала Жанна Адамаўна. — Для дзетак у нас арганізаваны гурткі “Цудоўны чаравічак”, “Ззянне зорак”, “Умелыя рукі”. Таксама нашы дзеці з’яўляюцца членамі піянерскай арганізацыі і БРСМ. Вялікую ўвагу ўдзяляем уключэнню дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўзаемадзеянне з іх здаровымі аднагодкамі, з іншымі людзьмі. Кожнае дзіця мае часовае або пастаяннае даручэнне: хто кветкавод, хто бібліятэкар, хто адказвае за чысціню ў класе, хто за парадак на тэрыторыі. Яны дапамагаюць у кухні, сталовай, пральні. Гэта спрыяе выбару далейшага профілю працаўладкавання.Важнай умовай сацыялізацыі дзяцей-інвалідаў з’яўляецца і стаўленне да іх іншых людзей. Вялікую ўвагу ўдзяляюць у Галавічпольскай школе валанцёрскай рабоце. Тут рэалізаваны праект “Разам мы можам больш”, аўтар якога — выпускніца школы Настасся Гойла, а кіраўнік — педагог-дэфектолаг Таццяна Яўгенаўна Барыш. Гэты праект на завочным конкурсе “Псіхолага-педагагічная падтрымка дзіцяці ў ХХІ стагоддзі” заняў першае месца.
Удзельнікі семінара адзначылі, што найважнейшай тэндэнцыяй развіцця спецыяльнай адукацыі з’яўляецца забеспячэнне даступнасці яе для ўсіх дзяцей. Асноўнымі ўмовамі, якія будуць садзейнічаць фарміраванню жыццёва важных уменняў навучэнцаў і паляпшэнню якасці іх жыцця, з’яўляюцца планаванне работы ў адпаведнасці з індывідуальнымі і ўзроставымі асаблівасцямі, мэтанакіраванасць і сістэмнасць практычнай дзейнасці, арганізацыя адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, узаемадзеянне настаўнікаў-дэфектолагаў, выхавальнікаў, медыцынскіх работнікаў і пастаяннае павышэнне іх кваліфікацыі. Міністэрству адукацыі і Міністэрству працы і сацыяльнай абароны працаваць у гэтых кірунках і ў далейшым трэба разам.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.