Сапраўднага настаўніка ствараюць таленавітыя вучні

- 10:01Людзі адукацыі

Маёй гераіні, Ірыне Пятроўне Бернат, настаўніцы гісторыі гімназіі № 36 Мінска, у жыцці пашанцавала — і з таленавітымі вучнямі, якія яе вельмі любяць, і з сям’ёй, якая ва ўсім яе падтрымлівае, і з сябрамі-калегамі, якія цэняць і паважаюць яе не толькі як прафесіянала, але і як добрага, шчырага чалавека. Напрыканцы 2015 года Ірына Пятроўна атрымала яшчэ адно заслужанае прызнанне — перамогу на гарадскім конкурсе метадычных распрацовак настаўнікаў гісторыі “Шчаслівы білецік”, які праводзіў МГІРА, а таксама прэмію Мінгарвыканкама за вопыт выкарыстання даследчага навучання ў рабоце з вучнямі.

“Сапраўднага настаўніка ствараюць вучні, іх дасягненні, якімі ён можа ганарыцца. А праявіць настаўніку свой талент дапамагаюць яго родныя і блізкія, а таксама калегі, якія разумеюць і гатовы прыйсці на дапамогу і даць параду. Праз жыццё побач са мной былі педагогі, і многія з іх, як ні дзіўна, з’яўляліся гісторыкамі па адукацыі, — разважае Ірына Пятроўна. — Мая стрыечная бабуля — паважаны ў вёсцы педагог, усе звалі яе “дырэктарка”. У палове доме, дзе яна жыла, размяшчалася школа. Муж мой — гісторык па спецыяльнасці. Сярод нашых з ім сваякоў таксама ёсць педагогі-гісторыкі”. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ — а было гэта ў 1992 годзе — Ірына Пятроўна Бернат па размеркаванні паехала ў Мядзельскі раён. На работу ездзіла ва Узлянскую няпоўную сярэднюю школу за 20 кіламетраў ад дома. Іншы раз дабіралася на “папутках”. Зараз дзівіцца, наколькі адчайнай і смелай была ў тыя часы. Вопыт работы ў сельскай школе ацэньвае як каласальны набытак, які немагчыма атрымаць нідзе. Менавіта там яна адчула сябе настаўнікам, зразумела, што такое індывідуальны падыход да кожнага вучня, чаго каштуе напружаная работа на працягу ўсіх 45 хвілін урока. Пасля былі гады настаўніцтва ў сярэдняй школе ў пасёлку Нарач, а затым — Мінск. Напрацаваны вопыт работы і любоў да дзяцей дапамаглі, і ў сталіцы Ірына Пятроўна не разгубілася.
“Вялікі плюс настаўніцкай прафесіі ў тым, што яна не дае спыняцца, задаволіцца тым, што маеш, увесь час рухаешся наперад, развіваешся, каб не адстаць ад вучняў, — гаворыць Ірына Пятроўна. — Працаваць з дзецьмі вельмі няпроста. Калі заходзіш у клас, за дзвярыма трэба пакінуць усе свае асабістыя праблемы і перажыванні і настроіцца на ўрок. Тады ўвага вучняў будзе твая і работа пойдзе. Калі ж на твары ў настаўніка староннія эмоцыі, будуць праблемы, і перш за ўсё з дысцыплінай. Кожны жэст, кожнае слова педагога павінны быць прадуманымі, невыпадковымі. У свой час мне аб гэтым гаварылі мае настаўнікі. Гаварылі і аб тым, што сучаснаму педагогу неабходна размаўляць з дзецьмі на іх мове, быць у курсе іх спраў”.
Найбольш эфектыўнай і ўніверсальнай методыкай, якая дае магчымасць праявіць здольнасці асобнаму вучню і ў той жа час аб’ядноўвае ўвесь клас у вырашэнні агульных пытанняў, на думку Ірыны Пятроўны, з’яўляецца методыка даследчага навучання. Яе элементы настаўніца выкарыстоўвае на ўроках і факультатыўных занятках па гісторыі і грамадазнаўстве. Яна ходзіць з дзецьмі ў паходы і на экскурсіі, як у рэальныя, так і ў віртуальныя інтэрнэт-падарожжы па свеце.
Гісторыя як навука патрабуе лагічнага асэнсавання падзей. Важна не машынальна запамінаць факты, пра іх можна даведацца з энцыклапедый, трэба навучыцца ўстанаўліваць узаемасувязі паміж імі, дашуквацца прычын і вынікаў, ацэньваць інфармацыю ў пэўным кантэксце. “Магу напісаць на дошцы пэўнае гістарычнае паняцце ці тэрмін, а вучні на працягу некалькіх хвілін расказваюць пра яго, — адзначае Ірына Пятроўна. — Яны праяўляюць свае здольнасці і пры напісанні эсэ па тэмах гісторыі і грамадазнаўства, дзе выказваюць самастойны аргументаваны пункт гледжання. Іншы раз я прапаноўваю ім складаць табліцы (сінхраністычныя і храналагічныя), працаваць з контурнымі картамі (складаць “карты-легенды”), запаўняць ментальныя карты або інтэлект-карты. У аснове работы з такімі картамі ляжыць нейкая праблема, важная падзея, асоба. Вучні на камп’ютары або ад рукі ствараюць схемы-малюнкі, заносяць на карты інфармацыю, якую ведаюць па гэтай тэме, па прынцыпе ад большага да меншага з паглыбленнем у праблему. У выніку атрымліваецца дрэва са шматлікімі адгалінаваннямі”.
Ірына Пятроўна ўзначальвае навуковае таварыства гімназіі. Настаўніца не толькі дапамагае дзецям у падрыхтоўцы даследаванняў, але і падказвае калегам найлепшыя спосабы правядзення з вучнямі такіх творчых распрацовак, расказвае аб правілах іх афармлення. Яна як добры менеджар улоўлівае любую магчымасць, каб вылучыць работы вучняў установы на той ці іншы конкурс або канферэнцыю, падбірае для кожнага з іх тыя спаборніцтвы, на якіх навучэнец зможа раскрыць свае здольнасці найлепшым чынам. І вынікі не прымушаюць сябе чакаць. Яе падапечныя з поспехам выступаюць на гімназічных чытаннях, удзельнічаюць у гульнях клуба “Што? Дзе? Калі?”, перамагаюць на гарадскіх, рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях і на алімпіядах па гісторыі і грамадазнаўстве. І не толькі па гэтых прадметах. Вучні Ірыны Пятроўны атрымліваюць узнагароды на алімпіядах па фінансавай дасведчанасці і па філасофіі, якія арганізоўвае БДУ. Яе выпускнікі рэалізоўваюць сябе ў самых розных сферах.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.