Сацыяльная рэабілітацыя праз гульні

- 14:57Сацыяльны ракурс

Адзін з метадаў сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі фізічнымі парушэннямі — арганізацыя цікавага адпачынку, паўнацэнны ўдзел у культурна-грамадскай дзейнасці, у тым ліку разам з бацькамі.

Дасканала прадумваю ўсе выхаваўчыя мерапрыемствы, падбіраю найбольш эфектыўныя формы іх правядзення. Аддаю перавагу гульням, праз якія дзеці знаёмяцца з соцыумам, прафесіямі, спрабуюць сябе ў розных сацыяльных ролях.

Ствараю гульнявыя сітуацыі як на ўроках, так і падчас выхаваўчых мерапрыемстваў. Гульні дазваляюць вырашыць не толькі адукацыйныя, але і карэкцыйныя задачы. Актыўна звяртаюся да гульняў і практыкаванняў, накіраваных на падтрыманне камфортнага эмацыянальнага самаадчування вучняў (“Завадзілачка”, “Рознакаляровыя стужкі”, “Рознакаляровая вада”, “Сюрпрыз”), сумесных гульняў па рэалізацыі агульнай задумы (“Пошукі палавінкі”), парных гульняў (“Мурашы”), гульняў па фарміраванні сацыяльна значных уменняў (“Памочнікі”, “Сушкі на вяровачцы”, “Дастань вады з калодзежа”), развіцці рухальных здольнасцей (“Боўтанка”, “Карусель”), развіцці рухаў рук і пальцаў (“Самы моцны”), удасканаленні каардынацыі рухаў (“Канатаходцы”) і інш. Падчас іх правядзення дзеці засвойваюць сацыяльныя нормы і культурныя каштоўнасці грамадства, узоры паводзін, набываюць сацыяльныя якасці і навыкі практычнай дзейнасці ў пэўнай ролі.

Для арганізацыі актыўнага адпачынку асаблівых дзяцей я распрацавала гульнявую праграму “Вясёлая карусель”, якая пашырае іх уяўленні пра навакольны свет, дапамагае на­быць карысныя веды і ўменні, развівае патрэбу ў зносінах пры выкананні гульнявых заданняў, змякчае афектыўныя рэакцыі, вучыць узаема­дзейнічаць з іншымі дзецьмі і дарослымі.

Праграма пачынаецца з прывітання: “Прывітанне, дзеці! Скажам дружна: “Прывітанне!” Дружна ў далоні запляскаем! Дружна нагамі затупаем. Адно аднаму ўсміхнёмся і гучна засмяёмся! Тое, што вы ўсміхаецеся, гэта здорава! Значыць, ва ўсіх добры настрой! А каб ён стаў выдатным, прапаную паўдзельнічаць у гульнявой праграме “Вясёлая карусель”. Затым гучыць мелодыя з аднайменнага мультфільма. Прапаную дзецям пракаціцца на каруселі па станцыях.

На станцыі “Гулялачка” выхаванцаў чакаюць розныя гульні. Першая з іх — “Завадзілачка”. Звяртаюся да дзяцей: “Мы веселиться, играть собрались? (Да.) // Если надо — будем хлопать (пляскаюць у далоні), // Если надо — будем топать (тупа­юць), // Если надо — запоем (ля-ля-ля), // Если надо — в пляс пойдем (танцуюць), // Если надо — закричим (крычаць), // Если надо — замолчим (жэст “ціха”)”.

Далей прапаную дзецям гульні “Хованкі з хусткай”, “Мурашы” (будуюць домік з кубікаў пад музыку), “Пошукі палавінкі” (складваюць разразную карцінку), “Боўтанка” (паўтараюць рухі пад музыку).

Зноў гучыць мелодыя з мультфільма. Наступная станцыя — “Памочнікі”. Там дзеці ўдзельнічаюць у гульнях “Дастань вады з калодзежа” (дастаюць вядзерца з калодзежа, намотваючы нітку на палачку), “Сушкі на вяровачцы” (пад музыку надзяваюць на вяроўку папяровыя сушкі), “Памочнікі” (знаходзяць пару шкарпэткам і рукавічкам).

Зноў гучыць мелодыя з мультфільма. Едзем далей. Спыняемся на станцыі “Спартыўная”, дзе дзяцей чакаюць гульні “Самы моцны” (сціскаюць газету ў кулак) і “Канатаходцы” (праходзяць па “канаце”).

Гучыць мелодыя з мультфільма — падарожжа працягваецца. Наступная станцыя — “Фокус-покус”. Першы фокус — “Рознакаляровыя стужкі” (праз проразі ў накрыўцы дастаюць з бляшанкі рознакаляровыя стужкі), другі — “Чароўныя кветкі” (прымацоўваюць да кветак магніты адпаведнага колеру), трэці — “Рознакаляровая вада” (закручваюць накрыўкі пластыкавых бутэлек з вадой; пры ўстрэсванні вада афарбоўваецца ў колер, што быў папярэдне нанесены гуашшу на ўнутраны бок накрыўкі), чацвёрты — “Сюрпрыз” (адкрываюць бляшанку і дастаюць цукеркі).

Наталля ДЫЛЕЎСКАЯ,
настаўніца спецыяльнага класа Ляхавіцкага раённага ЦКРНіР.