Сэрцам адданая дзецям

- 12:27Людзі адукацыі

Для выхавальніка ясляў-сада № 7 Круглага Алены Мікалаеўны Чудаковай педагогіка, выхаванне дзяцей — гэта не проста любімая праца, а стан душы. Для яе выбраная калісьці прафесія стала сапраўдным жыццёвым прызначэннем. Больш за тое, ужо з першых дзён у дзіцячым садзе яна зразумела, што работа выхавальніка і ёсць тое, пра што яна заўсёды марыла.

— Чаму я выбрала менавіта гэтую прафесію? Напэўна, таму, што так павінна было быць, бо нічога ў жыцці не бывае выпадкова. Было ў мяне запаветнае жаданне з самага дзяцінства — працаваць з дзецьмі. Я выразна разумела: мая будучая прафесія — педагог. Усю сваю любоў, душэўную цеплыню і ласку я аддаю маім выхаванцам, — расказала А.М.Чудакова.

Дарэчы, сваю мару і працоўнае прызванне гэты выхавальнік на працягу ўжо чатырнаццаці гадоў рэалізоўвае непасрэдна ў круглянскім яслях-садзе № 7. Алена Мікалаеўна працаўладкавалася сюды ў 2005 годзе — адразу пасля заканчэння МДУ імя А.А.Куляшова. З таго часу яе працоўная біяграфія непарыўна звязана з гэтай дашкольнай установай. За час работы яна падрыхтавала да школы не адну групу выхаванцаў, а таксама зарэкамендавала сябе як творчы, дасведчаны, ініцыятыўны педагог.

— Самае галоўнае ў нашай прафесіі — любіць дзяцей, любіць іх бязмежна, любіць проста так. Алена Мікалаеўна ставіцца да выхаванцаў менавіта так. Для яе работа сапраўды ў радасць, у задавальненне. Яна сэрцам адданая дзецям. Гэта цудоўны спецыяліст, ініцыятар укаранення ў выхаваўчы працэс перадавога адукацыйнага вопыту, — такі водгук дае сваёй падапечнай загадчыца ясляў-сада Г.М.Ганчарова.

У выдатнай характарыстыцы кіраўніцтва няма перабольшання. Алена Мікалаеўна — прафесіянал у сваёй справе. Прычым прафесіянал чулы і бязмежна ўважлівы да кожнага выхаванца.

— Маю педагагічную філасофію вызначае выхаванец, дзіця, у асобе якога я павінна знайсці, развіць і захаваць тыя зярняткі душэўнага таленту, якія бясспрэчна там рассыпаны. І няхай не ўсе выпускнікі пасля дасягнуць вучэбных вышынь, затое, я думаю, усе яны будуць помніць нашу садружнасць і сутворчасць, — адзначыла А.М.Чудакова.

На яе думку, у рабоце выхавальніка асоба дзіцяці заўсёды павінна быць у цэнтры ўвагі. Толькі так атрымаецца арганізаваць якаснае навучанне. Але ж не трэба забываць і пра метадычныя складнікі выхаваўчага працэсу, якія ствараюць умовы для развіцця задаткаў, здольнасцей, асобасных і маральных якасцей выхаванцаў.

Алена Мікалаеўна працуе ў спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, таму заў­сёды знаходзіцца ў прафесійным развіцці. Для яе вельмі важна дасягнуць паляпшэння здароўя кожнага свайго выхаванца. А гэта немагчыма без выкарыстання ў рабоце сучасных педагагічных тэхналогій.

— Зыходзячы са спецыфікі работы ў спецыяльнай групе, я актыўна выкарыстоўваю падчас заняткаў з дзецьмі тэхналогію рашэння інтэлектуальных задач, тэхналогіі праблемнага, дыферэнцыраванага, праектнага навучання, кейс-тэхналогію. А ўвогуле, імкнуся гарманічна спалучаць традыцыйныя і інавацыйныя методыкі навучання, бо яны ўзаемадапаўняюць адна адну, — падкрэсліла А.М.Чудакова. 

Прызначэнне выхавальніка — даць кожнаму малышу максімум клопату і любові. Алена Мікалаеўна інакш і не можа. Уся яе дзей­насць прысвечана разуменню патрэб і інтарэсаў дзяцей. Яна імкнецца, каб кожны дзень, праведзены дзецьмі ў дзіцячым садзе, стаў для іх радаснай падзеяй. Таму розныя віды дзейнасці стараецца арганізаваць цікава, займальна і змястоўна. Акрамя таго, на занятках Алена Мікалаеўна забяспечвае індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, заахвочваючы ініцыятыву і твор­часць выхаванцаў. Яна стараецца зрабіць так, каб радасць ад гульнявой дзейнасці перайшла ў радасць навучання.

Асаблівую ўвагу А.М.Чудакова ўдзяляе патрыятычнаму выхаванню дзяцей. Рознымі спосабамі яна прывівае малышам любоў да блізкіх людзей, да дзіцячага садка, да роднага горада. На яе думку, фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму адыгрывае велізарную ролю ў агульным станаўленні асобы дзіцяці.

— Фарміраванню патрыятычных пачуццяў у маіх выхаванцаў вельмі паспрыяў наш удзел у рэспубліканскім праекце “Укараненне мадэлі фарміравання грама­дзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”. Падчас яго рэалізацыі мы разам з дзецьмі распрацавалі старонкі “Кнігі пра маіх землякоў”, выдання “Сімвал майго горада”. Сумеснымі намаганнямі педагогаў, дзетак і баць­коў у нашай групе быў аформлены цэнтр краязнаўства. У гэтым куточку ў даступнай для выхаванцаў форме размешчаны матэрыялы пра Круглае, наш раён, які ўключае як звесткі пра гістарычнае мінулае, так і інфармацыю пра яго сучаснае аблічча. Матэрыялы прадстаўлены дыдактычнымі гульнямі, фатаграфіямі, альбомамі, спецыяльнай літаратурай. Важна, што яны пастаянна папаўняюцца. Гаспадыняй цэнтра стала зробленая сваімі рукамі хусткавая лялька Ярынка, — расказала А.М.Чудакова.

Жаданне пастаянна развівацца, ніколі не спыняцца на дасягнутым, наяўнасць творчага падыходу да справы — характэрныя прафесійныя рысы Алены Мікалаеўны. Такі падыход дазволіў ёй за гады працы назапасіць эфектыўны педагагічны вопыт, якім яна ахвотна дзеліцца з калегамі на метадычных мерапрыемствах рознага ўзроўню. Гэты вопыт дазволіў ёй таксама ўдастоіцца звання “лепшы па прафесіі”, шматлікіх узнагарод ад мясцовых улад. Тое, што яе плённая праца не застаецца незаўважанай, для Алены Мікалаеўны значна. Але сваім галоўным дасягненнем яна лічыць не ўласныя, а дзіцячыя поспехі. А яшчэ для яе асабліва важна, каб знаходжанне ў дзіцячым са­дзе было ў радасць малышам. Што­дзённыя шчаслівыя ўсмешкі выхаванцаў — яе лепшая ўзнагарода.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.