Шчасце — калі цябе разумеюць

- 11:32Людзі адукацыі

Гарэзлівасць і няўседлівасць развітваюцца з дзецьмі, як толькі пачынаецца ўрок. Вопытная рука настаўніка адчуваецца адразу: узаемадзеянне адбываецца зладжана, як работа гадзінніка. Дыялог — як гутарка добрых прыяцеляў, праўда, я яшчэ не ведаю, што 10 клас працуе з педагогам менш за месяц. Так невялікі клас сталічнай гімназіі № 24 пераносіць мяне на астравок Англіі ў Мінску, дзе вучняў штодзень сустракае настаўніца Галіна Фёдараўна Табакова.

Здаецца, што яна ўсё жыццё была звязана з настаўніцкай прафесіяй. Сведчанне гэтага — не толькі саракагадовы стаж. Вазьміце хоць бы імя: Галіну Табакову назвалі ў гонар настаўніцы старэйшага брата. Хлопец настолькі любіў свайго педагога, што даць дзяўчынцы іншае імя ў сям’і не ўяўлялася магчымым. Калі малая пайшла ў першы клас (а ўсе сяброўкі былі на год маладзейшыя), то, вяртаючыся пасля заняткаў, пераказвала ім усё, што даведвалася за дзень.

Сваіх любімых педагогаў, у прыватнасці, настаўніц фізікі і англійскай мовы, Галіна Табакова характарызуе словамі “таленавітыя”, “цікавыя”, “добразычлівыя”. Спецыяліст расказвае, што яе настаўнікі, ставіліся да сваіх вучняў асабліва: дапамагалі не толькі па прадмеце, але і парадамі, нярэдка заставаліся з падлеткамі пасля заняткаў і, як аказалася пасля, станавіліся прыкладамі ў прафесіі.

Трэба сказаць, што ў выбары будучай спецыяльнасці Галіна Фёдараўна праявіла настойлівасць і ўпартасць. Нягледзячы на тое, што бацькі бачылі будучыню дзяўчыны ў інжынерыі, яна аднесла дакументы ў Мінскі інстытут замежных моў (сёння — Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт). Так, з 1975 года дзяўчына не сыходзіла з педагагічнай сцяжынкі. Бачачы такую адданасць, бацькі змірыліся з яе выбарам. Тата Галіны Фёдараўны быў рады, што нават у пераломныя для краіны моманты дачка займалася любімай справай.

Галіна Табакова прызнаецца, што ўспаміны пра ўніверсітэт у асноўным звязаны з адным кабінетам — лінгафонным, куды ўсе імкнуліся, каб чуць англійскую гаворку (паколькі падручнікаў было няшмат, ухіл рабіўся на вывучэнне вуснага маўлення носьбітаў мовы). Яшчэ адзін важны момант для спецыяліста за гады вучобы — практыка пасля 4 курса. Галіна Фёдараўна расказвае, што трапіла да таленавітага педагога, пад кіраўніцтвам якога працавала і пасля. Настаўніца прызнаецца, што дапамога старэйшых калег становіцца неабходнай і карыснай толькі ў тым выпадку, калі малады спецыяліст адчувае ў гэтым неабходнасць. Галіне Фёдараўне такі ўдзел у яе прафесійным станаўленні быў патрэбны.

“Калі ты малады спецыяліст, а табе даюць 36 гадзін англійскай мовы на тыдзень і класнае кіраўніцтва, уліцца ў такі рэжым працы адразу няпроста. Прысутнасць настаўніка вельмі важная, калі хочаш асвоіць спе­цыяльнасць”.

Педагог прызнаецца, што з узаемадзеяннем з вучнямі ў яе ніколі не ўзнікала праблем. Галіна Фёдараўна гаворыць, што сакрэту ў гэтым няма: яна проста любіць сваю работу і ёй падабаецца шукаць падыход да дзяцей. Гэта не дзіўна, бо на яе занятках не сустрэнеш аднолькавых планаў, педагог імкнецца адчуваць кожны клас.

Г.Ф.Табакова пераканана: каб дзеці цягнуліся да настаўніка, яму трэба добра ведаць свой прадмет. Па словах спецыяліста, цяжка паверыць настаўнікам, якія гавораць, што абажаюць сваіх вучняў. Больш даверу да тых, хто гаворыць, што паважае дзяцей, пры гэтым слухае і чуе іх”.

Прашу Галіну Фёдараўну назваць якасці, якімі, на яе думку, павінен валодаць настаўнік. Педагог дастае стос вучнёўскіх сшыткаў: “Можна на гэтае пытанне адкажуць дзеці?” Гартае старонкі і зачытвае: “Настаўнік — гэта пунктуальны, настойлівы, талерантны і патрабавальны”. Згодна. Адна дзяўчынка напісала, што педагог “павінен падстройвацца пад інтарэсы вучняў”. Дзеці ўспрынялі гэты пункт неадназначна, але я ў нейкай ступені падзяляю яе думкі. Па­трабавальнасць стаіць на першым месцы ў рабоце з вучнямі. Але пры зносінах з імі трэба ў першую чаргу бачыць перад сабой асобу.

Бывае, нехта з дзяцей, можа спытаць мяне: “Чаму вы мяне так не любіце (маўляў, занадта высокія патрабаванні)?” Паглядзіш у вочы і навядзеш на роздум: можа, таму, што хачу цябе навучыць? Дзеці разу­меюць гэта і пасля падтрымліваюць зносіны са мной і пасля выпуску. “Настаўнік не павінен быць шэрай мышшу, а павінен ведаць сабе цану” — стараюся не быць, — каменціруе Галіна Фёдараўна і працягвае зачытваць: — “Чалавеку, які не ўмее ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, няма месца ў школе”. Што яшчэ сказаць?”

Галіна Фёдараўна лічыць, што добры настаўнік, як і любы іншы спецыяліст, павінен быць сонцам, каб ад яго было хораша людзям. А самая лепшая ацэнка яе дзейнасці — добрыя адносіны вучняў, з якімі педагог працавала.

 “Неяк з адзінаццацікласнікамі праходзілі тэму “Шчаслівая сям’я”, — расказвае Галіна Табакова. — Яны спыталі ў мяне:  “А што шчасце для вас?” А я магу адказаць на яго толькі словамі з фільма “Дажывём да панядзелка”: “Шчасце — гэта калі цябе разумеюць”.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.