Школа для ўсіх — школа для кожнага

- 12:17Якасць адукацыі

Сярэдняя школа № 30 Мінска ў канцы гэтага навучальнага года была прызнана лепшай школай сталіцы. Сваю місію калектыў навучальнай установы бачаць у тым, каб зрабіць яе сучаснай, канкурэнтаздольнай і прывабнай для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, таму сваім дэвізам выбраў словы: “Школа для ўсіх — школа для кожнага”. Перамога ў гарадскім конкурсе на лепшую агульнаадукацыйную ўстанову адукацыі паказала, што місія выканана, а дэвіз поўнасцю адпавядае рэальнасці. Сёння прынцыпамі дзейнасці сваёй школы з намі дзеліцца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ларыса Аляксееўна Калюжная.

Карпаратыўны імідж прывабны

— Арганізацыя і кіраванне карпаратыўным іміджам сродкамі карпаратыўных камунікацый прынцыпова новы падыход у развіцці адкрытай адукацыйнай прасторы нашай школы. Ён дазволіў сфарміраваць станоўчы карпаратыўны імідж установы, добрую рэпутацыю, яркую індывідуальнасць. Сёння школа запатрабавана законнымі прадстаўнікамі вучняў, педагагічнай грамадскасцю і партнёрамі па навукова-адукацыйнай дзейнасці, яна надзейная для апрабацыі і ўкаранення інавацыйных тэхналогій, прывабная для ўкладання розных інвестыцый і забяспечвае тым самым устойлівае развіццё адукацыйнай прасторы.
Усё гэта паспрыяла таму, што на базе ўстановы адкрыты і паспяхова функцыянуюць рэсурсныя цэнтры прыродазнаўча-матэматычнай накіраванасці (па вучэбных прадметах “Геаграфія”, “Інфарматыка”, “Абслуговая праца”, “Фізіка” і “Астраномія”), раённы рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій, рэсурсны цэнтр па кіраўнічай дзейнасці.

Для інавацый адкрыты

— Згодна з Нацыянальнай праграмай паскоранага развіцця паслуг у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на 2011—2015 гады “Электроннае навучанне і развіццё чалавечага капіталу”, наша школа прымала і працягвае прымаць удзел у інавацыйных і эксперыментальных адукацыйных праектах. У прыватнасці, адукацыйны працэс стаў больш даступным для ўсіх яго ўдзельнікаў дзякуючы такім інавацыйным праектам, як “Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця адукацыйных паслуг для фарміравання і стымулявання самаадукацыйнай дзейнасці навучэнцаў сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій: электронны часопіс, электронны дзённік” (на платформе schools.by), “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у рамках інклюзіўнага навучання”.
Дзякуючы адкрытасці інавацыйным працэсам, школа развівае патэнцыяльна адораных дзяцей за кошт укаранення методыкі арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці ва ўмовах функцыянавання рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій, а таксама падтрымлівае навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

На рынку адукацыйный паслуг канкурэнтаздольная

— Наша ўстанова адукацыі вядомая і канкурэнтаздольная на рынку адукацыйных паслуг. Сёння педагагічны калектыў школы здольны ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць на высокім прафесійным узроўні. 76 працэнтаў — педагогі вышэйшай і першай катэгорыі, нашы настаўнікі-метадысты запатрабаваны на метадычных мерапрыемствах раённага, гарадскога і рэспубліканскага ўзроўню.
Педагогі школы з’яўляюцца ўладальнікамі прэмій Мінгарвыканкама і спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Дырэктар школы Святлана Мікалаеўна Чурбанава атрымала прэмію Мінгарвыканкама ў намінацыі “Сістэмна-тэхналагічная арганізацыя адукацыйнага працэсу — рэсурс развіцця сталічнай школы”, узнагароджана дыпломам III ступені па выніках удзелу ў гарадскім конкурсе “Лідар адукацыі”.
Людміла Чаславаўна Сурынт — адна з трох уладальнікаў прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. За 2009—2014 гады навучэнцы Людмілы Чаславаўны дасягалі высокіх вынікаў на Рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі. За выніковы ўдзел у алімпіядным руху, у рэспубліканскіх конкурсах навучэнцам школы прысуджана 11 прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, 10 прэмій Мінгарвыканкама.
Высокі кадравы патэнцыял педагогаў дазваляе ўвесці профільнае навучанне па такіх прадметах, як “Матэматыка” і “Фізіка”, “Англійская мова” і “Руская мова і літаратура”, “Грамадазнаўства”, “Хімія” і “Біялогія”.

Матэрыяльна-тэхнічная база сучасная

— Школьны кінатэатр сумешчаны з актавай залай, дзейнічаюць два камп’ютарныя класы, лінгафонны кабінет з шырокапалосым доступам у інтэрнэт, мабільны камп’ютарны клас, ёсць кропка доступу Wі-Fі.
Таксама працуюць ІТ-лабараторыі для арганізацыі дзейнасці рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій. Гэта ўніверсальная інтэрактыўная лабараторыя, лабараторыя моўнага пагружэння, для пачатковых класаў, лабараторыя робататэхнікі legorobolab, метадычны кабінет, медыяцэнтр.
У школе створана безбар’ернае асяроддзе: пандус, ліфт, спецыялізаваны туалет на першым паверсе для інвалідаў з парушэннем апорна-рухальнага апарату, трэнажорная зала, абсталяваная сучасным спартыўным абсталяваннем. На трэнажорах можна займацца як седзячы ў інваліднай калясцы, так і выкарыстоўваючы прыстаўное (здымнае) сядзенне. Наяўнасць адмысловых фіксуючых рамянёў здымае нагрузку з суставаў і звязак, забяспечваючы тым самым аптымальную работу мышцаў. Для зручнасці работы з трэнажорамі прадугледжаны апорныя ручкі.

Да інклюзіі імкнецца

— Педагагічны калектыў разглядае ідэю стварэння інклюзіўнай школы, бо гэтая тэма для нас з’яўляецца актуальнай. У школе вучацца 28 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з іх трое — інваліды-калясачнікі.
З мэтай інтэграцыі такіх дзяцей у соцыум ва ўстанове праводзіцца сацыяльна значная акцыя “Мы розныя — мы роўныя”, якая аб’яднала навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх аднагодкаў для правядзення мерапрыемстваў па выяўленчым мастацтве “Праз мастацтва бачым свет!” (у выніку былі створаны кампазіцыі, якія выкарыстоўваюцца ў афармленні інтэр’ера школы), свята “Ва ўладзе танца” (у яго праграму ўваходзяць танцы з удзелам дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату), інтэлектуальнай віктарыны “Эрудыт” з удзелам навучэнцаў з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі.
У выніку гэтага, напрыклад, навучэнка 10 класа з абмежаванымі слыхавымі магчымасцямі паспяхова выступіла на алімпіядзе па біялогіі (2 месца на раённым узроўні, пахвальны водзыў на гарадскім этапе). Годна прадэманстравала сябе ў першай алімпіядзе для адораных школьнікаў-інвалідаў “Інтэлектуальны марафон” (6 месца) навучэнка 11 класа з парушэннем апорна-рухальнага апарату (ДЦП).

Творчыя справы калектыўныя

— Вядома, метадычная дзейнасць не абмяжоўваецца толькі вучэбнай галіной. Без выхаваўчай работы ў нас не атрымалася б той якасці навучання, якую мы маем. Не было б навучэнца, здольнага да духоўнага і фізічнага самаразвіцця, самаўдасканалення, самарэалізацыі. Абапіраючыся на прынцыпы супрацоўніцтва, даступнасці, варыятыўнасці, пераемнасці, школа актыўна ўкараняе методыку калектыўных творчых спраў, якая спрыяе выхаванню канкурэнтаздольнай асобы маладога чалавека з ярка выяўленай грамадзянскай пазіцыяй.
Дзякуючы актыўнасці нашага педагога-арганізатара Паўла Аляксандравіча Радзевіча (абагульніў вопыт “Развіццё сацыяльна значных якасцей асобы вучня і яго творчых здольнасцей праз КТС”), у школе сталі традыцыйнымі калектыўныя творчыя справы: “Тыдзень творчасці”, “Алімпійскія гульні” з удзелам каманд навучэнцаў і педагогаў, “Масленіца шырокая”. А мерапрыемства з навучэнцамі “Школа, якая танцуе” было прадстаўлена на заключным этапе гарадскога конкурсу “Лепшая ўстанова адукацыі-2015”. Мы паказвалі праграму, прысвечаную 70-годдзю Вялікай Перамогі “Дарогамі вайны”.

Педагагічны калектыў згуртаваны

Ад сябе хочацца дадаць, што ў сярэдняй школе № 30 сталіцы заўсёды пануе добразычлівы, аптымістычны настрой, творчая атмасфера. Працуючы над адукацыйным праектам “Станоўчы карпаратыўны імідж установы адукацыі як інструмент павышэння якасці адукацыйнай прасторы”, адміністрацыя навучальнай установы вялікую ўвагу ўдзяляе фарміраванню карпаратыўнай культуры, выкарыстоўваючы для гэтага самы розны інструментарый.
Дзякуючы дэмакратычнаму стылю кіравання, крэатыўнаму педагагічнаму калектыву, значным інструментам па згуртаванні педагагічнага калектыву сталі team building-мерапрыемствы, якія аб’ядналі калектыў агульнымі каштоўнасцямі і надалі школе індывідуальнае аблічча.
Team building (камандаўтварэнне) — тэрмін, які звычайна выкарыстоўваецца ў кантэксце бізнесу і ўжываецца да шырокага дыяпазону дзеянняў пры стварэнні і павышэнні эфектыўнасці работы каманды. Ідэя камандных метадаў работы запазычана са спорту і стала актыўна ўкараняцца ў практыку менеджменту ў 60—70-я гады XX стагоддзя.
Цяпер team building уяўляе сабой адну з перспектыўных мадэлей карпаратыўнага менеджменту, якая забяспечвае паўнавартаснае развіццё кампаніі, і з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных інструментаў кіравання персаналам. Каманднае будаўніцтва накіравана на стварэнне груп раўнапраўных спецыялістаў рознай спецыялізацыі, якія разам нясуць адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці і на роўнай аснове ажыццяўляюць падзел абавязкаў у камандзе.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.