Школа для ўсіх

- 12:10Спецыяльная адукацыя

Бараўлянская сярэдняя школа № 2 імкнецца стаць інклюзіўнай у самым шырокім сэнсе гэтага слова, каб вучыць дзяцей з рознымі здольнасцямі і магчымасцямі і каб усе навучэнцы камфортна адчувалі сябе ў школе. Установу сёння наведваюць дзеці розных нацыянальнасцей і канфесій, дзеці мігрантаў, прыёмныя дзеці і тыя, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сем’і вучняў маюць розныя даходы. У школе вучацца дзеці з АПФР і ўдзельнікі навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў і алімпіяд. 
Нагодай завітаць ва ўстанову стаў падзячны ліст калектыву, які даслала ў рэдакцыю бабуля Глеба Міхалевіча — хлопчыка з ДЦП, што паспяхова адаптаваўся і вучыцца ў школе з верасня 2015 года.

Каб кожнае дзіця адчувала сябе камфортна

Сёння ва ўстанове займаюцца 1632 навучэнцы ў 62 клас-камплектах. Інтэграванае навучанне і выхаванне арганізавана для 25 навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — з інтэлектуальнай недастатковасцю, з парушэннямі псіхічнага развіцця (з цяжкасцямі ў навучанні), з цяжкімі парушэннямі маўлення. У бягучым навучальным годзе ў школу прыйшлі двое дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату: Глеб Міхалевіч у 1-ы клас і Дар’я Камлёнак у 3-ці клас. Для іх адкрыліся новыя магчымасці і перспектывы, якіх яны, дакладна, не мелі, калі б бацькі выбралі для іх надомнае навучанне.
“Мы робім усё для таго, каб кожнае дзіця адчувала сябе камфортна, такім жа, як і ўсе, — адзначае выконваючая абавязкі дырэктара школы Алена Анатольеўна Хіля. — Само знаходжанне ў калектыве спрыяе гэтаму. Калі дзеці з АПФР вучацца дома, у іх няма элементарных навыкаў зносін з равеснікамі. Яны знаходзяцца ў адной і той жа прасторы, у адным і тым жа асяроддзі. У асобе настаўніка бачаць проста чалавека, які да іх прыходзіць, нешта тлумачыць, але ў поўнай меры яго ролю ў сваім жыцці не асэнсоўваюць. Добра, што зараз многія бацькі перасталі саромецца сваіх асаблівых дзяцей. Раней неаднойчы сутыкалася з сітуацыямі, што яны баяліся нават на вуліцу выходзіць са сваімі дзецьмі. Іх ледзь не прымушалі прывозіць малышоў у карэкцыйныя цэнтры. Бацькі шукалі розныя адгаворкі, толькі б не выводзіць на людзі сваіх непадобных на іншых дзяцей. Ужо прыкладна дзесяць гадоў як сітуацыя змянілася. Бацькі самі становяцца ініцыятарамі таго, каб іх асаблівыя дзеці вучыліся ў агульнаадукацыйных школах. Далікатней і з разуменнем сталі прымаць такіх дзяцей звычайныя дзеці і іх бацькі. Скажам, у дзіцяці дрэнны зрок, гэта асаблівасць яго фізічнага развіцця. Яму, як правіла, ствараюць у класе пэўныя ўмовы: садзяць за першую парту. А калі дзіця з інтэлектуальнай недастатковасцю? Гэта таксама асаблівасць яго развіцця, да якой трэба адносіцца з разуменнем. З такім дзіцем можна наладжваць узаемаадносіны, карысныя для абодвух бакоў. Існуе міф аб тым, што дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю агрэсіўныя. Але такая якасць, як агрэсіўнасць, не знаходзіцца ў прамой залежнасці ад парушэнняў інтэлекту. Часта дзяцей робяць звышэмацыянальнымі ўмовы жыцця, адсутнасць любові ў сям’і, насілле, фізічнае або псіхалагічнае. Праблемы з паводзінамі часцей узнікаюць у дзяцей нядобранадзейных бацькоў або ў тых дзяцей, якія выраслі ў дамах-інтэрнатах. У нашай школе, дарэчы, займаюцца вучні з дзіцячай вёскі “Вытокі”, якая была адкрыта ў 2010 годзе і стала найлепшай альтэрнатывай дзіцячым дамам. Там свой дом і надзею на будучыню знаходзяць дзеці з нядобранадзейных сем’яў, з інтэрнатаў, дзеці, ад якіх адмовіліся бацькі. Часта менавіта такія дзеці патрабуюць куды больш намаганняў з боку педагогаў, ім цяжэй адаптавацца да калектыву, сацыялізавацца. Ім з дзяцінства не прывілі норм правільных паводзін, у іх адсутнічае пачуццё сораму, якое прысутнічае ў большасці малышоў ужо ў 3 гады. Калі дзіця выхоўваюць любячыя бацькі і яно адчувае пастаянную ўвагу і клопат, то незалежна ад таго, ёсць у яго асаблівасці ў развіцці ці не, праблем з ім няма. Сваю непадобнасць на іншых яны ўспрымаюць не так трагічна”.
Навучэнцы з АПФР, як правіла, актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў Бараўлянскай школе № 2 і ў раёне. Павел Анціпенкаў, напрыклад, лаўрэат раённага конкурсу даследчых работ “Я — даследчык”. Кіраўніком яго работы “Прыказкі ў рускай і італьянскай мовах” стаў настаўнік пачатковых класаў Ігар Мікалаевіч Міхайлаў. Якаў Бялян — прызёр раённага конкурсу творчых работ “Такім я бачу гэты свет”, Уладзіслаў Агейчык — пераможца літаратурнага конкурсу “Свет дзяцінства”, Валерыя Баўтрымовіч перамагла ў школьным конкурсе “Мінута славы”.

Шанс для Глеба

Адукацыйная інтэграцыя — працэс двухбаковы. Па-першае, дзіця з АПФР рыхтуецца да сумеснага навучання з аднагодкамі. Па-другое, школа імкнецца стварыць належныя ўмовы для яго навучання і выхавання. У Бараўлянскай школе № 2 створана добрае адаптыўнае асяроддзе, абсталяваны вучэбныя і гульнявыя зоны з улікам асаблівых патрэб навучэнцаў, набыта спецыяльная мэбля, педагагічны калектыў і тэхнічны персанал падрыхтаваны да кваліфікаванага і далікатнага ўзаемадзеяння з усімі навучэнцамі.
З бацькамі звычайных дзяцей, з самімі дзецьмі, якія вучацца ў адным класе з дзецьмі з асаблівасцямі, таксама праводзіліся даверлівыя размовы, і ніякіх адмоўных момантаў пакуль не ўзнікала. Вялікую работу ў гэтым плане праводзяць класныя кіраўнікі.На базе школы праходзяць семінары-практыкумы і круглыя сталы па тэме інтэграцыі дзяцей з АПФР, дзейнічае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў-дэфектолагаў. Паміж Бараўлянскай сярэдняй школай № 2 і ЦКРНіР Мінскага раёна наладжана супрацоўніцтва па пытаннях арганізацыі навучання і выхавання дзяцей з АПФР. Спецыялісты цэнтра аказваюць метадычную дапамогу педагогам школы, праводзяць кансультацыі і семінары-практыкумы. Створаны электронны метадычны банк, дзе сабраны самыя розныя дыдактычныя матэрыялы.
Аб сваёй рабоце з Глебам Міхалевічам расказала настаўнік-дэфектолаг Таццяна Міхайлаўна Леановіч: “Глеб вучыцца па праграме для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні. Вучыцца ён разам з групай дзяцей з АПФР з іншых класаў. Для яго набыты асобны спецыяльны камплект мэблі. Мой кабінет аснашчаны неабходным карэкцыйна-развіццёвым абсталяваннем, сродкамі навучання, вучэбнымі дапаможнікамі і дыдактычнымі матэрыяламі. Ёсць ноўтбук для арганізацыі заняткаў з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій і электронных сродкаў навучання, па якіх мы вывучаем беларускія словы, праводзім факультатыўныя заняткі, заняткі па займальнай граматыцы, маўленчым этыкеце, матэматыцы, вывучаем навакольнае асяроддзе, а таксама вучымся гаварыць правільна, асвойваем асновы бяспекі жыццядзейнасці і г.д. Са мной Глеб займаецца па асноўных прадметах, а на ўроках музыкі, малявання і працоўнага навучання вучыцца разам з аднакласнікамі. Праўда, фізічная культура ў Глеба адаптыўная, яе 2 разы на тыдзень выкладае Алена Аляксандраўна Зотава.
Да такіх дзяцей, як Глеб, павінен быць індывідуальны падыход. Зразумела, што мне на маіх занятках з групай з 8-мі чалавек ажыццявіць яго прасцей. Даю дзецям агульнае заданне, кантралюю яго выкананне і па меры неабходнасці аказваю неабходную дапамогу. Глеб з заданнем часта спраўляецца хутчэй за іншых. Таму для яго ў мяне заўсёды прызапашана дадатковае заданне — на картках. Абавязкова ўключаю ў заняткі фізкультхвілінкі. Глеб таксама ўдзельнічае ў іх — прыўзнімаецца з каляскі, а памочнік выхавальніка дапамагае яму ў гэтым і падтрымлівае, пакуль хлопчык выконвае рухі. Аднакласнікі Глеба таксама дапамагаюць яму ва ўсім. Калі заканчваецца ўрок, разам з ім складваюць падручнікі, рыхтуюць новыя падручнікі і сшыткі да наступных урокаў. Увогуле хлопчыка вельмі паважаюць, да яго з боку аднакласнікаў — павышаная ўвага. На перапынках дзеці пастаянна нешта зацікаўлена абмяркоўваюць з ім, гуляюць”.
Лепшае пацвярджэнне таго, што Глебу Міхалевічу ўтульна ў школе, словы з ліста яго бабулі: “Спачатку мы трывожыліся, як успрымуць Глеба аднагодкі, як хлопчык увойдзе ў калектыў? Але хваляванні былі дарэмнымі. А ўсё таму, што школа, у якую трапіў наш Глебка, цудоўная. Нас сустрэлі надзвычай цёпла, добразычліва, ніхто не засяроджваў увагу на тым, што Глеб адрозніваецца ад іншых дзетак. Намеснік дырэктара школы Наталля Яўгеньеўна Стацэнка таксама падтрымала, сказала, што хлопчыка ніхто не пакрыўдзіць, параіла бацькам па любых пытаннях звяртацца да яе і калег. Першую настаўніцу Алену Аляксандраўну Масло Глебка адразу палюбіў. Такімі ж чулымі, уважлівымі, тактоўнымі аказаліся настаўнік-дэфектолаг Таццяна Міхайлаўна Леановіч, памочнік выхавальніка Алеся Уладзіміраўна Шаўчэнка, як і ўвесь калектыў. Мы зрадніліся з ім і не адчуваем сябе чужымі. У душы ёсць вера, што праз пэўны час малітва нашага Глебкі, які на ноч прагаворвае сваё шчырае дзіцячае “Маці Божая, заступніца, дапамажы мне пайсці ножкамі самастойна па школьным калідоры”, збудзецца, бо ў гэтым яму дапамагаюць цудоўныя настаўнікі, а таксама дабрачынны фонд “Шанс”, які выдзеліў пэўную суму грошай на лячэнне Глеба”.

Шукаем спонсараў

“Мяне як кіраўніка непакоіць сёння адно пытанне: калі нашы дзеці-калясачнікі пяройдуць у старшыя класы, ім трэба будзе перамяшчацца неяк з паверха на паверх, а ліфта ў нас няма, — гаворыць выконваючая абавязкі дырэктара школы Алена Анатольеўна Хіля. — Таму тэрмінова неабходна спецыяльнае абсталяванне — пад’ёмнікі. Зараз мы шукаем спонсараў, якія дапамаглі б набыць іх, і будзем удзячны ўсім за любую дапамогу”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.