Школа пачынаецца з дырэктара

- 10:13Людзі адукацыі

Маладая, энергічная, ініцыятыўная і вельмі творчы, надзвычай мэтанакіраваны чалавек. Так гавораць пра Наталлю Уладзіміраўну Котаву, дырэктара дапаможнай школы-інтэрната № 7 Мінска, калегі і наведвальнікі школы.

Дырэктарам школы-інтэрната Наталля Уладзіміраўна была прызначана каля двух гадоў назад, адпрацаваўшы шмат гадоў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў сталічнай школе. Але нават за гэты невялікі тэрмін на паса­дзе дырэктара яна дасягнула нямала, пачынаючы ад матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння функцыянавання ўстановы адукацыі да якасці адукацыйнага працэсу.

Школа-інтэрнат са з’яў­леннем новага дырэктара пераўтварылася і ўнутрана, і знешне. Гэта ві­даць кожнаму выхаванцу, педагогу, наведвальнікам установы. Вучэбныя кабінеты, калідоры і рэкрэацыі, спартыўная зала, фае і сталовая, утульныя і камфортныя спальні не толькі заззялі новымі фарбамі — яны набылі сучасны выгляд.

Усе вучэбныя кабінеты забяспечаны тэлевізарамі, неабходнай якаснай мэбляй, вучэбным абсталяваннем. Асаблівую гордасць адчувае Наталля Уладзіміраўна за стварэнне гульнявога пакоя для дзяцей, які аснашчаны лепшым абсталяваннем. А на тэрыторыі школы-інтэрната з’явіліся антывандальныя вулічныя трэнажоры, гульнявы комплекс “Замак”.

Асаблівая ўвага ва ўстанове адукацыі ўдзяляецца стварэнню камфортнага асяроддзя для забеспячэння жыццеўладкавання выхаванцаў і аказання ім медыцынскай дапамогі. Таксама наладжана сістэма па арганізацыі бяспечнага асяроддзя знаходжання выхаванцаў, удзя­ляецца ўвага безбар’ернаму асяроддзю.

Наталля Уладзіміраўна прыцягвае педагогаў дадатковай адукацыі для арганізацыі аб’яднанняў па інтарэсах па розных напрамках: ад эстэтычнага да спартыўнага. У школе-інтэрнаце сёння функцыянуе 13 аб’яднанняў па інтарэсах.

Не менш важным лічыць Наталля Уладзіміраўна актыўнае інтэграванне нашых дзяцей у соцыум. Яны сістэматычна наведваюць сацыякультурныя і спартыўныя мерапрыемствы, удзельнічаюць у выставах, конкурсах рознага ўзроўню. Ганарыцца дырэктар дасягненнямі дзяцей: у снежні 2018 года навучэнцы школы-інтэрната ўпершыню ўдзель­нічалі ў Міжнароднай алімпія­дзе “Усе пра ўсё” для навучэнцаў з абмежаванымі магчымасцямі здароўя і сталі пераможцамі, у адкрытым турніры для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Свет без меж”, які адбыўся ў Оршы з 22 па 24 мая 2018 года. Марына Краўчук, выпускніца школы-інтэрната, стала дыпламантам у намінацыі “Прыз сімпатый гледачоў” у рэспубліканскім творчым праекце для юных журналістаў “100 гадоў: наш след”, прысвечаным 100-годдзю УЛКСМ і Году малой радзімы.

У школе-інтэрнаце створана прадукцыйнае асяроддзе для паспяховай самарэалізацыі кожнага педагога. Сёння педагогі школы-інтэрната ўдзель­нічаюць у рабоце міжнародных адукацыйных парталаў, семінарах, вэбінарах, навукова-практычных канферэнцыях, міжнародных курсах і іншых метадычных мерапрыемствах, з’яўляюцца рэцэнзентамі вучэбных дапаможнікаў. У кастрычніку 2019 года каманда школы-інтэрната стала ўладальніцай дыплома ІІІ ступені камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама ў гарадскім этапе конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.

Пад кіраўніцтвам Наталлі Ула­дзіміраўны з сакавіка 2019 года пачалася рэалізацыя праекта марафону “Я здолею! Я змагу!” для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які стане аналагам адукацыйных, спартыўных, творчых мерапрыемстваў для навучэнцаў у сістэме спецыяльнай адукацыі на ўзроўні рэгіёна.

Рэалізацыя гэтага праекта дазволіць прыцягнуць дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі па­трэбамі да сумеснай калектыўнай дзейнасці, сфарміраваць у іх навыкі працы ў камандзе; створыць умовы для развіцця камунікатыўных і псіхасацыяльных кампетэнцый, сацыяльнай інтэграцыі ў грамадства дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, бу­дзе спрыяць стварэнню сяброўскіх і партнёрскіх сувязей.

Школа-інтэрнат на працягу двух гадоў актыўна супрацоўнічае з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі, Нацыянальным інстытутам адукацыі, Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, валанцёрамі БДПУ імя Максіма Танка, а таксама з’яўляецца базай правядзення педагагічнай практыкі для кафедры спецыяльнай педагогікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца міжнароднаму супрацоўніцтву і абмену вопытам работы. Так, выхавальнік А.І.Шмурыгін паспяхова прайшоў адбор на Міжнародны конкурс “Інтэграцыя дзяцей з асаблівымі патрэбамі ў нарматыўнае адукацыйнае асяроддзе”, які адбыўся ў снежні 2018 года ў Цэнтры супрацоўніцтва і развіцця ў Іерусаліме (Ізраіль), а настаўнік А.В.Тукай сістэматычна павышае кваліфікацыю дзякуючы ўдзелу ў выязных адукацыйных праграмах (верасень 2019 года, Варшава (Польшча); кастрычнік 2019 года, Берлін (Германія).

Сама Наталля Уладзіміраўна актыўна займаецца павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню і самаразвіццём: актыўна публікуе матэрыялы з вопыту работы, трансліруе вопыт работы ў метадычных мерапрыемствах горада, краіны.

Здавалася б, штодзённая руцінная работа павінна стаць прывычнай, звычайнай, але толькі не для такога кіраўніка з гарачым, неабыякавым сэрцам, як Наталля Уладзіміраўна, у якой асаблівы погляд, свая прынцыповая ацэнка таго, што адбываецца ў яе родным каралеўстве.

Таццяна НЕКРАШ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце дапаможнай школы-інтэрната № 7 Мінска.
Фота Алега Ігнатовіча.