Школьнае лясніцтва ў Івацэвічах: жывая справа за межамі цыркуляра

- 15:13Образование

Школьнае лясніцтва ў гарадской школе? Вельмі неабходная справа ў сучасным адукацыйна-­выхаваўчым працэсе. У гэтым перакананы педагогі 3­-й івацэвіцкай школы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На пачатку было… дрэва?

Прыхільнікам дакладных метадычных рэкамендацый адразу скажу: не бяруся расказваць пра формы і метады работы ў школьным лясніцтве. Каму цікава, загляніце на сайт школы, там пра многае можна даведацца. Мы ж паразважаем, чаму “зялёны” кірунак дзейнасці для школ надзвычай перспектыўны. Прычым не толькі ў сельскай мясцовасці, але і ў гарадах.

“І стварыў Бог Адама з гліны, а Еву — з дрэва…” Чулі такую версію пра наша паходжанне на Зямлі? Помніцца, гэта ў вясковым дзяцінстве мне старэйшыя расказвалі як таямніцу. І адну з маіх бабуль звалі Евай. Магчыма, гэта якраз і ёсць адметны беларускі погляд у далёкае мінулае. Бо як жа інакш?! Продкам было не выжыць без лесу, дрэў і, вядома ж, драўніны. Лес нашу нацыю, можна сказаць, у людзі вывеў: карміў, абараняў, саграваў, лячыў… І вучыў! З вадой, зямлёй, паветрам і агнём лес уяўляўся тутэйшаму люду жыццеўтваральнай стыхіяй. Адной з асноў жыцця. Таму, відаць, дабіблейская наша Ева і прайшла пераўтварэнне з дрэва ў жанчыну. А псіхолагі сцвярджаюць, што ў пераважнай большасці жанчыны і сапраўды натуры больш тонкія і чуллівыя, чым “керамічныя” мужчыны…

І таму пераходзім да школьнай практыкі. Асяродак “зялёнай” асветы бачыцца мне значна шырэйшым за сучаснае экавыхаванне, у якім ёсць яўны падзел на “мы” і “прыроду”, “навакольны свет”. Дарэчы, навукоўцы, якія грунтоўна займаюцца бія­энергетыкай, канстатуюць: усе жывыя арганізмы — гэта тэрмадынамічныя адкрытыя сістэмы, якія функцыянуюць толькі пры ўмове пастаяннага ўзаемаабмену рэчывам і энергіямі з наваколлем. Карацей, усё з усім узаема­звязана.

У падручніках вядомая аксіёма пра тое, што без лесу беларусам ніяк, гучыць прыкладна так: уся славянска-праславянская цывілізацыя развівалася ў межах ляснога ландшафту. Мы разам з дрэвамі раслі. Многаму вучыліся, назіраючы за іх жыццём. І як векавыя дрэвы маюць на сабе зарубкі часу, рознапамерныя кольцы гадавых ствалавых прыростаў (па іх чытаюцца перажытыя буры і катаклізмы), так і мы ў генных структурах носім у сабе радавод­ныя летапісы. А ген лесу як частка нашага супольнага лёсу, выжывання ў ДНК, ві­даць, таксама неяк прапісаны.

Мы з лесам радня. І гісторыю школьнага лясніцтва прадставім праз людзей, якія маюць дачыненне да яго работы.

Усе мы з лесу…

Чаму зацікаўленасць у ства­рэнні школьнага лясніцтва ў гарадской школе праявіў яе дырэктар Алег Кузьмін, які атрымаў адукацыю настаўніка беларускай мовы і літаратуры?

Па логіцы, метадысту Івацэвіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вікторыі Гаргун (яна суправаджала нас у школе, курыруе выкладанне біялогіі, хіміі, геаграфіі) тэма лясніцтваў больш блізкая. І, дарэчы, жывучы пэўны час на прылесным хутары ў палескай глыбінцы, працуючы вясковай настаўніцай, Вікторыя Мікалаеўна з лесам і яго жыхарамі адчувала глыбокае яднанне. Пра гэта яна цікава расказала потым.

У размове і сакрэт цікавасці да лесу, увасобленай у жывую справу Алегам Кузьміным, праясніўся. Ён родам з лясістых мясцін. Глянеш карту Івацэвіччыны — паўсюль лясы, балоты, азёры. І яго родныя Гічыцы — сярод лясоў.

“Заканчваў васьмігодку ў Гічыцах, якая ў 90-м закрылася, — патлумачыў дырэктар. — У 1987-м паступіў у Баранавіцкае педвучылішча, і яно з часам увайшло ў склад універсітэта. Школа была добрая для педагогаў. Потым у войску ў медроце санінструктарам два гады адслужыў — таксама, лічу, патрэбная для мужчыны школа”.

Да работы школьнага лясніцтва “Зялёны квартал” далучана 55 вучняў. Яго дзейнасць арганізавана праз дадатковыя заняткі па інтарэсах.

Пасля войска Кузьмін паступіў на завочнае аддзяленне філфака, пачаў працаваць. Выкладае і цяпер: родную мову і літаратуру, а яшчэ асновы бяспекі жыццядзейнасці. Папрацаваў у Яглевіцкай школе: 18 гадоў настаўнікам, потым дырэктарам. А ў 2012-м яму прапанавалі работу ў райцэнтры. Разважаючы пра кар’еру, робіць высновы: калі сам нешта з агеньчыкам, з душой робіш, то абавязкова такія ж людзі прыцягнуцца да цябе ў памочнікі: “Як нешта ўпарта шукаеш, яно знаходзіцца. Добрае шукаеш — такое зной­дзеш, а калі, як у наро­дзе кажуць, клопатаў і праблем на сваю галаву — таксама бу­дуць”.

Пра пераемнасць лесашкольных традыцый

Пра ролю біёлагаў у школьным арганізме дырэктар разважае так: “Мне важныя не толькі самі ўрокі. Важная ўся сістэма работы ў гэтым кірунку. Мы ж у ім працуем амаль 10 гадоў, хацелася ўсё прадаў­жаць, развіваць.

Малады спецыяліст Аліна Рабцэвіч, якой я прапанаваў узяць гэта на сябе, сказала: “Паспрабую”. Мы ж паабяцалі ёй любую дапамогу, маральна падтрымлівалі, нешта падказвалі, падключалі адміністрацыйныя рэсурсы”.

Пры гэтым асноўную работу за Аліну ніхто не выконваў. Дырэктар на тым робіць акцэнт, бо прыемна было яму бачыць у першай жа чвэрці навучальнага года, што з вучнямі настаўніцы ўдалося наладзіць кантакт. Дзеці яе палюбілі, бо яна, як сказаў Алег Кузьмін, “вельмі добрая настаўніца і выхавальніца”.

У ходзе размовы дырэктар з удзячнасцю згадвае і біёлага Тамару Рыгораўну Пясецкую, якая арганізавала школьнае лясніцтва “Зялёны квартал”. Яна ўжо мела вопыт: вядомае на ўсю Беларусь школьнае лясніцтва ў Зялёным Бары — у Зеленаборскай школе.

“Але ж тая школа, па сутнасці, стаяла ў лесе, а ў гора­дзе нам гэта было няпроста падняць, — адзначае Алег Аляксеевіч. — Усё адпрацоўвалі ў новых умовах. Тэорыю дзеці асвойваюць у школе: настаўніца вядзе гурток, дадатковыя заняткі па тэмах, ёй жа распрацаваных. Ёсць другая лакацыя — выязныя заняткі. І ёсць трэцяя частка праекта: на канікулах ці ў выхадныя едзем у Івацэвіцкі лясгас. Дарэчы, на аўтобусе (робім папярэдне заяўку) райаддзела адукацыі: гэта і куратар, і сацыяльны партнёр праекта”.

На сядзібе настаўніцы Аліны Рабцэвіч праходзяць акліматызацыю два экзоты: прыгожая крымская магнолія (у якой перыяд цвіцення ссунуўся на верасень — кастрычнік) і гібіскус, ці сірыйская ружа — тая самая, з пялёсткаў якой робяць вядомы чай каркадэ. Школьнае лясніцтва “Зялёны квартал” мае намер прадаўжаць такія “зялёныя” эксперыменты.

Яшчэ адзін партнёр, вядома ж, Івацэвіцкі лясгас. Дзякуючы яму юныя лесаводы маюць прыгожую форму. Яшчэ ў лясгасе вызначылі месца пад экасцежку: яе сябры школьнага лясніцтва стваралі самі. Цяпер гэта і жывы вучэбны дапаможнік.

Станоўчыя вынікі ад “зялёнай” справы былі атрыманы адразу. Алег Аляксеевіч прыгадвае: “Пачалі мы праект у верасні 2014-га і ўжо да канца навучальнага года заваявалі першыя дыпломы, занялі 1-е месца ў конкурсе “Квітней, мой лес!”. Лясгас выдатна дапамог, падтрымаў: пераможцы з той першай групы атрымалі ў падарунак электронныя кнігі, флэшкі. З таго часу мы штогод лепшыя ў Брэсцкай вобласці па выніках работы.
У 2016-м атрымалі нават за гэта інтэрактыўную дошку, а прадстаўнікі лепшых лясніцтваў вобласці ў нас гасцявалі: мы дзяліліся вопытам работы. Па Беларусі наш “Зялёны квартал” таксама на добрым рахунку, прычым Аліна Ігараўна, хоць і малады спецыяліст, здолела ўтрымаць высокую планку. Мы не адсталі, скончылі першы год пад яе кіраўніцтвам паспяхова. Прыемна бачыць, як настаўніца знаходзіць новыя формы работы, прапаноўвае новыя ідэі, знайшла паразуменне са Святланай Сцяпанаўнай Касцюкевіч, якая працуе намеснікам дырэктара лясгаса па ідэалогіі, у моцнай звязцы з намі. Дарэчы, яна з першага выпуску нашай школы, і для яе справа гонару развіваць праект”.

Дырэктар лясгаса Вікенцій Станіслававіч Койпаш таксама ва ўсім ідзе насустрач: і аб форме для юных лесаводаў з ім дамовіліся, і ўрачысты прыём у “Зялёны квартал” штогод з лясгасам праводзім.

Эліксір для маладосці

Штогод выпускнікі 3-й школы з ліку вучняў, якія прайшлі праз школьнае лясніцтва, выбіра­юць адпаведныя УВА ці ўстановы спецыяльнай адукацыі. Так спрацоўвае прафарыентацыйны экалагічны складнік праекта. Апошнім часам у школе зрабілі яшчэ адзін крок наперад у “зялёнай” асвеце: разам з лясгасам сфарміравалі клас маладых лесаводаў, у які набіраюць дзяцей з 5 класа.

“Такога не было ні ў кога ў краіне! — з гордасцю гаворыць дырэктар школы Алег Кузьмін. — У нас гэта ўжо 7 “А”, класны кіраўнік у ім Лізавета Пятроўна Мазур, настаўніца матэматыкі. Але ж паверце: я не лічу гэта нечым экстраардынарным, бо ўпэўнены, што падобныя класы па краіне, дзе больш за 40 працэнтаў тэрыторыі займаюць лясы, будуць пашырацца. Што хаваць: лес для мяне заўсёды свой — зялёны сябар. Да таго ж, як і дрэвам у росце, мне падабаецца рост, рух наперад”.

У настаўніцкай справе, як толькі замкнешся на ўроку і прадмеце, калі правёў заняткі — і дадому, доўга не вытрымаеш. Так людзі хутка выгараюць. Гадоў пяць — і ўсё надакучыць… А калі ёсць пастаянны пошук, тады і менш стамляешся, і цікавей працаваць.

“Прычым я заўважыў, — працягвае суразмоўца, — і нашым парт­нёрам з лясгаса таксама цікава. Мы ж для іх гэтакі эліксір маладосці. Для іх школьнае лясніцтва — жывая справа, якая развілася далей за цыркуляр, за яго межы. У нас цяпер нават узровень зносін вышэйшы за партнёрства: гэта душэўнае супрацоўніцтва, можна сказаць. Не толькі дзелавыя, але і чалавечыя адносіны ўсё праціна­юць, што вельмі каштоўна, у тым ліку і для выхавання нашых дзяцей”.

Адрасуючы добрыя словы ўсім, дзякуючы каму “расце і зелянее” школьнае лясніцтва, дырэктар падкрэслівае: “У нас да ўсіх педагогаў вялікі давер. Стараемся нікога не турбаваць па дробязях, не кантраляваць у дэталях. Нам важна ў актавай зале, на школьным педсавеце пачуць, адчуць, даведацца: у нашых калег ёсць рух наперад, няма застою, ёсць задзелы на будучыню. І ўсё астатняе тады прыкладзецца. І з Алінай Ігараўнай паступальны рух наперад быў з самага пачатку, без залішняй нашай апекі. У нас ініцыя­тыва заахвочваецца: ёсць ідэі — беражліва да іх ставімся. У калектыве ёсць давер да лю­дзей, да іх талентаў і здольнасцей. На мой погляд, хоць настаўніцкую працу і трэба кантраляваць, але ж у глыбінныя працэсы педагагічнай творчасці лепш не ўмешвацца. Вобразна кажучы, не перашка­джаць маладому лесу падрастаць і набірацца сілы”.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і са школьнага фотаархіва