Шлях да духоўнасці і станаўленне сапраўднага чалавека

- 15:32Нам пішуць

Навучэнцы Пескаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна з’яўляюцца ўдзельнікамі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў 10—11 класаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”.

За перыяд рэалізацыі праекта праведзена шмат работы. Класнымі кіраўнікамі 10—11 класаў сабрана шмат матэрыялу для факультатыўных заняткаў “Асновы праваслаўнай культуры”, створаны шэраг брашур: “Свяшчэннае Пісанне аб духоўна-маральным прызначэнні асобы”, “Дабрачынныя канцэрты на праваслаўныя святы”, “Біблія і навука”, “Свяшчэннае Пісанне — Біблія”, “Хрысціянскае разуменне сям’і і шлюбу”. Створаны працоўныя матэрыялы праекта (распрацоўкі, прэзентацыі), вызначана іх эфектыўнасць і мэтазгоднасць. Праведзена віртуальная экскурсія “Святыя мясціны Беларусі”. Навучэнцы часта наведваюць храм у Песках, прымаюць актыўны ўдзел у акцыях “Клопат”, “Міласэрнасць”, “Цуды на Каляды”, “Нашы дзеці”. У класных калектывах праводзяцца інфармацыйныя гадзіны з удзелам настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы айца Віктара. Тэматыка сустрэч самая разнастайная: “Сямейныя арыенціры”, “Аб граху брыдкаслоўя”, “Аб цнатлівасці”. Праведзены мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня маці, гадзіна пытанняў і адказаў “Мае маральныя каштоўнасці”. Арганізавана дэманстрацыя дакументальных фільмаў на праваслаўную тэматыку для выхаванцаў і іх бацькоў. З навучэнцамі 10—11 класаў быў арганізаваны дыспут “Экалогія душы”, гадзіна зносін “Вялікі дар кахання, міласэрнасці і дабрыні”, абмен думкамі “Вучыся бачыць цудоўнае ў чалавеку”.

Працэс духоўна-маральнага выхавання ў школе характарызуецца шматпланавасцю і разнастайнасцю сродкаў педагагічнага ўздзеяння на навучэнцаў. Самай распаўсюджанай формай работы з’яўляецца класная гадзіна, на якой звычайна праводзяцца гутаркі аб працавітасці, праўдзівасці, таварыстве, сяброўстве, справядлівасці, беражлівасці, дабрыні і спагадлівасці, сціпласці. Тэматыка разнастайная: “Імкніся рабіць дабро”, “Святы радасці”, “Святы ў нашай хаце”, “Талерантнасць і міласэрнасць”, “Як пазбавіцца шкодных звычак”, “Сямейныя каштоўнасці”, “Дзмітрыеўская субота”, “Хрышчэнне Гасподняе”, “Традыцыі і абрады”. Галоўнае патрабаванне да класнай гадзіны — актыўны ўдзел усіх навучэнцаў.

У школе арганізавана работа факультатыўных заняткаў “Асновы праваслаўнай культуры”, што дапамагае кожнаму выхаванцу вызначыць каштоўнасныя асновы ўласнай жыццядзейнасці.

Падчас бацькоўскіх сходаў, сумесных мерапрыемстваў, на сустрэчах з настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы мы імкнёмся арыентаваць сем’і навучэнцаў на духоўна-маральнае выхаванне дзяцей шляхам азнаямлення бацькоў з асновамі праваслаўнай педагогікі, імкнёмся сфарміраваць у вучняў станоўчыя маральныя матывы паводзін, сфарміраваць здольнасць да спагады, міласэрнасці, любові, узбагаціць духоўны свет падлеткаў.

Зразумела, разавыя мерапрыемствы не даюць плёну. Неабходна весці сістэмную работу па выхаванні вучняў на праваслаўных і духоўных традыцыях.

Тэма інавацыі цікавая і захапляючая, асабліва, калі бачыш вынікі сваёй працы, можаш назіраць іх у штодзённым жыцці, гледзячы на сваіх выхаванцаў. Неабходна адзначыць, што важную ролю ў рабоце над праектам адыгрывае цеснае супрацоўніцтва з бацькамі, без іх падтрымкі яна не будзе эфектыўнай. Толькі калі школа і бацькі дзейнічаюць у тандэме, тады можна гаварыць пра рэальнасць дасягнення мэты.

Наталля ЯКУБЕЦ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Пескаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.