Што на “Гарызонце” і што за гарызонтам?

- 12:20Нам пішуць

29 сакавіка вучні Сыраваткінскай школы чарговы раз наведалі нашу сталіцу. У праграме паездкі — наведванне вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Завод электронікі і бытавой тэхнікі “Гарызонт”, а таксама Цэнтральнага музея ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.

Усяго дзесяць хвілін язды ад цэнтра Мінска — і мы на тэрыторыі прадпрыемства “Гарызонт”, дзе яшчэ ў далёкія 1950-я гады пачыналася тэлевізійная гісторыя нашай рэспублікі. Безумоўна, дзеці ведалі, што прадпрыемства “Гарызонт” найбуйнейшае ў Беларусі і адзін з вядучых у краінах СНД вытворца электронікі і бытавой тэхнікі, але пабачыць, як арганізаваны тэхналагічны працэс па вырабе ЖК-тэлевізараў, было цікава. Аказваецца, ЖК-тэлевізары робяць як бутэрброды-сэндвічы, накладваючы адзін на адзін тонкія, падобныя на плёнку, кампаненты, а цыкл вырабу тэлевізара складае ад 30 да 70 секунд. Потым з партыі тэлевізараў выбіраюць асобнікі, якія чакаюць сур’ёзныя выпрабаванні павышанымі і паніжанымі тэмпературамі, вільготнасцю, іх трасуць шмат часоў у спецыяльным боксе, імітуючы язду па не зусім добрых дарогах. Ну, а затым шлях да спажыўца. А гэта Беларусь, Расія, Малдова, Украіна, Грузія, Літва, Узбекістан, Казахстан, Польшча. Аб усім гэтым нам расказалі супрацоўнікі прадпрыемства і нават запрасілі навучэнцаў пасля заканчэння школы прыходзіць на працу на “Гарызонт”.

Далей наш шлях ляжаў на вуліцу Маякоўскага, 97, дзе знаходзіцца Цэнтральны музей унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь. Тут мы даведаліся аб асноўных гістарычных этапах фарміравання і станаўлення ўнутраных войскаў на тэрыторыі Беларусі, гісторыя якіх пачынаецца са стварэння варты Вялікага Княства Літоўскага, якая вяла барацьбу з разбойнымі людзьмі. Частка экспазіцыі музея прысвечана ваенным падзеям XIX ст., унутранай і канвойнай варце пачатку XX ст., удзелу ваеннаслужачых войскаў НКУС СССР у Вялікай Айчыннай вайне, развіццю ўнутраных войскаў у пасляваенны час і на сучасным этапе.

Паколькі адна з асноўных задач унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь — ахова грамадскага парадку і бяспекі грамадзян, ахова папраўчых калоній, канваіраванне і ахова асуджаных і асоб, якія знаходзяцца пад вартай, удзел у пошуку асоб, якія здзейснілі ўцёкі з-пад варты, то нават у мірны час байцы ўнутраных войскаў здзяйсняюць подзвігі. Адзін з раздзелаў экспазіцыі музея прысвечаны радавому Сяргею Свянцецкаму, які цаной свайго жыцця да канца выканаў доўг, тым самым даў магчымасць асабістаму саставу варты спыніць захоп зброі і групавыя ўцёкі небяспечных злачынцаў-рэцыдывістаў.

У экспазіцыі Цэнтральнага музея ўнутраных войскаў можна ўбачыць шмат цікавых экспанатаў, якія дыхаюць гісторыяй, але асаблівую цікавасць у вучняў выклікала сярэднявечная зброя, легендарная стралковая зброя часоў Вялікай Айчыннай вайны, узоры формы адзення ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС, а таксама небяспечныя трафеі, якія маглі аказацца ў руках тых, хто адбывае пакаранне ў папраўчых калоніях.

Словы падзякі экскурсаводу — і вось мы ўжо на школьным аўтобусе накіроўваемся дамоў. Прыгоды, нават самыя захапляльныя, калі-небудзь заканчваюцца. Ды застаюцца яркія ўражанні. Вясновыя канікулы не прайшлі дарэмна, бо гэта была не проста чарговая экскурсія ў Мінск, а чарговы цікавы жыццёвы досвед аб тым, як жывуць і працуюць нашы суайчыннікі.

Андрэй ПЯТРОЎСКІ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
Сыраваткінскага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна.