Што звязвае гісторыю і сучаснасць

- 14:14Сацыяльны ракурс

Навучэнцы гімназіі № 36 імя І.П.Мележа Гомеля днямі сустракалі равеснікаў з Варонежа. Дэлегацыю расійскіх сяброў узначальваў дырэктар варонежскай школы № 94 імя генерала А.І.Лізюкова В.Л.Харын.
Што звязвае гэтыя дзве навучальныя ўстановы? Неабыякавасць да лёсу братоў Лізюковых. Гомельская гімназія № 36 імя І.П.Мележа размяшчаецца на вуліцы Братоў Лізюковых, а ў яе сценах створаны музей, прысвечаны героям. Такі ж музей працуе і ў сярэдняй школе № 94 Варонежа.

Мемарыяльнаму музею гомельскай установы адукацыі амаль чатыры дзясяткі гадоў. Пачыналася ўсё ў далёкім 1972 годзе. Вучні 6 “Ж” класа зацікавіліся назвай вуліцы, на якой была пабудавана іх новая школа. Дзеці звярнуліся па дапамогу ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей. Даведаўшыся ад старшага навуковага супрацоўніка палкоўніка запасу М.С.Царкова пра лёс братоў-герояў, яны зацікавілі пошукавай дзейнасцю ўвесь вучнёўскі і настаўніцкі калектыў школы. Была сабрана вялікая колькасць разнастайных матэрыялаў, адбыліся сустрэчы з сынам Аляксандра Лізюкова Юрыем у Маскве, супрацоўнікамі Гомельскага абласнога краязнаўчага музея, завязалася перапіска з баявымі сябрамі, сябрамі і сваякамі братоў Лізюковых. Для арганізацыі экспазіцыі музея была выкарыстана дапамога шэфаў — калектыву Гомельскага радыёзавода. У школу прыязджалі сын А.Лізюкова Юрый і дачка П.Лізюкова Цэзарыя. Самі школьнікі пабывалі на радзіме бацькі братоў Лізюковых, у вёсцы Нісімкавічы, у Брэсцкай крэпасці, што знайшло адлюстраванне ў афармленні стэндаў музея. Узначальвалі гэтую работу настаўнікі Т.У.Гулевіч, Т.Р.Якунчанка, В.А.Маладзькова і былыя дырэктары школы Г.В.Дзьякоўская і Т.А.Цыганок.
У музеі прадстаўлены лісты, фотакопіі, асабістыя рэчы, дакументы, рэліквіі ваенных гадоў, кнігі, газеты — усё гэта вынік няспыннага пошуку, сустрэч, перапіскі з роднымі, сябрамі, аднапалчанамі, ваеначальнікамі, пісьменнікамі, супрацоўнікамі музеяў.
— Сёння ў музеі праводзяцца ўрокі гісторыі, беларускай і рускай літаратуры, — расказвае намеснік дырэктара гімназіі па метадычнай рабоце Алена Аляксееўна Казачэнка. — Па агульным меркаванні, матэрыялы музея пры прадуманым адборы і выкарыстанні на ўроках дапамагаюць вучням асэнсоўваць канкрэтныя з’явы, факты, стымулююць цікавасць да самастойнай даследчай дзейнасці. На ўроках гісторыі праводзіцца вялікая работа па фарміраванні перакананасці вучняў у тым, што мужнасць і гераізм, праяўленыя савецкімі воінамі ў час Вялікай Айчыннай вайны, сталі адным з найважнейшых фактараў Вялікай Перамогі.
У школе Варонежа музей носіць імя камандзіра пятай танкавай арміі Героя Савецкага Саюза генерал-маёра Аляксандра Ільіча Лізюкова, які загінуў пад Варонежам у ліпені 1942 года. Вучні і настаўнікі, са слоў дырэктара школы Віктара Леанідавіча, з гонарам вядуць пошукавую і асветніцкую работу ў музеі.
Ідэя наведаць Гомельшчыну, дзе нарадзіліся браты Лізюковы, узнікла даўно, але ажыццявіць яе ініцыятыўная група з Варонежа змагла толькі зараз і ніколькі не пашкадавала пра гэта, бо тая падрыхтоўка, якая вялася ў Гомелі да 70-годдзя Вялікай Перамогі, уражвала сваёй маштабнасцю. Госці па-добраму пазайздросцілі, што ў Беларусі зараз існуюць акцябраты і піянеры.
З радасцю ў гімназіі прынялі і дэлегацыю з Нісімкавіцкага ясляў-сада — базавай школы Чачэрскага раёна пад кіраўніцтвам дырэктара Івана Васільевіча Перавознікава. У гэтай школе дырэктарам працаваў Ілья Усцінавіч Лізюкоў, а Пётр Ільіч вучыўся да 5 класа. У найбліжэйшы час у школе адкрыецца музей гісторыі вёскі, у яго экспазіцыі пачэснае месца будзе адведзена братам Лізюковым.
Вучні гімназіі № 36 імя І.Мележа Гомеля правялі экскурсію па музеі братоў Лізюковых, расказалі пра гісторыю стварэння музея, пра тую работу, якая вядзецца зараз. Госці прэзентавалі музею гімназіі памятныя сувеніры: медаль “115 гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза А.І.Лізюкова”, запячатаную гільзу з зямлёй Роменскага раёна Варонежскай вобласці з месца баёў 5 танкавай арміі, кнігу вершаў “Вены акопаў” Мікіты Шаршова, члена пошукавага аб’яднання “Дон”, студэнта гістарычнага факультэта Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— У наш час ваенна-патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне набывае асаблівую важнасць, — лічыць дырэктар гімназіі № 36 імя І.П.Мележа Гомеля Святлана Іванаўна Рагавенка. — Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь павінен адчуваць сваю адказнасць перад грамадствам, добрасумленна выконваць свой абавязак перад народам, дзяржавай. Вялікая і адказная роля ў вырашэнні гэтай задачы належыць школе, бо ў ёй выхоўваюцца дзеці — будучае краіны. Гэта і ёсць наш галоўны арыенцір як у беражлівых адносінах да школьнага музея, так і ў арганізацыі падобных сустрэч.

Наталля ЛУТЧАНКА.