Скульптар Аляксандр БАТВІНЁНАК: “Калі ў нас не будзе гонару, нас і саміх не будзе…”

Наш сённяшні госць — вядомы беларускі скульптар лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Аляксандр Батвінёнак. Ён аўтар шматлікіх твораў, выкананых з розных матэрыялаў: бронзы, дрэва, граніту, мармуру. У яго родным Браславе можна ўбачыць бюст знакамітага медыка Станіслава Нарбута яго аўтарства, у Мсціславе — помнік Пятру Мсціслаўцу, у санаторыі “Крыніца” пад Мінскам — скульптурную кампазіцыю-фантан “Крыніца”, у Нацыянальнай біліятэцы Беларусі — рэльеф “Сымон-музыка” і інш. Увасобленыя ў матэрыяле скульптуры Аляксандра Батвінёнка ёсць нават у Турцыі — “Афрадыта” ў Муле і “Венера” ў Анкары.

Фармальнай нагодай для гутаркі з аўтарам паслужыла адкрыццё выставы яго скульптур у фае будынка рэктарата БДУ, прымеркаванай да 95-годдзя ўніверсітэта: у экспазіцыі прадстаўлена каля 30 твораў самай рознай тэматыкі — ад вядомых постацей беларускай і сусветнай гісторыі і культуры (Кірылы Тураўскага, каралевы польскай і княгіні Вялікага Княства Літоўскага Алены, Пятра Мсціслаўца, Якуба Коласа, Фёдара Дастаеўскага, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Міхаіла Савіцкага, Анатоля Анікейчыка, Ван Гога, Пабла Пікасо і інш.) да міфалагічных абстракцый. Але, папраўдзе, сустрэцца з Аляксандрам Батвінёнкам я хацеў і раней, асабліва зважаючы на нядаўнюю палеміку ў СМІ ў сувязі з яго праектам помніка Васілю Быкаву…

— Аляксандр Уладзіміравіч, як так атрымалася, што вы завіталі са сваёй выставай у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт?

— Усё было проста. Неяк, гасцюючы ў маёй майстэрні па вуліцы Сурганава, мой знаёмы выкладчык БДУ Аляксандр Аляксандравіч Завадскі нечакана прапанаваў мне зрабіць такую выставу. Безумоўна, я адразу ж пагадзіўся: хто ж адмовіцца ад магчымасці лішні раз паказаць людзям сваё мастацтва? Тым больш цяпер я моцна хварэю, і для мяне гэтая выстава стала яшчэ і вялікай падтрымкай у чыста чалавечым плане. Ідэю падтрымаў рэктар БДУ Сяргей Уладзіміравіч Абламейка, начальнік упраўлення па справах культуры БДУ Уладзімір Мікалаевіч Макарэвіч, за што я ім вельмі ўдзячны. І вось — ідэя ўвасобілася ў рэальнасць.


— Вы ўпершыню выстаўляецеся ў БДУ?

— Так. І, вы ведаеце, узровень арганізацыі і наогул зацікаўленасць праектам з розных бакоў мяне проста надзвычай парадавалі. Выставу адкрываў асабіста рэктар. Здымала тэлебачанне, запісвала радыё… Потым, ужо калі дзейнічала экспазіцыя, я сустракаў тут прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, міністра адукацыі Міхаіла Анатольевіча Жураўкова. Цяпер вось вы, “Настаўніцкая газета”, зацікавіліся выставай і маёй асобай. Скажу шчыра: такая ўвага не ідзе ні ў якае параўнанне, напрыклад, з тымі выставамі, якія ладзіць Беларускі саюз мастакоў у Палацы мастацтва. Туды ж на вернісаж ніводны чыноўнік з Міністэрства культуры не ходзіць. Ты аддаеш свае грошы, ты доўга рыхтуешся, ты хочаш паказаць людзям тое, што ты зрабіў, а нікому нічога не патрэбна. Як балота: бульк — і нічога!

— Аляксандр Уладзіміравіч, з якім галоўным пасылам да гледачоў вы прыйшлі ва ўніверсітэт са сваімі творамі?

— Калі коратка, гэты пасыл можна сфармуляваць так: нягледзячы на тое, што свет змяніўся і час сёння стаў зусім іншы, у нас былі і ёсць свая гісторыя, свая культура, сваё мастацтва. І яны нязменныя, хто б сёння што ні казаў пра тое, што, нібыта, як і навука, мастацтва павінна жыць новымі тэхналогіямі. Бо гэта наша спадчына. Гэта наш гонар. І калі ў нас не будзе гонару, не будзе і нас саміх. А калі нам кажуць, напрыклад, што менавіта фармальнае мастацтва — гэта новае, а фігуратыўнае павінна адысці ў гісторыю, то гэта проста хлусня. Бо фармалізм — не новае. Гэта — проста чужое, праява чужых нам культур. Прыкладаў гэтага чужога сёння безліч. Гляньце хоць бы на парк Перамогі — з гэтымі камянямі незразумелымі, з гэтай маланкай, даруйце, амаль эсэсаўскай… Што гэта? Чые гэта сімвалы? Усё што хочаце там, толькі — не беларускае. Адна толькі назва наша — “Парк Перамогі”. Але прыйдзе туды нехта, хто не будзе ведаць назвы, а ўбачыць толькі сімвалы. Што ён падумае пра нас, беларусаў, якія заваявалі Вялікую Перамогу?!

— У вашых словах, шчыра кажучы, адчуваецца і нейкая асабістая крыўда…

— Ды не. Нічога асабістага па вялікім рахунку няма. Проста я прапаноўваў у свой час уласны варыянт — архангел Міхаіл, які забівае змяю. Ён бы выдатна перагукаўся з маскоўскім Георгіем Перамаганосцам. І гэта была б повязь, быў бы знак таго, што мы разам перамаглі карычневае зло.

— Наогул, вы часта сутыкаліся з непрыняццем ці неразуменнем вашых праектаў мастацкага рашэння тых ці іншых аб’ектаў?

— Такія выпадкі былі нярэдка. І ў большасці сваёй яны звязаны якраз з тым, што людзі не ведаюць і не хочуць ведаць сваёй гісторыі. Напрыклад, будучую станцыю метро “Кавальская Слабада” архітэктары прапанавалі аздобіць нямецкай гравюрай з выявай кавалёў. Ну, нармальная такая гравюра сярэдняй мастацкай вартасці, скажам так, проста ілюстрацыя… Але ж яна нямецкая! У мяне быў свой варыянт — рэльеф “Беларускія майстры XVII стагоддзя”, прысвечаны тым нашым майстрам, якія працавалі ў Маскве, Смаленску і стварылі там шэдэўры… Не прынялі маіх “Майстроў”, не зразумелі.

Або, скажам, станцыя метро “Багушэвіча”, якая таксама сёння будуецца. Калі я прынёс свае эскізы, мне наўпрост сказалі: “Слухай, ты што, хочаш з метро музей зрабіць? У нас жа метро тут усё-такі, а не музей!” Я ім тады кажу ў адказ: “Дык жа маё афармленне ніяк не будзе перашкаджаць руху паяздоў. Проста будзе прыгожа і адметна. А людзі прыезджыя, асабліва замежнікі, усё-такі запомняць нешта менавіта беларускае ад беларускай Беларусі…” Нічога я так і не даказаў тады.

— А што вы прапанавалі?

— Я прапанаваў зрабіць партрэт Багушэвіча з граніту на фоне прарэзаных з нержавеючай сталі літар — каб там было святло і каб яно мянялася пад беларускую музыку. А па перыметры на калонах прапанаваў зрабіць вельмі яркія, рыхтык, як нашы традыцыйныя маляванкі ў стылі Алены Кіш, беларускія арнаменты. І люстры прапанаваў зрабіць вельмі цікавыя — такія доўгія жоўтыя лямпы, якія нагадваюць павука з саломкі — наш традыцыйны абярэг. Гэта ж вельмі лёгка зрабіць у прынцыпе. А вобраз быў бы неверагодны і неверагодна беларускі! У нас жа такога няма нідзе ў метро. Усё такое памяркоўнае ці нейкае фантастычна атмасфернае. А тут бы яно, беларускае, так засвяцілася!

— Аляксандр Уладзіміравіч, у сённяшняй экспазіцыі ў рэктараце БДУ дый наогул у вашай творчасці пераважаюць творы, прысвечаныя нашым выбітным гістарычным постацям, дзеячам культуры нашай навейшай гісторыі, але, зноў жа, тым, якіх ужо няма разам з намі… Вас зусім не натхняе сучаснасць, такая, якая ёсць?

— Я не казаў бы ўжо так катэгарычна. Ёсць жа, напрыклад, у мяне кампазіцыя “Крыніца” ў аднайменным санаторыі ў Ждановічах. Гэты твор мае канкрэтную перадгісторыю. У 2003 годзе я ўдзельнічаў у сімпозіуме скульптараў у Турцыі і ўбачыў там, як турэцкая жанчына-скульптар пілуе мармур. Я тады ўраз зразумеў, што мужчына ніколі не будзе так пілаваць. І тады ж мне адкрылася, што поза той жанчыны ўвасабляе крыніцу. Крыніцу жыцця. І фантан, які б’е з вянка, толькі падкрэслівае гэты падтэкст.

Што ж тычыцца постацей, то, сапраўды, мяне найбольш натхняюць яны, нашы выдатныя постаці ад мінуўшчыны да пачатку нашага стагоддзя. Асобы Кірылы Тураў-скага, Пятра Мсціслаўца, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Міхаіла Савіцкага, Анатоля Анікейчыка і многіх іншых выдатных дзеячаў нашай культуры, якім я прысвячаў свае творы, для мяне святыя. Можа быць, крыху асобна ў гэтым шэрагу стаіць фігура Фёдара Дастаеўскага, па якім я рабіў дыплом у творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР. Але ж і ў яго — нашы беларускія карані…

— Давайце пагаворым падрабязней пра помнік Быкаву вашага аўтарства, праект якога нядаўна нарабіў нямала шуму ў сродках масавай інфармацыі.

— Васіль Быкаў — гэта наогул асобная старонка ў маёй творчай біяграфіі. Над яго вобразам я пачаў працаваць яшчэ ў 1982 годзе, калі вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Па Быкаве ж рабіў і інстытуцкі дыплом. Памятаю, студэнтам вельмі хацеў ляпіць яго з натуры, быў на сустрэчы з ім у Доме афіцэраў, але так і не асмеліўся падысці з просьбай папазіраваць. Потым ужо, калі стажыраваўся ў акадэмічных творчых майстэрнях, Міхаіл Андрэевіч Савіцкі даў мне тэлефон Быкава, сказаў, каб не саромеўся і пазваніў яму. Але я зноў засаромеўся…Так вось і не атрымалася ляпіць Быкава з натуры. А помнік, пра які вы гаворыце, сёння займае ўсяго мяне.

— Што вы ўсё-такі скажаце ў адказ сваім апанентам, якія так абураліся сталом у выглядзе пяціканцовай зоркі, над якім схіліўся Васіль Уладзіміравіч у вашым праекце?

— Я скажу так: “Чытайце Быкава!” Яго творчасць выйшла з вайны. І яго зорка выйшла адтуль. А я мастак, і не люблю, калі мне кажуць, што я павінен і што не павінен рабіць. У мяне ёсць свой погляд на рэчы. І для мяне творчасць Быкава святая. А калі мне скажуць, што Васіль Быкаў адмовіўся ад звання капітана, ад ордэна Чырвонай Зоркі, ад Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы і ад сваіх твораў, то тады я скажу “дзякуй” тым людзям, якія са мной размаўляюць. Але гэта — падман. Быкаў не адмаўляўся ад усяго гэтага… Неяк я сустрэўся з адным чалавекам, які нібыта таксама вельмі любіць нашу краіну. Але, мабыць, нехта яго так заблытаў, што пры сустрэчы ён нават ледзь не накінуўся на мяне са словамі: “Гэта мой Быкаў! Не чапай яго! Я табе яго не аддам!” На што я яму адказаў: “Даражэнькі, Быкаў не толькі твой. Ён наш. І мой таксама. А яго творчасць наогул належыць усяму свету. Але калі ты думаеш інакш, то зрабі свой варыянт помніка. Хай будзе дзесяць помнікаў Быкаву!” Я ўвогуле за тое, каб паўсталі помнікі ўсім вялікім — і Быкаву, і Крапіве, і Гілевічу… Але ўся справа ў тым, што такія людзі накшталт таго, пра якога я толькі што гаварыў, быццам змагаюцца за свае помнікі, а насамрэч хочуць, каб наогул не было ніводнага помніка.

— Ну, няўжо вы сапраўды думаеце, што гэтыя людзі хочуць, каб не было помнікаў?

– Я, можа, і пагарачыўся, так сказаўшы. Але яны самі не ведаюць, чаго хочуць. А ўжо каб гранітны Быкаў быў з зоркай, дык пагатоў не хочуць. Чаму не хочуць? Ды таму, што іх ідэалогія адразу атрымліваецца перабітая. Бо выходзіць, што Быкаў быў савецкі. А ён і быў савецкі! Ён наўпрост казаў, што чалавек у розныя, асабліва вельмі складаныя моманты жыцця вельмі выразна і адназначна праяўляецца: ёсць у яго сілы духу ці няма, герой ён ці здраднік… І як тут абысціся без зоркі? З крыжам Быкава рабіць? Дык ён святаром не быў. На каня яго пасадзіць? Дык ён жа і вершнікам не быў. Проста гэтыя людзі хочуць узяць Быкава пад свой сцяг і гэтым сцягам адкінуць яго творчасць.

— І ўсё ж, наколькі ведаю, вы перарабілі першасны варыянт праекта помніка Васілю Быкаву…

— Так, я перарабіў. Але ўсё роўна там засталася зорка як галоўны акцэнт. Я проста прыпадняў гэтую зорку, бо ў першасным варыянце быкаўскія цытаты на гранях стала-зоркі было нязручна чытаць. А цяпер эфект такі, як быццам Быкаў выходзіць з гэтай зоркі, як быццам з вайны выходзіць…

— А што наконт рэальных перспектыў узвядзення помніка? Ці вядома, дзе ён будзе стаяць?

— Планавалася, што каля сталічнага Дома літаратара, павернуты ў бок плошчы Перамогі. А што да перспектыў, ведаю толькі адно: я яго ўсё роўна зраблю. Буду праца-ваць і зраблю. Я падумаю яшчэ, як і з кім знайсці магчымасць паставіць гэты помнік. Людзі, якія хочуць нешта зрабіць, шукаюць магчымасць. А тыя, хто не хоча, шукаюць прычыну.

— Аляксандр Уладзіміравіч, цяжка сёння жывецца скульптару?

— Нялёгка. Я ўжо казаў пра “ўвагу” чыноўнікаў з Мінкульта да нашай творчасці. І з заказамі праблема, і з заказчыкамі, і з матэрыяламі… Памятаю, неяк дапамагаў працаваць над мемарыяльнай дошкай Аскару Марыксу Заіру Ісаакавічу Азгуру. Аднойчы прыйшоў да яго ў майстэрню, кажу яму шчыра: “У мяне грошай не хапае зараз на мармур… А трэба работу дарабіць. Ці не маглі б вы неяк дапамагчы?” А ён мне: “Ды забірай увесь” — і паказвае, дзе мармур ляжыць. Тады адразу забраць не ўдалося. А неўзабаве Заір Ісаакавіч памёр. А потым тэлефануе мне яго ўдава: “Вы ж мармур хацелі ў Заіра Ісаакавіча ўзяць? Прыязджайце, забірайце”. Усе мае творы з мармуру — усе яны з каменя Азгура…

— Як вы лічыце, вулічная скульптура сапраўды здольна істотна паўплываць на свядомасць людзей?

— Гэта як аксіёма. Гэта нават не абмяркоўваецца. Ну вось, напрыклад, паставілі помнік Шуру Балаганаву ў Бабруйску. Гэта ж сапраўдны здзек з людзей. Злодзей, няўдачнік — і яму помнік! А моладзь будзе хадзіць і гаварыць: “Во, раз помнік паставілі, значыць, знакамітая асоба, значыць, трэба на яе раўняцца…”

— А я, дарэчы, нядаўна чуў, што нейкая арт-суполка ў Піцеры паставіла помнік бамжу-алкаголіку…

— Так, так, з той жа оперы. Дык вось я кажу: у бочцы з салёнымі агуркамі свежых не бывае. І калі мы зробім палацы, будуць хадзіць людзі выхаваныя, а зробім зямлянкі — будуць хадзіць… А можа, і не хадзіць, і нават не лазіць… Можа, нават поўзаць пачнуць… Асяроддзе, у якім мы жывём, робіць нас. А мы робім асяроддзе. І калі мы жывём у нечым нядобрым, значыць, мы такія ж.

— Дзякуй вялікі за гутарку.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.