Строгая толькі ў верасні

- 9:00Людзі адукацыі

Сярод навучэнцаў Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа цяжка ўгадаць намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталлю Кавалёву. Адзінае, што выдае маладога педагога, — галасы дзяўчат і хлопцаў: “Добры дзень, Наталля Ігараўна”.

Станаўленне будучага педагога пачалося далёка не ў дзяцінстве. Кім толькі ні бачыла сябе маленькая Наташа: стаматолагам, бухгалтарам, інжынерам. Прафесію стаматолага палюбіла дзякуючы свайму доктару: хацелася быць такой жа добрай. Жаданне стаць бухгалтарам і інжынерам перай­шло да дзяўчынкі з генамі: бацькі, брат і многія з родных — прадстаўнікі гэтых прафесій. Усё кардынальна змянілася на этапе падачы да­кументаў. Абітурыент­ка раптам вырашыла: “Іду ў БДПУ”. Выбар Наталлі моцна здзівіў родных. Брат нават перапытаў: “Куды ты паступаеш? Навошта?”

Сама Наталля Ігараўна называе сваё рашэнне шчаслівым выпадкам, з якога пачалося яе ўваходжанне ў педагогіку. Пасля студэнтка працавала ў летніках, спрабавала свае сілы ў школе. На старшых курсах яна зразумела, што хацела б быць педагогам ва ўстанове сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Наталля пачала шукаць месца будучай працы задоўга да выпуску. На пачатку апошняга навучальнага года дзяўчына тэлефанавала ў каледжы горада. Неўзабаве яна даведалася, што хутка адкрыецца Мінскі гарадскі педагагічны каледж, і ўжо праз два месяцы прахо­дзіла там субяседаванне.

У каледж Наталля Кавалёва прый­шла ў першы дзень яго работы. Яе прывабіла добразычлівая атмасфера. Было відавочна, што выкладчыкі імкнуцца развівацца. Хутка малады спецыяліст стала куратарам студэнцкай групы. Педагог успамінае, што найбольшыя цяжкасці для яе ўзніклі ў афармленні дакументацыі, з чым дапамаглі справіцца намеснікі дырэктара. Па словах Наталлі Ігараўны, старэйшыя калегі ніколі не пакідалі малодшых сам-насам у складаных сітуацыях, заўсёды падстаўлялі плячо.

Акрамя асноўнай адукацыі (спецыяльнасць “Фізіка-тэхнічная твор­часц­ь”), за плячыма педагога магістратура (спецыялізацыя “тэорыя і методыка навучання і выхавання (фізіка)”) і аспірантура. Навуковыя пошукі Наталлі Кавалёвай прысвечаны методыцы выкладання фізікі з дапамогай ментальных карт і візуалізацыі. Жаданне вучыцца педагог, якая зараз працуе над кандыдацкай дысертацыяй, тлумачыць імкненнем да самаўдасканалення і назапашвання прафесійных ведаў. Яшчэ адна прычына заключаецца ў тым, што ў кале­джы цалкам раскрыўся арганізатарскі і творчы патэнцыял спецыя­ліста.

“Я візуал. Мне важна бачыць перад сабой карцінку. Таму мае работы прысвечаны метадам, з дапамогай якіх падачу матэрыялу можна зрабіць графічнай”, — тлумачыць Наталля Ігараўна.

Ва ўзаемадзеянні з навучэнцамі праблем у маладога педагога не ўзнікала ніколі. З аднаго боку, гэта можна па­тлумачыць невялікай розніцай ва ўзросце паміж выкладчыкам і навучэнцамі. З другога, сакрэт лёгкай камунікацыі — у актыўнасці спецыяліста, якую з задавальненнем падзяляюць хлопцы і дзяўчаты.

“Усе нашы навучэнцы розныя, і кожны дзень з імі не падобны да папярэдняга. Калі дзеці не хочуць ні ў чым удзельнічаць, хутчэй за ўсё, у іх малаактыўны куратар. Мы з групай хадзілі ўсюды, бо нам было цікава разам, — дзеліцца Н.І.Кавалёва. — Я звычайна імкнуся паставіць сябе на месца навучэнца. Што можа захапіць шаснаццацігадовага чалавека? Калі становіцца цікава мне — спадабаецца і ім, калі не — трэба шукац­ь нешта іншае”.

Свае словы Наталля Ігараўна даказвала справай, а дапамагаў ёй у гэтым яе маленькі пляменнік Арсеній. Навучэнцы каледжа неаднойчы распрацоўвалі гульні для дашкалят і дзяцей малодшага школьнага ўзросту. А як даведацца, што цікавіць малых? Вядома, спытаць у іх напрамую. Так, Сеня стаў тэсціроўшчыкам многіх распрацовак будучых педагогаў, і некаторыя яго заўвагі дапамаглі ўдасканаліць праекты. У выніку такога падыходу восем выпускнікоў з куратар­скай групы Наталлі Ігараўны скончылі каледж з чырвоным дыпломам. Дарэчы, гэты паказчык і сёння застаец­ца рэкордным ва ўстанове.

“Дзяцей трэба ўмець выслухац­ь, калі ім гэта неабходна. Падтрымка і імкненне зразумець павінны прысутнічаць нават тады, калі ты за нешта ім выгаворваеш, — пераканана намеснік дырэктара. — Спачатку я давала сабе ўстаноўку, што трэба быць строгай. Але хапае мяне ненадоўга. Дзеці разуме­юць, што я добрая. Кажуць, што я строгая толькі ў верасні”.

Наталля Ігараўна ўпэўнена, што выкладчык, асабліва калі ён куратар, з часам ведае амаль усё пра сваіх навучэнцаў — імёны бацькоў, месца жыхарства, захапленні. Яна параўноўвае сваю прафесію з работай акцёра на сцэне: калі выкладчык з дзецьмі — ён аддае сябе і свае сілы напоўніцу, гарыць урокам, а калі застаецца адзін — адразу мяняецца, і патрэбен некаторы час, каб аднавіцца. А прафесійнае жыццё Наталля Ігараўна называе эпапеяй пра Гары Потэра, бо кожны дзень напоўнены прыгодамі, адказамі на сот­ні пытанняў і, у нейкай ступені, магіяй.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.