Студэнты БрДУ імя А.С.Пушкіна маюць шырокія магчымасці для рэалізацыі сваіх ідэй і праектаў

- 9:00Главная, Образование

Як захапіць навукай больш за палову студэнтаў УВА і якім чынам выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для прасоўвання сваіх даследаванняў, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У кожным універсітэце краіны створаны саветы маладых вучоных, якія праводзяць актыўную работу па папуля­рызацыі навуковай дзейнасці і далучэнні да яе студэнцкай моладзі. Не выключэнне і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Тут навукова-даследчай работай ахоп­лена каля 60% студэнтаў.

— У нашым універсітэце функцыянуе 8 навукова-педагагічных школ і больш за сотню студэнцкіх навукова-даследчых аб’яднанняў. На кожным факультэце дзейнічаюць студэнцкія навуковыя гурткі, групы і лабараторыі. Таму ўсе нашы студэнты ма­юць шырокія магчымасці для навуковай дзейнасці і рэалізацыі сваіх ідэй і праектаў, — расказала старшыня савета маладых вучоных установы Ганна Маеўская, выкладчык кафедры гарадскога і рэгіянальнага развіцця.

У склад савета маладых вучоных БрДУ ўваходзіць 15 чалавек — гэта прадстаўнікі кожнага факультэта, якія дасягнулі пэўных поспехаў у навуцы. Сярод іх — аспіранты, маладыя выкладчыкі і кандыдаты навук.

— А яшчэ ў нашым савеце і самы малады доктар навук універсітэта — Аляксандр Аляксандравіч Трафімук. Летась ён ва ўзросце 38 гадоў абараніў доктарскую дысертацыю па фізіка-матэматычных навуках, — паведаміла Ганна Мікалаеўна.

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце створаны ўсе неабходныя ўмовы для развіцця навукі. Студэнты выступаюць выканаўцамі фінансуемых навукова-даследчых работ. Ва ўстанове арганізуюцца разнастайныя мерапрыемствы: семінары, конкурсы, дні студэнцкай навукі і г.д. Адна з традыцыйных універсітэцкіх канферэнцый — штогадовая навукова-практычная канферэнцыя маладых вучоных, якая адбылася ўжо 25-ы раз.

— Безумоўна, каб студэнт зацікавіўся даследаваннямі, яму неабходна сус­трэць апантанага навукай педагога. Такіх выкладчыкаў у нашым універсітэце шмат. Але асабіста мне хочацца вылучыць Алега Васільевіча і Святлану Міхайлаўну Такарчук — дацэнтаў кафедры гарадскога і рэгіянальнага развіцця. Яны пастаянна займаюцца са студэнтамі навукай, прывіваючы цікавасць да яе, у тым ліку дзякуючы выкарыстанню краязнаўчага падыходу. А яшчэ яны заўсёды імкнуцца падбіраць тэмы з улікам інта­рэсаў студэнтаў, таму і тэматыка курсавых работ вельмі разнастайная. Такая работа са студэнтамі прыносіць плён і прызнанне. Так, у верасні студэнтка Святланы Міхайлаўны Ангеліна Ігначук стала ўладальніцай дыплома ІІ ступені на конкурсе “100 інавацый маладых вучоных”. А потым свой праект “ГІС-каталог “Ацэнка стану паверхневых і падземных вод горада Брэста” прадставіла ў Маскве на Акадэмічным форуме маладых вучоных краін Вялікай Еўразіі “Кантынент навукі”, — праінфармавала Г.М.Маеўская.

У БрДУ навукова-даследчай работай ахоплена каля 60% студэнтаў.

Дарэчы, студэнты БрДУ часта і самі праяўляюць актыўнасць і папулярызуюць навуку праз сацыяльныя сеткі. Там яны расказваюць пра свае даследаванні і дзеляцца лайфхакамі з навукоўцамі-пачаткоўцамі. Так, прадстаўнікі СНДЛ “ГІС і тэрытарыяльнае кіраванне” пад кіраўніцтвам С.М.Такарчук вядуць YouTube-канал. На ім прадстаўлены аўтарскія ролікі, у якіх тлумачыцца, што такое ГІС-тэхналогіі, як навучыцца імі карыстацца і выкарыстоўваць у навуковых даследаваннях.

— На гэтым канале размешчаны свайго роду відэашпаргалкі па ГІС-тэхналогіях: рабоце з воблачнай платформай картаграфавання ArcGIS Online, распрацоўцы і рэалізацыі картаграфічных вэб-прадуктаў, рабоце з картамі гісторый (Story Maps) і іншымі вэб-дадаткамі, — дадала старшыня савета маладых вучоных БрДУ.

Маладыя вучоныя Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзяць шэраг грунтоўных даследаваняў. Напрыклад, зараз выконваецца грант па псіхалогіі БРФФД па вывучэнні самасвядомасці маладых жанчын як умовы фарміравання матывацыі дзетараджэння, а біёлагі даследу­юць уплыў прыродных брасінастэроідаў і іх кан’югатаў з кіслотамі на марфаметрычныя і фізіёлага-біяхімічныя параметры розных раслін.

Дарэчы, развіццю фізіка-матэматычных даследаванняў спрыяе і STEM-цэнтр, які быў адкрыты ў БрДУ два гады назад. У ім для школьнікаў і студэнтаў праводзяць курсы па фізіцы, матэматыцы, праграмаванні і робататэхніцы, займаюцца падрыхтоўкай да алімпіяд.

— За гэты час у цэнтры прайшлі навучанне каля сотні вучняў 5—11 класаў. Яны вывучаюць у нас не толькі робататэхніку, але і паглыблена фізіку і матэматыку. Ёсць сумесныя праекты са школамі па збіранні і праграмаванні робатаў. Усё гэта стымулюе школьнікаў — будучых абітурыентаў — да атрымання фізіка-матэматычнай адукацыі менавіта ў нашым універсітэце. Між іншым не абыходзім увагай і настаўнікаў, праводзім для іх розныя семінары па матэматыцы, фізіцы, методыцы выкладання гэтых дысцыплін і робататэхніцы, — праінфармавала намеснік дэкана па вучэбнай рабоце ФМФ БрДУ Кацярына Уладзіміраўна Зубей.

Вучоным быць лёгка

Асабліва калі займаешся любімай справай. Любоў да геаграфіі Ганне Мі­калаеўне прывіла яе цётка — Алена Анатольеўна Маеўская, настаўніца геаграфіі Ленінскай сярэдняй школы Жабінкаўскага раёна. Яна дапамагла ёй вызначыцца і з будучай прафесіяй. Пасля атрымання спецыяльнасці “Геаграфія” наша гераіня паступіла ў магістратуру, дзе напісала дысертацыю “Сістэматызацыя тэматычнай геапрасторавай інфармацыі на прыкладзе стварэння рэгіянальных прыродаахоўных парталаў”.

У час навучання ў магістратуры Г.М.Маеўская была старшынёй студэнцкай навукова-даследчай групы “Канструктыўная геаграфія і ГІС”, а таксама членам студэнцкага навуковага аб’яднання на той момант яшчэ геаграфічнага факультэта. Неаднаразова ўдзельнічала ў розных конкурсах. Так, па выніках Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў (2019 і 2020 гады) двойчы была ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і ўключана ў банк даных адоранай і таленавітай моладзі.

— Сярод тэматычна блізкіх конкурсаў з пункту гледжання маёй спецыяльнасці можна зга­даць конкурс картаграфічных вэб-дадаткаў, створаных з дапамогай ArcGIS. У 2018 годзе пры падвядзенні вынікаў рускамоўнага конкурсу на канферэнцыі Esri ў Расіі і краінах СНД, якая прайшла ў Маскве, мой праект “Прыродаахоўны атлас Жабінкаўскага раёна” быў адзначаны як адзін з лепшых. Акрамя таго, у гэты ж час я была адказным выканаўцам студэнцкага гранта Мінадукацыі па распрацоўцы шматмэтавай інтэрактыўнай картаграфічнай базы даных помнікаў прыроды Брэсцкай вобласці. Гэтай базай і зараз карыстаецца Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, — акцэнтавала ўвагу Ганна Мікалаеўна.

Не так даўно яна скончыла аспірантуру па спецыяльнасці “Фізічная геаграфія і біягеаграфія, геаграфія глеб і геахімія ландшафтаў”. Адпаведна і тэматыка яе даследаванняў змянілася, бо Ганна Мікалаеўна пачала займацца геалогіяй і лічбавым ма­дэляваннем геалагічнай будовы. Зараз яна выконвае работу па тэме “Распрацоўка геолага-інфармацыйнай мадэлі кайназойскіх адкладанняў тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей як асновы для прагназавання новых найбольш даступных радовішчаў мінеральнай сыравіны” пад кіраўніцтвам доктара геолага-мінералагічных навук М.А. Багдасарава.

— Калі сказаць больш простымі словамі, то наша даследаванне звязана з лічбавым ма­дэляваннем геалагічнай будовы абазначаных тэрыторый для наступнай ацэнкі перспектыў асваення сыравіннай базы агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў. Гэтую распрацоўку мы пачалі ў 2021-м. Ужо завершаны работы на Брэстчыне, а ў 2024—2025 гадах будзем выконваць гэтую тэму для тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Лічбавыя тэхналогіі зараз вельмі папулярныя, таму такія даследаванні на стыку класічных дысцып­лін — геалогіі і інфармацыйных тэхналогій — могуць даць новыя вынікі і дазволяць абнавіць назапашаную папярэднікамі інфармацыю, прадставіўшы яе на якасна новым узроўні, — патлумачыла Г.М.Маеўская. — Мне хацелася б працягнуць свае даследаванні па геалогіі, нягледзячы на тое, што гэты кірунак я выбрала толькі ў аспірантуры, пачынала практычна з нуля і на пачатку было вельмі складана. Тым не менш я палюбіла гэты прадмет і настолькі ў яго паглыбілася, што ўжо не ўяўляю сваёй будучыні без яго.

Да таго ж Ганна Мікалаеўна займаецца выкладаннем і ву­чыць студэнтаў ствараць картаграфічныя дадаткі, бо геаграфія не можа быць без карт.

— Такі сучасны фармат ства­рэння карт вельмі цікавы студэнтам. Яшчэ з пачатку бягучага навучальнага года курырую вучэбную групу 3 курса. Ведаеце, у мяне зараз вельмі каштоўны час, бо паміж мной і маімі, так бы мо­віць, выхаванцамі розніца ва ўзросце невялікая. Таму, з аднаго боку, студэнты паважаюць мяне як выкладчыка, а з другога — ставяцца як да сябра і давяраюць мне, — прызналася малады выкладчык.

На маё пытанне, што можна параіць маладым вучоным на шляху да самарэалізацыі, яна адказала так:

— Вучоным быць лёгка, бо навука — гэта цікава. Для мяне навука не столькі праца, колькі любімае баўленне часу. Бо калі я займаюся даследаваннямі, то адпачываю. Калі навука ператвараецца ў  хобі, на яе заўсёды знаходзіцца вольны час. Асаблівую каштоў­насць для маладых вучоных уяўляюць лю­дзі, якія іх матывуюць і накіроўва­юць. Для мяне такім чалавекам стаў мой навуковы кіраўнік — в.а. загадчыка кафедры гарадскога і рэгіянальнага развіцця, прафесар, член-ка­рэспандэнт НАН Беларусі Максім Альбертавіч Багдасараў. А яшчэ асабіста я прытрымліваюся дэвіза “Не бойся, што не атрымаецца, бойся, што не паспрабаваў”. Гэта  значыць, заўсёды трэба спраба­ваць, бо інакш не даведаешся, якім будзе вынік. Калі ж раптам пачынаюць апускацца рукі, прыгадваю выраз “Дорогу осилит идущий”, і ён мяне адразу матывуе.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара