Ствараем умовы для якаснай адукацыі і павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў

- 10:00Планёрка ў рэгіёне

Ушацкі раён Віцебскай вобласці з’яўляецца аграрным раёнам рэспублікі. Адукацыйна-выхаваўчая дзейнасць ва Ушацкім раёне ў 2020/2021 навучальным годзе ажыццяўлялася ў 13 установах адукацыі. Акрамя таго, у падпарадкаванні аддзела адукацыі знаходзіцца дзіцячы дом сямейнага тыпу ў аграгарадку Арэхаўна. Пра асаблівасці функцыянавання сістэмы адукацыі свайго раёна расказвае начальнік аддзела адукацыі Ушацкага раённага выканаўчага камітэта Маргарыта ВАРАВА.

— Маргарыта Віктараўна, падводзячы вынікі 2020/2021 навучальнага года, пра што хочацца сказаць у першую чаргу?

— Што ён завяршыўся добра. Усе навучэнцы нашых устаноў адукацыі паспяхова здалі выпускныя экзамены, большасць выпускнікоў прайшлі цэнтралізаванае тэсціраванне. Нельга не радавацца за нашага выпускніка, які атрымаў па выніках ЦТ стабальны сертыфікат. Марат Клачок, выпускнік Ушацкай сярэдняй школы, атрымаў запаветную “сотню” па хіміі. Тое, што нашы дзеці таленавітыя, пацвярджаецца штогадовым удзелам вучняў у абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. З чатырох ­удзельнікаў абласнога этапу ўсе ўзнагароджаны дыпломамі, а навучэнец 9 класа Ушацкай сярэдняй школы Дзяніс Шук па хіміі паказаў абсалютны вынік. У заключным этапе прымалі ўдзел два навучэнцы, адзін з якіх заваяваў дыплом пераможца.

У гэтым навучальным годзе ўпершыню право­дзілася абласная алімпіяда па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў 7—8 класаў. Навучэнка Вялікадалецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дамініка Лапіцкая заваявала дыплом ІІІ ступені па рускай мове і рускай літаратуры.

Чатыры навучэнцы Ушацкай сярэдняй школы прынялі ўдзел у рэспубліканскім інтэлектуальным праекце “Я-ведаю!”. З іх Марат Клачок і Кацярына Мартынюк выйшлі ў суперфінал, дзе таксама прадэманстравалі сваю высокую эрудыцыю. Нашы школьнікі паказвалі поспехі не толькі ў вучобе. Яны заваявалі дыпломы ў абласным конкурсе чытальнікаў “Жывая класіка”, абласным фестывалі міжкультурных камунікацый, XVIII Міжнароднай дыстанцыйнай алімпіядзе школьнікаў па хіміі “Інтэр-Хімік-Юніёр — 2020”, абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Квант”.

Вядома, выхаванне і адукацыя падрастаючага пакалення шмат у чым залежаць ад педагогаў.

У нашым раёне вядзецца мэтанакіраваная плённая работа па прафесійным росце педагогаў. Упершыню на базе Ушацкай сярэдняй школы прайшла

IV Нацыянальная (не)канферэнцыя для школьных настаўнікаў EdCamp Belarus 2020 “Лепшыя практыкі ў кожным класе краіны”, у якой прынялі ўдзел творчыя педагогі з усёй Беларусі. У маі быў праведзены першы рэгіянальны педагагічны эдутон “Ушацкая хваля”. І нам удвая прыемна, што пра Ушачы веда­юць не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.

Акрамя таго, педагогі ўстаноў раёна прадастаўляюць вопыт сваёй работы ў сродках масавай інфармацыі, прадметных часопісах, удзельнічаюць у розных конкурсах. Напрыклад, маладая сям’я педагогаў  Арцёма Іванавіча і Таісіі Ігараўны Церашкаўцоў  з Глыбачанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы 2 гады з’яўляецца пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”.

— Якія актыўнасці прапануеце дзецям на летніх канікулах?

— Лета — гэта пара сапраўднага адпачынку для дзяцей. І наша задача —  зрабіць так, каб летні адпачынак быў паўнавартасным, напоўненым новымі ўражаннямі, цікавымі сустрэчамі, каб пашыраўся кругагляд дзяцей па розных напрамках. У летні перыяд 2021 года ў раёне арганізавана работа 16 аздараўленчых лагераў для 425 дзяцей і падлеткаў. ­У цяперашні час ужо прайшлі аздараўленне 185 дзяцей у дзённых лагерах, 50 — у лагерах працы і адпачынку, 103 — у кругласутачных лагерах. Традыцыйна карыстаюцца вялікім попытам у дзяцей і іх бацькоў турысцка-краязнаўчы палатачны лагер і дзённы ваенна-патрыятычны лагер “Юнацтва”.

 Неперасовачны турысцка-краязнаўчы палатачны лагер “Альтаір” арганізуецца Ушацкім раённым цэнтрам дзяцей і моладзі з 2007 года. Для эфектыўнай работы летніка выбіраюцца такія месцы Ушацкага раёна, дзе магчымая арганізацыя практычнай краязнаўчай дзейнасці і цікавых навучэнцам турыстычных паходаў. Ваенна-патрыятычны дзённы аздараўленчы лагер “Юнацтва” быў арганізаваны Ушацкай сярэдняй школай сумесна з Ушацкім РАНС.

— Лета — гэта яшчэ і падрыхтоўка да новага навучальнага года. Як гэтая дзейнасць арганізавана ў вашым раёне?

— Сапраўды, лета — гэта не толькі час адпачынку для навучэнцаў, але і адказная пара падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. У рамках падрыхтоўкі праводзяцца касметычны рамонт і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ва ўсіх установах адукацыі раёна. Работы па падрыхтоўцы ўстаноў да новага навучальнага года право­дзяцца як за кошт бюджэтных сродкаў, так і за сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці.

— Сёння вельмі актуальнай з’яўляецца дапрофільная і профільная падрыхтоўка школьнікаў. Як яна наладжана ў вашым раёне?

— У нашым раёне профільнае навучанне арганізавана па трэцяй мадэлі фарміравання профільных класаў. У 2020/2021 навучальным годзе такія класы былі арганізаваны толькі ва Ушацкай сярэдняй школе: у 10-х класах навучэнцы вывучалі на павышаным узроўні грамадазнаўства і замежную мову, а навучэнцы 11-х класаў працягнулі вывучаць на павышаным узроўні фізіку і матэматыку. У новым 2021/2022 навучальным годзе плануецца адкрыццё дзвюх груп. Навучэнцы групы педагагічнай накіраванасці будуць вывучаць на павышаным узроўні грамадазнаўства і замежную мову, а навучэнцы аграрнай групы — хімію і біялогію.

Сёння прафесійнай арыентацыі адводзіцца новая роля — стварэнне ўмоў для псіхолага-педагагічнай падтрымкі моладзі ў яе прафесійным самавызначэнні,  для дапамогі ў выяўленні прафесійных інтарэсаў, схільнасцей, вызначэнні рэальных магчымасцей у асваенні той ці іншай прафесіі, паспяховай сацыялізацыі ў грамадстве і актыўнай адаптацыі на рынку працы. У сувязі з гэтым істотна ўзрастае значэнне дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання, дзе прафесійная арыентацыя з’яўляецца адным з важных кампанентаў. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна рэалізуецца праект “Хачу быць… і буду!”. Удзельнікамі праекта з’яўляюцца вучні 7—11 класаў, баць­кі, педагогі, прадстаўнікі зацікаўленых служб. Галоўнай мэтай гэтага праекта з’яўляецца стварэнне сістэмы комплекснай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі для фарміравання рацыянальнага балансу паміж прафесійным самавызначэннем выпускнікоў школ і патрэбамі рынку працы.

Прафесійная падрыхтоўка ў рамках прадмета “Працоўнае навучанне” праводзілася па прафесіях швачка другога разраду і агароднік без разраду. Усе навучэнцы паспяхова засвоілі праграму прафесійнай падрыхтоўкі, прайшлі вытворчую практыку, здалі кваліфікацыйны экзамен і атрымалі пасведчанні ўстаноўленага ўзору.

— А што сёння больш за ўсё хвалюе начальніка?

— У першую чаргу непакояць пытанні захавання здароўя, бяспекі навучэнцаў і педагогаў. Не можа не хваляваць зніжэнне колькасці навучэнцаў, праблема папаўнення педагагічнай каманды раёна маладымі педагогамі. Стварэнне сучаснай адукацыйнай прасторы ва ўстановах, умацаванне і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы таксама ў цэнтры ўвагі, бо ўсё гэта — умовы якаснай адукацыі і павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.