Стварыць станоўчы імідж школы

- 15:03Спецыяльная адукацыя

Пры будаўніцтве сярэдняй школы № 25 Мінска ў мікрараёне Брылевічы ўлічвалася, што ва ўстанове будуць вучыцца дзеці з парушэннем апорна-рухальнага апарату. Стваралася безбар’ернае асяроддзе, усталёўваліся пандусы, ліфт, спецыяльныя санвузлы і гардэробы. Фасад будынка ўпрыгожыла эмблема з надпісам “Разам да назначанай мэты” і выявай двух дзяцей, якія трымаюцца за рукі, прычым адно з іх — на калясцы. У школе займаюцца не толькі “апорнікі”, але і дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення, з аўтызмам, сіндромам Даўна і інш. Школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па інтэграваным навучанні і выхаванні, на яе базе рэалізуецца праект па стварэнні станоўчага іміджу агульнаадукацыйнай установы, у якой вучацца дзеці з АПФР. Дырэктар школы Вольга Аляксандраўна Якушык на сваёй пасадзе з 2013 года, а працуе ва ўстанове з моманту яе адкрыцця — з 2009 года.

Сфарміраваць талерантныя адносіны

“Дваццаць гадоў назад, калі я толькі пачынала працаваць настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі, — расказала Вольга Аляксандраўна, — мне прапанавалі вучыць дома хлопчыка з ДЦП. У школе разам з іншымі дзецьмі ён вучыцца не мог, бо перамяшчаўся толькі на калясцы. Хлопчык быў вельмі разумны, бацькі стварылі для яго навучання ўсе неабходныя ўмовы, набылі сучасны камп’ютар. Я вучыла яго інфарматыцы, але празаймалася з ім толькі два месяцы. Не магла спакойна глядзець на яго перажыванні ад таго, што ён пастаянна сядзеў дома, не меў сяброў. У той час нават не ўяўляла, што ўзначалю школу, якую будуць наведваць дзеці з абмежаваннямі і дзе будуць свабодна перамяшчацца па ёй нават на інваліднай калясцы.

Сёння ў нашай школе займаюцца 1500 навучэнцаў, 35 з іх маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, у 14-і з гэтай колькасці ёсць парушэнні функцыі апорна-рухальнага апарату. Вучняў, якія карыстаюцца каляскай, у нас 8. Дапамогу ў перамяшчэнні па школе ім аказвае памочнік выхавальніка. Адпаведныя неабходныя пасады былі ўведзены ў штатным раскладзе Адміністрацыяй Маскоўскага раёна. Дзяцей з аўтычнымі парушэннямі суправаджаюць цьютары. Падчас урокаў яны знаходзяцца побач з імі і аказваюць дапамогу пры асваенні праграмы.

У школе функцыянуюць 11 інтэграваных класаў. Спачатку ў многіх бацькоў само паняцце “інтэграцыя” выклікала пачуццё недаверу, яны баяліся, што іх здаровым дзецям будзе ўдзяляцца менш увагі з боку настаўніка, чым дзецям з АПФР. Даводзілася папулярна тлумачыць, што інтэграваныя класы фактычна не адрозніваюцца ад звычайных, што ўсе выпускнікі школы атрымаюць аднолькавыя атэстаты. Мы праводзім сістэмную работу з педагогамі, бацькамі і вучнямі па фарміраванні талерантных адносін да дзяцей з АПФР, па стварэнні станоўчага іміджу нашай школы ў мікрараёне. Падрыхтавалі і адпаведны адукацыйны праект, які быў адзначаны грантам Мінгарвыканкама. Праблемных пытанняў з боку бацькоў у апошні час практычна не ўзнікае. І паміж навучэнцамі інтэграваных класаў канфліктных сітуацый таксама ўдаецца пазбягаць. Як правіла, яны з’яўляюцца аднакласнікамі з першага класа, паміж імі ў працэсе сумеснага навучання ўсталёўваюцца спакойныя ўзаемаадносіны. Увогуле, усе школьнікі вельмі добра ставяцца да дзяцей з асаблівасцямі, заўсёды гатовы прыйсці ім на дапамогу”.

Выбраць правільны кірунак развіцця

“Мы падтрымліваем права бацькоў пры вырашэнні пытання, як вучыць дзіця (у інтэграваным або звычайным класе, у спецыяльнай школе ці дома), якую адукацыйную праграму выбраць для яго, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Генадзьеўна Бандарэнка. — У школе ёсць навучэнец з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату, які займаецца дома па праграме першага аддзялення дапаможнай школы. Бацькі вырашылі, што так яму камфортней. Нашы спецыялісты імкнуцца арганізаваць належнае навучанне для кожнага дзіцяці. Толькі заклікаюць бацькоў, каб яны выбіралі самую прымальную і эфектыўную форму адукацыі для сваіх дзяцей. Для некаторых бацькоў веды, якія іх дзіця атрымае ў школе, не маюць ключавога значэння, для іх непрынцыпова, наколькі хутка дзіця навучыцца чытаць і пісаць, рашаць прыклады. Больш важныя для іх пытанні сацыялізацыі дзіцяці, каб яно было шчаслівым менавіта зараз і мела сяброў.

Некаторыя бацькі не пагаджаюцца з заключэннямі спецыялістаў ЦКРНіР, якія рэкамендуюць іх дзіцяці заняткі па спецыяльнай праграме, і выбіраюць праграму агульнаадукацыйную. Мы ідзём насустрач такім пажаданням, хаця разумеем, што не заўсёды гэты выбар правільны. Калі становіцца відавочна, што дзіця не спраўляецца з патрабаваннямі агульнай праграмы, бацькі часцей за ўсё выбіраюць для яго іншую праграму, якая яму больш падыходзіць. Дзякуючы заняткам па спецыяльнай праграме, некаторыя парушэнні ў навучэнцаў удаецца выправіць. Так, некаторыя вучні пачатковых класаў нашай школы, якія вучыліся па праграме для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, вырашылі свае праблемы. Тым больш што на гэта ім адводзілася 5 гадоў (спецыяльныя праграмы прадугледжваюць дадатковы год навучання ў пачатковых класах)”.

Навучэнцы школы, якім неабходна спецыяльная праграма (дзецям з цяжкімі парушэннямі маўлення, цяжкасцямі ў навучанні, інтэлектуальнай недастатковасцю), займаюцца ў інтэграваных класах поўнай і няпоўнай напаўняльнасці. Калі, напрыклад, у класе трое асаблівых дзяцей, то лічыцца, што гэта клас поўнай напаўняльнасці. Дзеці з АПФР у ім па асноўных прадметах пачатковых класаў займаюцца асобна ад усяго класа разам з настаўнікам-дэфектолагам. Прадметы “Чалавек і свет”, “Выяўленчае мастацтва”, “Працоўнае навучанне”, “Музыка” і інш. яны асвойваюць разам з астатнімі аднакласнікамі. У інтэграваных класах няпоўнай напаўняльнасці такой магчымасці няма (стаўка настаўніка-дэфектолага ў іх не прадугледжана), дзеці з асаблівасцямі на ўсіх уроках займаюцца побач са звычайнымі равеснікамі, але атрымліваюць дадаткова карэкцыйную дапамогу настаўніка-дэфектолага на ПКПД.

Не ўсе дзеці з абмежаваннямі маюць патрэбу ў навучанні ў інтэграваных класах. Напрыклад, у 25-й школе ў звычайных класах па агульнаадукацыйнай праграме займаюцца вучні з парушэннем апорна-рухальнага апарату. У іх гэта адзінае парушэнне. Праблем з вучобай такія дзеці не адчуваюць. Дадаткова яны наведваюць карэкцыйныя заняткі настаўніка-дэфектолага, а замест прадмета “Фізічная культура і здароўе” ў іх раскладзе заняткі па адаптыўнай фізкультуры.

Для карэкцыйна-педагагічных заняткаў ва ўстанове абсталяваны спецыяльны кабінет: тут ёсць шарыкавы басейн, мабільная сцэна для пастаноўкі дзецьмі спектакляў з выкарыстаннем пальчыкавых лялек, тактыльная сцяна, спецыяльны велатрэнажор, апоры для сядзення, якія падтрымліваюць правільную паставу дзіцяці, дыванкі для фіксацыі становішча ног, хадункі, тапчаны для прыняцця гарызантальнай позы цела. З дзецьмі праводзяцца заняткі па актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, сенсорным развіцці, сацыяльным побытавым арыентаванні, развіцці рухальнай мабільнасці, па навучанні сучасным сродкам камунікацыі. У распараджэнні настаўнікаў — інтэрактыўная прыстаўка. Дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення на вучэбных занятках карыстаюцца індывідуальнымі ноўтбукамі.

Вучні з АПФР наведваюць факультатыўныя заняткі мастацкай накіраванасці “Малюнак. Жывапіс. Кампазіцыя”. У школе працуе кабінет керамікі. Яго рэсурсы выкарыстоўваюцца для правядзення заняткаў па лепцы з гліны, што спрыяе паляпшэнню фізічнага і эмацыянальнага стану дзяцей. Ёсць напрацоўкі ў кірунку арт-тэрапіі. У школе абсталяваны прадметны кабінет, у якім магчыма інтэграцыя вучэбнай, гульнявой і развіццёвай дзейнасці на аснове выкарыстання канструктара LEGO. Рэсурсы кабінета адкрываюць прастору для правядзення карэкцыйных заняткаў.

Шосты год у сярэдняй школе № 25 праводзіцца гарадскі інтэграцыйны форум дзіцячых ініцыятыў. Яго пачынальнікам стала дацэнт кафедры ЛФК БДУФК Алена Сяркульская, трохразовая чэмпіёнка свету і двухразовая чэмпіёнка Еўропы па танцах на калясках. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць таленавітыя навучэнцы, а таксама школьнікі, якія адчуваюць цяжкасці ў навучанні, маюць праблемы са здароўем, і дзеці з АПФР. Тэматычны кірунак форуму бывае творчым або спартыўным, калі навучэнцы з абмежаваннямі спаборнічаюць паміж сабой, гуляючы ў настольныя адаптыўныя гульні.

На мінулым тыдні ва ўстанове праводзіўся фестываль па канструяванні, падчас якога дзеці прадстаўлялі свае маштабныя праекты з канструктара LEGO. Гэтае захапленне падхапілі ў іншых школах горада, і ўжо на вясенніх канікулах у 25-й школе пройдзе гарадскі фестываль, у якім прымуць уд зел навучэнцы больш чым 20 устаноў адукацыі Мінска, у тым ліку і дзеці з абмежаваннямі.

На шляху да інклюзіі

Чым глыбей настаўнікі спасцігаюць пытанні навучання дзяцей з АПФР, тым больш ведаў патрэбна ім для правільнай арганізацыі сваёй работы. Кожны сучасны педагог павінен ведаць не толькі агульную ўзроставую, але і спецыяльную псіхалогію дзяцей, прайсці метадычную падрыхтоўку для таго, каб выкладаць свой прадмет дзецям з улікам іх псіхафізічных магчымасцей. Каб, напрыклад, навучыць дзіця з ДЦП у 7 класе, калі пачынаецца курс геаметрыі, самастойна чарціць фігуру, каб арганізаваць удзел дзяцей з абмежаваннямі ў лабараторных работах па хіміі і фізіцы. Настаўнік можа распрацоўваць для кожнага індывідуальныя заданні, актыўна выкарыстоўваць на ўроках тэхнічныя сродкі навучання, магчымасці ІКТ.

“Мы адпраўляем сваіх педагогаў на перападрыхтоўку ў Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, — падкрэслівае Вольга Аляксандраўна Якушык. — Яны часта прымаюць удзел у вучэбных семінарах, актыўна вывучаюць вопыт калег па гэтых пытаннях. Сустрэчы з педагогамі горада мы праводзім і ў нашай школе, дзелімся з імі сваімі напрацоўкамі. На такія мерапрыемствы запрашаем бацькоў асаблівых дзяцей, якія дапамагаюць педагогам у вырашэнні прафесійных пытанняў.

Сёння некаторыя школы краіны далучыліся да эксперымента па арганізацыі інклюзіўнай адукацыі. З часам інклюзіўныя класы з’явяцца ў многіх установах адукацыі. Такое навучанне мае на ўвазе асваенне ўсімі вучнямі, незалежна ад іх асаблівасцей, адзінай агульнаадукацыйнай праграмы. Але ёсць пытанні, што непакояць спецыялістаў. І тычацца яны механізмаў ацэньвання навучэнцаў інклюзіўных класаў. Так, дзіця, якое вучыцца па спецыяльнай праграме, згодна з ёй і ацэньваецца. Ва ўмовах жа інклюзіі мы павінны ўсіх дзяцей ацэньваць па аднолькавых крытэрыях. У педагогаў часам узнікае пачуццё спагады да асаблівых дзяцей, і яны завышаюць ім адзнакі. Менавіта пытанні ацэньвання дзяцей з асаблівасцямі нашы педагогі актыўна абмяркоўваюць з калегамі з іншых устаноў. Мы ўжо зразумелі, як працаваць з асобнымі катэгорыямі навучэнцаў, а вось як сумясціць работу з рознымі дзецьмі ў адным класе, не заўсёды ведаем. Педагогу важна маштабна ахопліваць сітуацыю, уяўляць агульную карціну, ведаць канчатковую мэту, да якой ён імкнецца”.

21 сакавіка — Міжнародны дзень чалавека з сіндромам Даўна

Штогод у школе праходзяць інфакампаніі, прымеркаваныя да пэўных дат і падзей: да Міжнароднага дня белага кія, да Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму, да Міжнароднага дня чалавека з сіндромам Даўна, які адзначаецца 21 сакавіка. У гэты дзень звычайна ладзіцца конкурс малюнкаў “Фарбы сонца”, інфармацыйныя гадзіны “Дзеці сонца”, “Працягні руку сябру”, падчас якіх школьнікі пішуць адно аднаму пажаданні на далоньках, арганізоўваюцца гадзіны сумесных гульняў. Дзецям вельмі падабаецца акцыя “Рознакаляровыя шкарпэткі” ў падтрымку людзей з сіндромам Даўна. Каб далучыцца да яе, трэба 21 сакавіка апрануць яркія, у палоску або з малюнкам няпарныя шкарпэткі, гольфы або гетры. Можна зрабіць з іх шалік або гальштук, прывязаць да сумкі або ўкласці ў кішэню пінжака. Выраб будзе прыцягваць увагу людзей, а вы зможаце адчуваць сябе на працягу дня не такім, як усе.

“Актыўнымі ўдзельнікамі такіх мерапрыемстваў стануць і трое нашых навучэнцаў з сіндромам Даўна, — падкрэслівае Вольга Аляксандраўна. — Іх не проста так называюць сонечнымі. Кожны раз пры сустрэчы з вамі гэтыя дзеці ветліва вітаюцца, усміхаюцца, яны вельмі добразычлівыя і зусім неканфліктныя. У іх шмат сяброў, усіх сустрэчных прыцягваюць іх адкрытасць і дабрыня. Яны ўсім дзеляцца і ўмеюць па-сапраўднаму радавацца жыццю. Гэтыя дзеці валодаюць такімі чалавечымі якасцямі, якія не выхоўваюцца, а даюцца ад нараджэння”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.