Су-джок тэрапія, або Здороўе на далоні

- 15:55Спецыяльная адукацыя

Су-джок тэрапія — адзін са спосабаў развіцця дробнай маторыкі дзяцей. Гэтую методыку распрацаваў карэйскі прафесар Пак Чжэ Ву. У перакладзе з карэйскай “су” азначае кісць, а “джок”— ступня. Сутнасць такой тэрапіі заключаецца ў суадносінах падабенства частак цела чалавека з кісцю або ступнёй. На далоні знаходзіцца мноства біялагічна актыўных кропак, таму выкарыстанне тэхналогіі су-джок з’яўляецца эфектыўным спосабам іх стымуляцыі.  Пракочваючы мячык паміж далонямі, дзеці масажуюць пальцы рук.

Су-джок тэрапія знайшла прымяненне ў лагапедычнай практыцы. Мячыкі су-джок вельмі яркія, рознакаляровыя, прыгожыя і падабаюцца дзецям. Унутры кожнага з іх знаходзяцца два эластычныя колцы. Дзеці  масажуюць пальчыкі, надзяваючы мячыкі па чарзе на кожны, прамаўляючы пацешкі. Масаж стымулюе работу ўнутраных органаў. Паколькі цела чалавека праецыруецца на кісць і ступню, а таксама на кожны іх палец, то эфектыўным спосабам прафілактыкі, нават лячэннем хвароб, з’яўляецца масаж пальцаў кісцей і ступняў эластычным колцам. Выкарыстанне масажных мячыкаў су-джок і пальчыкавых гульняў, а таксама пацешак, казак і музыкі станоўча ўплывае на моўную і разумовую дзейнасць дзяцей.

У сваёй практыцы як настаўнік-дэфектолаг я стала актыўна прымяняць гэтую методыку на індывідуальных і падгрупавых занятках, паколькі масажныя мячыкі су-джок развіваюць не толькі дробную маторыку рук, лоўкасць, але і памяць, уяўленне, іншыя псіхічныя функцыі. Для развіцця памяці і ўвагі дашкольнікаў засвойваем пры дапамозе гэтай тэхналогіі паняцці “колер”, “колькасць”, “парадак”, “арыентаванне на целе”. Праводзячы заняткі з масажным мячыкам су-джок, я імкнуся даць выхаванцам неабходныя веды аб  прасторавай арыентацыі. Напрыклад, прапаную гульню на вызначэнне становішча мячыка адносна далоні.

З вялікім задавальненнем дзеці  выконваюць заданні з мячыкамі су-джок і такім чынам развіваюць сваё маўленне і мысленне. Для ўдасканалення лексіка-граматычных катэгорый  выкарыстоўваю наступныя практыкаванні: “Адзін — шмат”, “Назаві ласкава”, “Скажы наадварот”.  Пракочваючы па стале мячык, дзеці даюць адказ на пытанне, якое задае настаўнік-дэфектолаг. Эфектыўным з’яўляецца прымяненне мячыкаў і для аўтаматызацыі гукаў: дзіця пракочвае мячык паміж далонямі, адначасова вымаўляе чыстагаворку і тым самым замацоўвае патрэбны гук. Такім чынам, можна аўтаматызаваць гукі пры дапамозе колцаў. Для гукавога аналізу слоў выкарыстоўваю практыкаванне “Раздзялі на склады”. Дзіця называе склад і бярэ па адным мячыку са скрыні, потым лічыць колькасць гукаў.

Мячыкі су-джок прымяняю таксама для пальчыкавых гульняў: “Вожык”, “Чарапаха”, “ Цацкі”, “На паляне, на лужку”, “Мая сям’я”.

Перавага тэхналогіі су-джок — у яе даступнасці. Педагогі і бацькі могуць набыць гэтыя мячыкі нават у аптэцы і выкарыстоўваць іх самастойна. У выніку прымянення згаданай тэхналогіі ў лагапедычнай практыцы зніжаюцца энергетычныя затраты, скарачаецца перыяд карэкцыйнай работы, павышаецца яе якасць і эфектыўнасць.

Ірына БУДЗЬКО,
настаўнік-дэфектолаг Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна.