Святы ўпрыгожаны майстэрствам

- 10:53Якасць адукацыі

Святочныя дні ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы ўпрыгожаны майстэрствам і талентамі дзякуючы праекту “Мастерство под Рождество”. Свае ўменні майстры каледжа ўвасобілі ў тэматычных вырабах, якія і стварылі святочную атмасферу. 

Праект рэалізоўваўся ўпершыню, а яго мерапрыемствы ладзіліся ў рэсурсным цэнтры каледжа. На працягу некалькіх дзён праходзіла прэзентацыя дасягненняў прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў установы адукацыі.

Так, у вучэбна-вытворчай майстэрні Ceresit Святлана Міхайлаўна Сянько і Кацярына Іванаўна Стрэж, майстры вытворчага навучання рэсурснага цэнтра, прадставілі пано з дэкаратыўнага тынку “Ціхая ноч, дзівосная ноч…”. Яго зрабілі з дапамогай сучасных тэхналогій нанясення дэкаратыўных тынкавальных сумесей, аздобілі дадатковымі элементамі ў межах канцэпцыі калядных свят.

Майстар вытворчага навучання Леанід Аляксандравіч Чыжык раскрыў гледачам “Сакрэт навагодняга настрою”, прадставіўшы інсталяцыю з такой назвай. Гэта камін, узведзены з розных відаў цэглы і з прымяненнем розных тэхнік укладкі цэглы. Дэкор з прыродных матэрыялаў, навагоднія ўпрыгажэнні адлюстроўваюць атмасферу і традыцыі каляднага свята.

У рамках праекта прайшоў таксама навучальны семінар па пытаннях эканоміі і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў планеты. Удзельнікам прапанавалі прадукцыйныя спосабы эканоміі вады ў штодзённым жыцці — ва ўстанове адукацыі, інтэрнатах, дома. Практычную частку трэнінгу вёў майстар вытворчага навучання рэсурснага цэнтра Віктар Рыгоравіч Сафонаў.

Такім чынам, праект дазволіў прадэманстраваць цудоўныя ўменні майстроў каледжа. Аўтары адчулі прафесійную гор­дасць, а іх навучэнцаў такі ўзро­вень майстэрства матывуе да ўдасканалення сваіх навыкаў. Дарэчы,  на прэзентацыі вырабаў запрасілі школьнікаў горада, для якіх гэта стала праф­арыентацыйным мера­прыемствам. Удзельнікам семінара праект прынёс новыя актуальныя веды, а святочныя інсталяцыі стварылі цудоўны настрой, ніхто не адыходзіў ад іх без фотаздымка на па­мяць. 

Дар’я РЭВА.