Таджыкістан: заняткі ў школах пачнуцца 17 жніўня

- 13:03Паралелі

Заняткі ў адукацыйных установах Та­джыкістана пачнуцца з 17 жніўня, паведаміў журналістам міністр адукацыі і навукі Махмадзюсуф Імомзада.

“Рашэнне аб аднаўленні заняткаў у адукацыйных установах Таджыкістана з 17 жніўня прынята згодна з рашэннем рэспубліканскага штаба па прафілактыцы распаўсюджвання COVID-19”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, як навучэнцы, так і настаўнікі крыху адсталі ад графіка з­-за пандэміі каранавіруса. “Гэтыя два тыдні стануць адаптацыйным перыядам і за гэты час навучэнцы пройдуць тыя ўрокі, якія прапусцілі ў канцы мінулага навучальнага года, паўто­раць пройдзенае і далей пачнуць новы навучальны год”, — сказаў кіраўнік Мінадукацыі. Пры гэтым ён паведаміў, што дзіцячыя да­школьныя ўстановы з 17 жніўня праца­ваць не будуць.

Ён адзначыў, што ў выпадку неабходнасці, калі сітуацыя, звязаная з пандэміяй, у краіне пагоршыцца, школьнікі Таджыкістана будуць вучыцца дыстанцыйна, пры гэтым перавага будзе ў тэлевізійнага навучання.

“Міністэрства адукацыі і навукі аддае перавагу тэлевізійным навучальным праграмам, бо не ва ўсіх вучняў ёсць доступ да новых тэхналогій і сеткі інтэрнэт. Разам з партнёрамі мы распрацавалі вучэбныя праграмы для заняткаў і па тэлебачанні, і па інтэрнэце. У выпадку неабходнасці школьнікі Таджыкістана будуць цалкам забяспечаны дыстанцыйным навучаннем”, — сказаў М.Імомзада.

Ён таксама адзначыў, што міністэр­ства гатова публікаваць падрыхтаваныя для тэлебачання відэаролікі на Youtube.

Вымушаныя канікулы ў школах і дашкольных установах у Таджыкістане былі абвешчаныя з 27 красавіка бягучага года, хоць да гэтага часу афіцыйна наяўнасць каранавіруса ў краіне прызнана не была. Аб афіцыйным выяўленні ў краіне COVID­-19 Міністэрства аховы здароўя Таджыкістана абвясціла 30 красавіка.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.