Такі блізкі Worldskills

- 10:38Якасць адукацыі

Застаецца некалькі тыдняў да знамянальнай падзеі ў сістэме прафесійнай адукацыі. У сярэдзіне мая ў расійскай Казані адбудзецца конкурс прафесійнага майстэрства ў рамках Worldskills, які аб’яднае каманды з краін СНД. Спаборніцтва такога ўзроўню будзе праходзіць упершыню і стане па сутнасці рэпетыцыяй перад асноўнымі стартамі, якія пройдуць у жніўні ў Бразіліі.

Нагадаем, што першым вопытам нашай сістэмы прафесійнай адукацыі ў рангу ўдзельніцы Worldskills International стаў праведзены ў мінулым годзе Першы нацыянальны чэмпіянат Worldskills — Belarus, у якім прынялі ўдзел больш за паўтары сотні ўдзельнікаў з розных рэгіёнаў краіны. Для большасці навучальных устаноў прафесійнай адукацыі такое спаборніцтва стала першым выхадам на міжнародны ўзровень у рамках Worldskills International. А вось для прафесійна-тэхнічнага каледжа РІПА міжнарожныя спаборніцтвы для навучэнцаў ужо не навінка. Пяць гадоў гэты каледж супрацоўнічае з расійскімі навучальнымі ўстановамі, у ліку якіх Гусеўскі політэхнічны тэхнікум і Уладзімірскі індустрыяльны тэхнікум. З абодвума тэхнікумамі ПТК супрацоўнічае на падставе заключаных дагавораў. Ёсць такія дамоўленасці і з установамі іншых краін, напрыклад, Фінляндыі. Сярод напрамкаў, унесеных у гэтыя пагадненні, вядучае месца займае ўзаемадзеянне паміж краінамі ў сферы павышэння якасці прафесійнай адукацыі, папулярызацыі рабочых прафесій сярод моладзі, удасканаленне падрыхтоўкі маладых рабочых і спецыялістаў. Для абедзвюх краін стала добрай традыцыяй рэалізацыя сумесных праектаў, а таксама правядзенне разнастайных мерапрыемстваў, у тым ліку і спартыўных, стажыровак выкладчыкаў устаноў дзвюх краін, абмен навучэнцамі і педагогамі. На працягу апошніх гадоў паміж навучальнымі ўстановамі праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства.
— Пытанне развіцця прафесійнай адукацыі, узнаўлення працоўных рэсурсаў сёння з’яўляецца вельмі злабадзённым для большасці краін, — адзначае дырэктар ПТК РІПА Валерый Мікалаевіч Галубоўскі. — Многія з іх стаяць перад праблемай, як далучыць да вытворчай сферы таленавітую моладзь, як весці падрыхтоўку кадраў з улікам зменлівых патрабаванняў эканомікі, як увогуле ўзняць прэстыж рабочай прафесіі. Усе гэтыя пытанні знаёмы і нашай прафесійнай адукацыі. Таму адным са шляхоў, які б прывёў да пастаўленай мэты, з’яўляецца правядзенне спаборніцтваў прафесійнага майстэрства, дзе можна не толькі выявіць плюсы і мінусы прафесійнай падрыхтоўкі будучых рабочых, але і прыцягнуць увагу маладых людзей да сістэмы прафесійнай адукацыі, тым больш калі зусім хутка распачнецца прыёмная кампанія.
В.М.Галубоўскі бачыць важнасць спаборніцтваў перш-наперш у тым, каб даведацца, як выглядае нацыянальная сістэма адукацыі на фоне іншых краін. Акрамя таго, у час спаборніцтва нашы навучэнцы выхоўваюць дух саперніцтва, адшліфоўваюць свае прафесійныя навыкі і фарміруюць у час публічных мерапрыемстваў байцоўскі характар. Сёлетні конкурс паміж ПТК РІПА і навучальнымі ўстановамі Расійскай Федэрацыі прымеркаваны да 70-годдзя Вялікай Перамогі, 75-годдзя айчыннай прафесійна-тэхнічнай адукацыі і да Года моладзі.

Арцём Яўгенавіч Рыбак, намеснік дырэктара па вытворчым навучанні каледжа, расказаў перадгісторыю супрацоўніцтва з дзвюма расійскімі навучальнымі ўстановамі, якое сёння перарасло ў цеснае ўзаемадзеянне раўнапраўных партнёраў.
— З расійскімі калегамі мы праводзім такія спаборніцтвы па чарзе, — расказвае Арцём Яўгенавіч. — Пачаткам такой конкурснай серыі стала правядзенне ў 2011 годзе на базе Гусеўскага політэхнічнага тэхнікума конкурсу сярод навучэнцаў па кваліфікацыі “аператар станкоў з праграмным кіраваннем”. У адказ расіяне прыехалі ў Мінск і сталі ўдзельнікамі конкурсу прафесійнага майстэрства ў кампетэнцыі “Такарныя работы на ўніверсальных станках”, які быў арганізаваны на базе нашага каледжа. На наступны год мы паехалі зноў у Гусеў, а яны потым да нас. У хуткім часе да нашых дзвюх каманд далучыўся Уладзімірскі індустрыяльны тэхнікум, і ў 2014 годзе там прайшло спаборніцтва па дзвюх кампетэнцыях — “Такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем” і “Такарныя работы на ўніверсальных станках”.
Па гэтых жа кампетэнцыях на базе ПТК РІПА праходзіў і нядаўні міжнародны конкурс, у якім удзельнічалі Гусеўскі політэхнічны тэхнікум і Уладзімірскі індустрыяльны тэхнікум. У спаборніцтве ўдзельнічалі па два чалавекі (па кожнай намінацыі) з кожнай навучальнай установы.
Улічваючы членства Рэспублікі Беларусь у Worldskills International, упершыню ў гэтым спаборніцтве ўзровень складанасці конкурсных практычных заданняў, крытэрыі ацэньвання, сама арганізацыя спаборніцтва былі максімальна прыбліжаны да стандартаў Worldskills. Тым больш што ў ПТК РІПА цяпер праходзіць падрыхтоўка нацыянальнай зборнай на спаборніцтва Worldskills — СНД па намінацыях “Фрэзерныя работы на станках з праграмным кіраваннем” і “Такарныя работы па станках з праграмным кіраваннем”. У апошняй з іх Арцём Яўгенавіч Рыбак выступае ў ролі эксперта.
Згодна з нормамі Worldskills, умовы практычнага задання былі прадстаўлены канкурсантам загадзя і непасрэдна перад самім спаборніцтвам былі зменены на 30 працэнтаў. Пры тым, што змест конкурсных заданняў павінен адпавядаць вучэбнай праграме, усё ж сам узровень іх складанасці павінен быць вышэйшым за сярэдні і быць у межах пятага разраду.
Тэарэтычны тур складаўся з пытанняў, якія вызначылі ўстановы-ўдзельніцы, і кожнае з іх было ўзгоднена паміж імі. І зразумела, чаму. У праграмах прафесійнай падрыхтоўкі навучальных устаноў дзвюх краін, натуральна, могуць быць несупадзенні. У выніку адбору тэарэтычных заданняў канкурсантам былі прапанаваны ў тэставым варыянце па 10 пытанняў па кожным (вучэбным) прадмеце, сярод якіх “Спецтэхналогія”, “Чарчэнне”, “Ахова працы” і інш. З адказамі на пытанні даволі хутка справіўся навучэнец 2 курса першай ступені навучання ПТК РІПА Дзяніс Явусь, які паказаў рэкорд у тэарэтычным туры і правільна адказаў на ўсе 100 пытанняў. Астатнія канкурсанты ненамнога адсталі ад Дзяніса і са шчыльнымі вынікамі завяршылі першы этап конкурсу.
На другім этапе, практычным, канкурсантам па намінацыі “Такарныя работы на ўніверсальных станках” трэба было скласці тэхналагічны маршрут вырабу дэталі, гаворачы інакш, трэба распісаць, як яны будуць вырабляць гэтую дэталь. У намінацыі “Такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем” канкурсантам быў прапанаваны чарцёж, па якім яны павінны былі напісаць кіруючую праграму, згодна з якой трэба вырабіць дэталь. Пасля напісання такой праграмы ўдзельнікі спаборніцтва запаўнялі карту наладкі, дзе яны ўказвалі паслядоўнасць сваёй работы, рэжымы рэзання, рэжучы і вымяральны інструмент, які яны будуць выкарыстоўваць у час практычнага задання па апрацоўцы сваёй дэталі. Усе гэтыя этапы былі “напісаны” з дапамогай сімулятараў, якія дазваляюць графічна прадставіць шлях ад напісання праграмы да пераходу да станка.

Самым адказным і самым цяжкім этапам спаборніцтва быў выраб дэталі, дзе неабходна было паказаць свае прафесійныя навыкі і ўменні, асабліва пры рабоце на станку, ад чаго, па сутнасці, залежала якасць вырабленай дэталі.
Канкурсанты, якія выступалі па кампетэнцыі “Такарныя работы на ўніверсальных станках”, павінны былі вытачыць дэталь за паўтары гадзіны. З заданнем справіліся не ўсе, але прадстаўніку беларускай каманды навучэнцу ПТК РІПА Паўлу Янушкевічу ўдалося паказаць усё сваё майстэрства, і ён заслужана заняў 1 месца. У кампетэнцыі “Такарныя работы на станках з праграмных кіраваннем” пераможцам стаў першакурснік другой ступені навучання каледжа Андрэй Мазурэнка. Прыкметны факт, што за каманды расійскіх навучальных устаноў выступалі нават дзяўчаты, якія вырашылі стаць наладчыкамі станкоў з праграмным кіраваннем, і, дарэчы, выступілі даволі ўдала.
У ролі экспертаў, якія ацэньвалі вынікі спаборніцтва, выступілі былыя выпускнікі каледжа, якія сёння працуюць у вядучых кампаніях і на прадпрыемствах. Па меркаванні Дзяніса Архіпава, старшага эксперта ў кампетэнцыі “Такарныя работы на ўніверсальных станках”, намесніка дырэктара кампаніі TWING-M (продаж рэжучага інструменту), сёння прафесійная падрыхтоўка ў каледжы носіць інавацыйны характар і цалкам адпавядае патрабаванням машынабудаўнічай галіны. Каб дасягнуць такога выніку, неабходна мець парк сучасных станкоў і ўкараненне новых эфектыўных форм метадычнай работы, інавацыйных прыёмаў у выкладанні прадмета і асабліва пры практычным навучанні. На сённяшні дзень ПТК забяспечаны гэтым у поўным аб’ёме, калектыў працуе над усё новымі і новымі распрацоўкамі, каб прафесійная падрыхтоўка пастаянна ўдасканальвалася.
У каледжы створаны ўсе ўмовы для вырашэння адвечнай праблемы разрыву паміж тэарэтычнымі ведамі і іх прыкладным прымяненнем.
Намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-метадычнай рабоце Святлана Антонаўна Бардушка паведамляе, што ПТК РІПА па праву лічыцца эксперыментальнай пляцоўкай, на базе якой сканцэнтравана самае сучаснае вучэбнае і вытворчае абсталяванне, метадычнае забеспячэнне прафесій па профілі машынабудавання і аўтасэрвісу. У цяперашні час каледж з’яўляецца шматфункцыянальнай навучальнай установай, своеасаблівай платформай для ўзаемадзеяння галін эканомікі і сацыяльнай сферы, непасрэдна заказчыкаў кадраў, галіновых органаў дзяржаўнага кіравання, цэнтраў занятасці, устаноў прафесійнай адукацыі.
Вынікам гэтага ўзаемадзеяння з’яўляецца распрацоўка і ўкараненне адукацыйных праграм па новых спецыяльнасцях, якія сёння запатрабаваны на рынку працы і па якіх сацыяльна-эканамічны комплекс гатовы фарміраваць працоўныя рэсурсы.
Так, за апошні перыяд спецыяльна створанай рабочай групай з ліку вопытных педагагічных работнікаў каледжа і работнікаў структурных падраздзяленняў РІПА пры ўдзеле прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый была распрацавана і ўкаранёна ў адукацыйны працэс адукацыйная праграма падрыхтоўкі рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй з прысваеннем кваліфікацый “мехатроніка 5-га разраду”, “наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем 5-га разраду” і “аўтамеханік 5-га разраду”. Абагульняючы вопыт работы ў гэтым кірунку, Цэнтр вучэбнай кнігі РІПА выдаў метадычны дапаможнік “Распрацоўка і ўкараненне адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў па новай спецыяльнасці ў каледжы”, аўтарам якога з’яўляецца дырэктар ПТК РІПА В.М.Галубоўскі.

Уходзе эксперыментальнай дзейнасці распрацаваны адукацыйныя стандарты і вучэбна-праграмная дакументацыя, якія прайшлі экспертызу ў вядучых спецыялістаў арганізацый — заказчыкаў кадраў, а затым былі зацверджаны ў Міністэрстве адукацыі.
Акрамя распрацоўкі зместу адукацыйнай праграмы, сумеснымі намаганнямі работнікаў каледжа, работадаўцаў і прадстаўнікоў бізнес-структур пры падтрымцы галіновага міністэрства, у навучальнай установе абсталяваны майстэрні і лабараторыі. Вялікая ўвага ў каледжы ўдзяляецца метадычнаму забеспячэнню адукацыйнага працэсу. Выкладчыкі актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы вучэбных праграм, метадычных матэрыялаў.
Так, напрыклад, Цэнтрам вучэбнай кнігі выдадзены дапаможнік “Наладка і кіраванне станкамі такарнай групы з сістэмай ЧПК HAAS” які распрацаваны аўтарскім калектывам педагогаў каледжа пад кіраўніцтваам А.А.Дулькевіча. Акрамя таго, педагогамі каледжа распрацаваны і выдадзены вучэбны дапаможнік “Праца на металарэзных станках з ПК (сістэма Sinumerik 802D SL)” (аўтары Я.Я.Савіцкі, Д.І.Сіндзікевіч, А.А.Дулькевіч і інш.), а таксама вучэбна-метадычны дапаможнік “Механічная апрацоўка на станках і лініях. Комплексныя работы і сродкі кантролю” (аўтары В.А.Дашкевіч, А.Я.Рыбак, Д.І.Сіндзікевіч, Ю.А.Фядоўцаў).
У гэтым годзе рыхтуецца да выдання дапаможнік “Дыягностыка аўтамабіля з выкарыстаннем праграмнага забеспячэння ESI [tronic] 2.0 і тэстара KTS 540” (аўтар Д.В.Булавіцкі), праходзіць навукова-педагагічную экспертызу дапаможнік “Апрацоўка металу на станках з ПК. Лабараторны практыкум і сродкі кантролю” (Я.Я.Савіцкі).
Кадравае забеспячэнне адукацыйнага працэсу па новых спецыяльнасцях запатрабуе стажыроўкі педагагічных работнікаў, якая была арганізавана на прадпрыемствах краіны і за мяжой.
Пастаянна абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база каледжа. Сёння ў працэсе рэалізацыі знаходзіцца праект Мінскага завода колавых цягачоў і кампаніі па вытворчасці станкоў DOOSAN, накіраваны на аснашчэнне лабараторыі вучэбным і вытворчым абсталяваннем для вывучэння сістэмы ЛПК FANUC.
Усе гэтыя захады кіраўніцтва ўстановы, якія накіраваны на ўзняцце якасці прафесійнай падрыхтоўкі на больш высокі ўзровень, пацвярджаюцца на практыцы высокімі вынікамі навучэнцаў на спаборніцтвах. Кожны раз выхаванцы каледжа прыносяць перамогу. Так было і на Першым нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2014, дзе навучэнцы ПТК РІПА па кампетэнцыях “Мехатроніка”, “Кіраванне вытворчымі працэсамі”, “Такарныя і фрэзерныя работы на станках з праграмным кіраваннем” заваявалі першыя месцы. Таму ёсць упэўненасць, што пераможны шлейф працягнецца і ў далейшых спаборніцтвах.

Ала КЛЮЙКО.