Такія розныя эмоцыі

- 15:08Нам пішуць

Каб кіраваць эмоцыямі, трэба перш за ўсё іх зразумець і прыняць. А для дзяцей гэта можа быць няпростай задачай, бо з-за свайго ўзросту яны не заўсёды могуць растлумачыць словамі, што адчуваюць і перажываюць. Ім складана кантраляваць эмоцыі і пачуцці. З гэтым не заўсёды спраўляюцца нават дарослыя, таму адна з задач педагога-псіхолага — дапамагчы дзіцяці развіваць эмацыянальную сферу.

Для гэтага з выхаванцамі ясляў-сада № 4 Астраўца педагог-псіхолаг праводзіць цыкл заняткаў “Такія розныя эмоцыі”. Дзеці знаёмяцца з базавымі эмоцыямі, вучацца спосабам выказвання негатыўных эмоцый у сацыяльна прымальнай форме, развіваюць валявую рэгуляцыю паводзін.

Таксама такія заняткі спрыяюць згуртаванню дзіцячага калектыву, устанаўленню станоўчага эмацыянальнага настрою ў групе. Заняткі праходзяць у гульнявой форме, выкарыстоўваюцца камп’ютарныя тэхналогіі, музычнае суправаджэнне. У выхаванцаў заўсёды паляпшаецца настрой, яны з нецярпеннем чакаюць наступнай сустрэчы.

Ганна ПУЗЫРОВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 4 Астраўца.