Талент у рабочай прафесіі — штодзённая трэніроўка

- 12:26Людзі адукацыі

“У мяне часта пытаюцца, як знаходжу адораных дзяцей, якія потым перамагаюць у прафесійных конкурсах. На самай справе магу ўзяць любога і, калі ў яго ёсць жаданне, навучу ўсяму. Талент у рабочай прафесіі — гэта штодзённая трэніроўка”, — лічыць майстар вытворчага навучання Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва Уладзімір Аляксандравіч Дудараў. У сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі працуе з 2013 года.

Сваіх вучняў майстар матывуе і словам, і справай, але больш — уласным прыкладам. Сам Уладзімір Аляксандравіч займаецца рэстаўрацыяй. Здараецца, аднаўляе канструкцыю з нуля. У яго багажы — вялікая колькасць аўтарскіх будаўнічых элементаў і хітрыкаў, якімі ён можа падзяліцца толькі са сваімі вучнямі.

 “Уладзімір Аляксандравіч — вопытны і самабытны работнік сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, паказвае прыклад працавітасці, дысцыплінаванасці, творчых адносін да працы, імкнення да самаўдасканалення. За час работы зарэкамендаваў сябе як высокакваліфікаваны, старанны, ініцыятыўны работнік, адказны і вопытны спецыяліст. Ён пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень, укараняе ў адукацыйны працэс новыя педагагічныя, вытворчыя тэхналогіі. Пастаянна ўдасканальвае методыку падрыхтоўкі рабочых высокай кваліфікацыі”, — гаворыць дырэктар 5-га прафесійнага ліцэя транспартнага будаўніцтва Інеса Кузьміна.

У скарбонцы дасягненняў майстра вытворчага навучання — прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за значны ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў па выніках 2014/2015 навучальнага года. У 2015 годзе Уладзіміру Аляксандравічу быў уручаны сертыфікат эксперта І чэмпіянату па прафесійным майстэрстве WorldSkills СНД +.

Педагог з’яўляецца экспертам і членам рэспубліканскай каманды па кампетэнцыі “Цагляны мур”, займаўся падрыхтоўкай удзельніка зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па кампетэнцыі “Цагляны мур”, які прымаў удзел у 44-м Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills International — 2017 у Абу-Дабі.

Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Аляксандравіча навучэнцы Мінскага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва занялі 1-е і 2-е месца на гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills-2018 у кампетэнцыі “Цагляны мур”.

Ён жа падрыхтаваў пераможцаў, якія занялі 1-е месца ў Нацыянальным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 у кампетэнцыі “Цагляны мур”. У.А.Дудараў ажыццяўляў падрыхтоўку каманды Рэспублікі Беларусь да чэмпіянату свету па прафесійным майстэрстве WorldSkills Kazan — 2019.

З пачаткам новага навучальнага года работа па падрыхтоўцы новай змены на WorldSkills аднавілася. Да майстра вытворчага навучання прыйшлі першакурснікі, сярод якіх як мінімум двое здольны да пакарэння прафесійных вяршынь. Прыглядаючыся да прэтэндэнтаў, Уладзімір Аляксандравіч найперш звяртае ўвагу на жаданні навучэнцаў.

“Калі ў яго гараць вочы і падабаецца тое, чым мы займаемся, то з такога навучэнца можна вырасціць чэмпіёна. Зацікаўленасць — асноўны крытэрый. Звычайна такія хлопцы не зважаюць на тое, што праца­ваць давядзецца па шмат гадзін, сто разоў перарабляць быццам бы зробленую работу. Справа ў тым, што на WorldSkills вітаецца ідэальнасць. Так, вы можаце запярэчыць: маўляў, ідэальнага не існуе. Але толькі не на WorldSkills. Тут усё вымяраюць да міліметра, акрамя таго, усё павінна быць чыста, без астаткаў будаўнічых матэрыялаў.

Разам з працаздольнасцю патрэбны веды па матэматыцы, геаметрыі, чарчэнні. Мы ж не проста цэглу выкладваем. Усё ж трэба вымераць, правільна разрэзаць, улічыўшы параметры па гарызанталі, вертыкалі, плоскасці. Акрамя таго, вялікае значэнне мае псіхалагічная загартоўка, дзе на першае месца выходзіць стрэсаўстойлівасць, імкненне да перамогі. У сувязі з гэтым падрыхтоўка вя­дзецца комплексная. Але пасля чатырох месяцаў упартай працы можна заняць прызавыя месцы, напрыклад, на ўзроўні горада, а пасля шасці месяцаў — стаць першым на рэспубліцы. У мяне быў першакурснік, які так і выстраліў”, — падзяліўся педагог.

Сам Уладзімір Аляксандравіч з’яўляецца пераможцам творчага конкурсу “Свет адкрыццяў” у намінацыі “Будаўніцтва” гара­дскога і заключнага этапаў XVI Рэспубліканскага злёту рацыяналізатараў і вынаходнікаў сярод навучэнцаў і работнікаў устаноў ПТА і ССА за выраб прыстасавання для дэкаратыўнага цаглянага муру.

Майстар вытворчага навучання рэгулярна праводзіць вучэбныя курсы па дэкаратыўным муры цэглы і абліцовачных работах, што дазваляе ліцэю зарабіць дадатковыя грошы. Педагог трансліруе вопыт прафесійнай падрыхтоўкі вучняў на семінарах-практыкумах рознага ўзроўню, у тым ліку і міжнародных.

Дзякуючы прафесіяналізму і вопыту У.А.Дударава, наладжана ўзаемадзеянне з педагогамі Рэспублікі Казахстан. У 2019 го­дзе на базе ліцэя была арганізавана стажыроўка навучэнцаў каледжа будаўніцтва Семея (Казахстан) з падпісаннем мемарандума аб супрацоўніцтве.

Яго калегі падкрэсліваюць, што Уладзі­мір Аляксандравіч — высокі прафесіянал, прынцыповы, адданны справе. Творчы падыход да справы, эрудыцыя, вопыт, павага да навучэнцаў, высокая патрабавальнасць, клопат пра людзей забяспечылі яму аўтарытэт і павагу.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.