Таццяна Жэўно: не ўзрост вызначае паспяховасць у прафесіі, а зіхатлівыя вочы настаўніка

- 9:00Главная, Образование, Портфолио

Добразычлівасць, аптымізм, добрая ўсмешка патрэбны дзецям не менш за трывалыя веды па тым альбо іншым прадмеце. У гэтым пераканана настаўніца пачатковых класаў Грычынскай базавай школы Дзяржынскага раёна Таццяна Жэўно. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Не трэба баяцца маладых!

— Шчыра прызнаюся, вызначыцца, кім я сябе бачу ў буду­чыні, было вельмі складана, — расказвае Таццяна Аляк­сандраўна. — З дзяцінства была захоплена творчасцю. Вучылася ў музычнай школе, спявала ў хоры “Валошкі”, была салісткай ансамб­ля “Каларыт”, з якім ездзі­ла па розных куточках Беларусі. І марыла стаць вядомай спявачкай альбо актрысай. Аб настаўніцкай прафесіі задумалася дзякуючы дырэктару Косінскай сярэдняй школы Ганне Шарамет, якая змагла захапіць геаграфіяй. Яна вельмі маляўніча расказвала аб розных краінах свету, і ў навучэнцаў складвалася ўражанне, што яны пабывалі ў іх. На прыняцце канчатковага рашэння стаць настаўніцай паўплываў выпадак: старэйшая сястра — студэнтка педуніверсітэта — прыехала дадому на першыя канікулы, і я выпадкова адкрыла канспект па педагогіцы… А далей ужо не магла адарвацца ад яго, не дачытаўшы да канца. Так мяне захапіў гэты чароўны свет. І я паступіла ў БДПУ, каб атрымаць спецыяльнасць “Настаўніца пачатковых класаў”.

Свой працоўны шлях Таццяна пачала яшчэ студэнткай 4 курса — уладкавалася ў прыватную гімназію “Альтэрнатыва”. І хаця спачатку сутыкнулася з некаторымі цяжкасцямі: утрыманне дысцыпліны ў класе, наладжванне ўзаемаадносін з бацькамі, якія з недаверам ставіліся да маладой настаўніцы, але ўжо тады адчула, што зрабіла правільны выбар.

— Не трэба баяцца маладых педагогаў! Не ўзрост вызначае паспяховасць у прафесіі, а зіхатлівыя вочы настаўніка, — упэўнена педагог.

Вытрымаць паўзу

Работа з дзецьмі Т.А.Жэўно прыцягвае найперш магчымасцю даросламу апынуцца ў свеце дзяцінства. Дзіця дэманструе лёгкасць і нагадвае, як забывацца ў моманце і адчу­ваць радасць ад самых простых рэчаў. Менавіта гэтым дзеці абуджаюць сме­ласць разнявольвацца. Па-другое, прыцягвае шматграннасць: работа з малодшымі школьнікамі даз­валяе прымерваць мноства роляў, тым самым раскрываючы не толькі дзіця, але і педагога. Для настаўніцы кожны школьны дзень — гэта сустрэчы з розным разуменнем свету. А свет вачыма дзіцяці вельмі прыгожы, просты, разнастайны. Захапля­юць і што­дзённыя сумесныя перамогі: калі вучні штосьці засвоілі, чамусьці навучыліся, значыць, у гэты момант змаглі пераадолець ляноту, боязь, безадказ­насць і інш. Не­здарма педагагічным крэда Таццяны Аляксандраўны з’яўляюцца словы: “Няма вялікіх спраў, ёсць толькі малыя, але здзейс­неныя з вялікай любоўю”.

Зараз педагог працуе з чац­вёртакласнікамі. Сваёй першачарговай задачай лічыць навучыць малодшых школьнікаў не толькі выказваць свае думкі, але і слухаць іншых, чуць іх. Важна таксама навучыць дзяцей не баяцца памыляцца: хто не памыляецца, той нічога не робіць. На думку настаўніцы, прымяненне — маці вучэння: веды пераўтвараюцца і маюць сілу толькі тады, калі мы, абапіраючыся на іх, здзяйсняем пэўныя дзеянні, прымяняем іх на практыцы.

— Я не перастаю паўта­раць фразу з вядомага кінафільма “Тэатр”: “Трэба ўмець вытрымаць паўзу”. Лічу, што ў кожнага дзіцяці свая паўза: у кагосьці — секунда, у кагосьці — дваццаць секунд, а ў кагосьці — мінута, і педагогу трэба ўмець вытрымаць паўзу, бо калі дзіця марудлівае, то гэта не значыць, што яно слабае. Улічваючы гэта, дыферэнцырую заданні. Акрамя таго, мяркую, што дзіця можна параўноўваць толькі з самім сабой: сёння яго веды аднаго ўзроўню, а заўтра яно ўзнялося на прыступку вышэй. Калі ў малодшага школьніка ўзніка­юць цяжкасці пры выкананні таго ці іншага задання, варта не пераходзіць на яго асобу, прыніжаючы ці крыўдзячы малога. Не рабіць высноў, у каго з бацькоў яно такое пайшло, бо такія паводзіны павялічваюць дыстанцыю паміж настаўнікам і навучэнцамі. Трэба памятаць, што страціць павагу і давер лёгка, а вось вярнуць — намнога складаней, — заўважае настаўніца. 

Зігзагам і прыскокам

Т.А.Жэўно ўдалося стварыць спрыяльны мікраклімат у класе, у якім вучні адчуваюць сябе спакойна і камфортна. А таму з радасцю і задавальненнем бягуць на ўрокі настаўніцы. Як жа гэта ўдаецца педагогу? Пастаянная змена відаў дзейнасці на ўроку, выкарыстанне цікавасці і моцных бакоў дзіцяці, арыентацыя на іх вопыт, стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага, практыкаарыентава­насць заняткаў, фармуляванне мэты, зразумелай малодшаму школьніку (“Навошта мне ву­чыць гэты верш, калі ён мне не спатрэбіцца?”) — вось асноўныя матыватары. А яшчэ яркі пачатак урока: ад таго, якія эмоцыі ўзніклі ў дзіцяці на пачатку ўрока, які настрой у яго пераважае, залежыць не толькі ход урока, але і адносіны вучня да таго, чым яму трэба разам з усімі займацца.

— Зыходзячы з эўклідавай геа­метрыі, самы кароткі шлях — гэта прамая. Але самы кароткі не заўсёды самы эфектыўны і цікавы шлях. Калі-нікалі лепш абысці, пайсці зігзагам, прыскокваючы. А для гэтага неабходна разна­­стаіць урок, не баяцца незапланаваных пытанняў ці дыскусій, якія мо­гуць разгарнуцца. Трэба, каб дзеці былі галоўнымі героямі заняткаў. Важна даць ім свабоду, магчымасць праявіць сябе, каб дзіця займала актыўную пазіцыю: абазначала яе, аргументавала, спрачалася, даказвала, адстойвала сваю думку ва ўзаемадзеянні з іншымі дзецьмі, — тлумачыць педагог.

На сваіх занятках педагог аддае перавагу тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення (прыёмы “Так — не”, “Інтэлектуальная размінка”, “Чытанне з прыпынкамі” і інш. дазваляюць дзецям вучыцца выпрацоўваць уласнае меркаванне, будаваць лагічныя ланцужкі доказаў, выказваць свае думкі зразумела, упэўнена і карэктна ў адносінах да навакольных), гульнявым тэхналогіям, дзякуючы якім арганізоўваецца псіхалагічна разняволены кантроль ведаў, знікае хваравітая рэакцыя на няўдалыя адказы. Дзіця не баіцца памыліцца, напрыклад, калі на ўроку праводзіцца гульня “Футбол”: правільны адказ на пытанне — гол у вароты. Выкарыс­танне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій дазваляе Таццяне Аляксандраўне адкрываць новыя магчымасці ў выкладанні прадметаў. ІКТ у значнай ступені аблягчаюць работу, павышаюць эфектыўнасць навучання. Стымулюе цікавасць навучэнцаў да тых ці іншых праблем праектнае навучанне, калі вучань актыўна ўдзельнічае ў атрыманні новых ведаў (асабліва на ўроках “Чалавек і свет”).

Як далучыць малодшага школьніка да чытання?

Парады ад Таццяны Жэўно

  1. Ператварайце чытанне ў гульню. Напрыклад, дайце дзіцяці самастойна прачытаць меню ў кафэ (“Знайдзі, ці ёсць тут твой любімы шакаладны кекс”) або шыльды на дамах (“Мы прыйдзем, калі будзем на вуліцы Пушкіна”).
  2. Дайце дзецям свабоду выбару. Дазвольце выбіраць для чытання тыя кнігі, якія ім цікавыя.
  3. Дзіця павінна бачыць прыклад: бацькі самі павінны трымаць кнігу ў руках хаця б 15 мінут у дзень, а не знаходзіцца ў гаджэтах.
  4. Дзяліцеся тым, што чытаеце. Абмяркоўвайце любімыя кнігі, навінкі. Прыносьце ў школу свае любімыя кнігі і абменьвайцеся імі.
  5. Калі ў дзіцяці ёсць хаця б адзін сябар, які з задавальненнем чытае кнігі, верагоднасць таго, што яно зацікавіцца чытаннем, намнога вышэйшая.

Шчасліўчык класа

Праз эмоцыі мы спазнаём свет і лепш запамінаем пэўную інфармацыю, падзеі. Таццяна Аляксандраўна пераканана, што захоплены настаўнік можа зацікавіць тымі альбо іншымі заняткамі нават тых дзяцей, якім яны з самага пачатку падаюцца сумнымі. Энергія і энтузіязм — зараджальныя. 

У практыку работы Т.А.Жэўно трывала ўвайшла гульня “Шчасліўчык”, калі камп’ютар з дапамогай “кола фартуны” выбірае са спіса класа аднаго навучэнца — шчасліўчыка. Гэты вучань можа вызваліцца ад праверкі дамашняга задання альбо, калі ён атрымаў дрэнную адзнаку, не ўбачыць яе ў журнале і дзённіку. У выніку вучань разнявольваецца і не баіцца ўключацца ў тыя складаныя моманты, якіх ён імкнуўся пазбягаць. Шчасліўчыкамі на працягу месяца абавязкова бываюць усе вучні ў класе.

У праверцы дамашняга задання педагогу дапамагае таксама ўключэнне гульнявых момантаў, напрыклад, выкарыстанне пазлаў. Настаўніца прапануе малодшым школьнікам расфарбоўку, кожная частка якой — пэўныя матэматычныя прыклады. Дзіця павінна рашыць прыклад, напі­саць адказ і разам з класам скласці пазл. Прычым пазл складзецца, калі адказы будуць правільнымі. Дзеці вельмі захапляюцца гэтай работай. А здаровая канкурэнцыя ў такіх відах дзейнасці, як конкурс, квест, спаборніцтва і інш., можа таксама стаць выдатным стымулам.

— Чаму дзеці часам страчваюць цікавасць да школы? — разважае педагог. — За нашу ўвагу спаборнічае шмат адцягваючых фактараў. Шмат — не значыць заўсёды добра. Калі-нікалі трэба прыслухацца да дзіцяці і не гру­зіць яго максімальна “карыснымі” заняткамі. Трэба пакідаць смак да навучання, а не пачуццё цяжкасці ў галаве. Часта матывацыя страчваецца з-за неаказанай свое­часова дапамогі вучню, калі ён не змог самастойна разабрацца ў новай тэме ці прапусціў некалькі ўрокаў. А яшчэ згасанню цікавас­ці да школы могуць паспрыяць розныя патрабаванні з боку школы і сям’і. Важна, каб да дзяцей прад’яўляліся адны патрабаванні, каб бацькі і педагог былі аднадумцамі, падзялялі адны перакананні, зыходзілі з адных прынцыпаў. Акрамя таго, многае залежыць ад асобы настаўніка.

* * *

Непрыкметна праляцела пяць гадоў, як Таццяна Жэўно працуе з малодшымі школьнікамі. І калі спачатку школа і падрыхтоўка да ўрокаў забіралі ўвесь вольны час маладой настаўніцы, то зараз знаходзяцца гадзіны для рознабаковага развіцця і раскрыцця творчага патэнцыялу. Педагог прыдумвае і арганізоўвае яркія мерапрыемствы, пераўвасабляецца ў розныя ролі. Падчас работы ў Грычыне настаўніца скончыла магістратуру і атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю. А яшчэ захапілася фітнес-індустрыяй, прайшла навучанне ў фітнес-акадэміі і зараз імкнецца ўкараняць у сваёй рабоце здароўезберагальныя тэхналогіі. У планах маладога педагога — распрацаваць дапаможнік з дыдактычнымі гульнямі для выкарыс­тання на ўроках.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара