Тэхналогія CLIL для сучасных настаўнікаў і вучняў

- 16:17Якасць адукацыі

У сярэдняй школе № 28 Гродна на працягу васьмі гадоў дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па вывучэнні нямецкай мовы і культуры. Установа наладзіла цеснае супрацоўніцтва з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. Школа з’яўляецца філіялам кафедры рамана-германскай філалогіі філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Аб сучасных падыходах да вывучэння замежных моў расказалі кіраўнік рэсурснага цэнтра настаўнік-метадыст Таццяна Леанідаўна Смолка і яе калега — настаўніца нямецкай мовы Алена Аляксееўна Хаменя, якая падзялілася вопытам выкарыстання методыкі CLIL на вучэбных занятках.

“З ’яўленню рэсурснага цэнтра ў школе папярэднічала далучэнне ўстановы ў 2008 годзе да ініцыятывы PASCH: “Школы: партнёры будучыні”, — паведаміла Таццяна Леанідаўна Смолка. — Ініцыятыву каардынуе Федэральнае міністэрства замежных спраў Германіі, а рэалізуюць сумесна галоўнае ўпраўленне па справах замежных школ, Інстытут імя Гётэ, германская служба акадэмічных абменаў і служба педагагічных абменаў канферэнцыі міністраў культуры федэральных зямель Германіі. Стварэнне глабальнай сеткі школ-партнёраў садзейнічае актывізацыі цікавасці моладзі да сучаснай Германіі, яе грамадства і нямецкай мовы. Далучэнне да названай ініцыятывы стварае новыя адукацыйныя перспектывы для яе ўдзельнікаў, пашырае іх кругагляд, дазваляе абмяркоўваць з прадстаўнікамі іншых краін пытанні, што цікавяць”.

Тэрмін CLIL быў упершыню прапанаваны ў 1994 годзе Дэвідам Маршам і Ганнай Мальерс: гэта метадалогія выкладання немаўленчых прадметаў на замежнай мове, напрыклад, біялогіі або фізікі на нямецкай мове. Ён расшыфроўваецца як Content and Language Integrated Learning, дзе Content — гэта змест навучання (або немаўленчы прадмет), а Language — мова. Такім чынам, навучанне замежнай мове цесна звязана з іншымі прадметамі і мае міжпрадметны характар.

Сёння Інстытут імя Гётэ ў Мінску курыруе шэсць школ-партнёраў у Гродне, Мінску, Слуцку, Оршы, Барысаве і Маладзечне. Навучэнцы і настаўнікі гэтых устаноў прымаюць удзел у семінарах, конкурсах, праектах, культурных праграмах, курсах павышэння кваліфікацыі, якія арганізоўвае нямецкі бок. Паміж школамі Беларусі і Германіі развіваюцца партнёрскія сувязі, арганізоўваецца абмен вучнямі. Навучэнцы ўстановы прымаюць удзел у Міжнародным конкурсе “Школа — за экалогію”, конкурсе калядных паштовак на нямецкай мове, праектах Alumni-Festival і SchlaueTester, ІV Еўрапейскім фестывалі тэатральных пастановак PASCH-школ. Школьнікам, якія актыўна праяўляюць сябе ў рамках ініцыятывы PASCH, аказваецца падтрымка ў выглядзе стыпендый на вучобу. Дзяцей запрашаюць у маладзёжныя лагеры і на курсы ў Беларусі, Германіі і іншых краінах. Для таго каб стаць удзельнікам міжнародных працоўных і летніх лагераў, вучні запаў­няюць заяўкі, матывацыйныя лісты, у якіх абгрунтоўваюць сваё жаданне паехаць у такі лагер. Згодна з заяўкамі і матывацыйнымі лістамі ажыццяўляецца адбор.

У абласным рэсурсным цэнтры нямецкай мовы і культуры, які дзейнічае на базе сярэдняй школы № 28 Гродна, створаны бібліятэка сучаснай вучэбна-метадычнай і педагагічнай літаратуры, фонд аўдыявізуальных і інтэрактыўных сродкаў навучання, віртуальны кабінет з доступам да бібліятэкі, медыятэкі і іншых актуальных матэрыялаў. Педагогі рыхтуюць вучняў да атрымання сертыфікатаў міжнароднага ўзору узроўняў А1, А2 і В1 па нямецкай мове, працуюць з дзецьмі над праектамі і даследаваннямі. Педагогі Гродзеншчыны звяртаюцца ў рэсурсны цэнтр па  інфармацыйную і метадычную падтрымку. Настаўнікі нямецкай мовы 28-й школы праводзяць для калег семінары-практыкумы і майстар-класы па тэмах, якія тычацца рэалізацыі зместу прадмета на ўроках, фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі, методыкі планавання заняткаў, дзеляцца вопытам выкарыстання інтэрактыўных метадаў і прыёмаў, элементаў музыкі на ўроках нямецкай мовы і г.д. Асаблівая ўвага пры правядзенні такіх навучальных мерапрыемстваў удзяляецца выкарыстанню ІКТ на занятках, у прыватнасці, інструментальных абалонак для стварэння інтэрактыўных заданняў, метадаў і прыёмаў работы з інтэрактыўнай дошкай, тэхналогіі web 2.0. Кіраўнік рэсурснага цэнтра Таццяна Леанідаўна Смолка распрацоўвае майстар-класы для настаўнікаў англійскай мовы (па аналогіі з нямецкай).

Работа з адоранымі вучнямі — асобны кірунак дзейнасці рэсурснага цэнтра. Яна ўключае падрыхтоўку школьнікаў да Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, заняткі ў секцыі замежнай мовы навуковага таварыства сярэдняй школы № 28. Для навучэнцаў Гродна, якія вывучаюць нямецкую мову, у школе дзейнічае кінаклуб аматараў замежнай мовы, праводзяцца кінапаказы.

На базе сярэдняй школы № 28 Гродна дзейнічае філіял кафедры рамана-германскай філалогіі філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Студэнты ўніверсітэта, якія вывучаюць нямецкую мову, праходзяць у школе практыку. Педагогі ўстановы ўдзель­нічаюць у навуковай рабоце кафедры, а вучні — у штогадовай студэнцкай канферэнцыі са сваімі даследаваннямі. Калектыў школы ўдзель­нічае ў творчых праектах і днях нямецкай культуры, якія праводзіць універсітэт. Настаўнікі нямецкай мовы прысутнічаюць на дзяржэкзаменах, пры абароне студэнтамі дыпломаў і магістарскіх работ.

* * *

“Педагог павінен быць сучасным, бо ён вучыць тых, каму давядзецца жыць і прымаць адказныя рашэнні ў будучыні”, — лічыць настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 28 Гродна Алена Аляксееўна Хаменя. — Сапраўдную цікавасць да нямецкай мовы мне прывіла настаўніца Тамара Барысаўна Баярэнка з гімназіі № 1 Ліды. Абу­дзіць у дзяцей такую ж матывацыю да замежнай мовы — мая задача сёння”. 

Алена Аляксееўна некалькі разоў была ў Германіі, дзе вывучала вопыт выкладання замежных моў у гімназіях і школах. У адной з такіх паездак, якая доўжылася тры тыдні, настаўніцы пашчасціла самой весці ўрокі ў школе нямецкага горада Капельн ва ўстанове Клаус-Хармс-Шуле. Выкладала прадмет “Палітыка, эканоміка і грамадства”, што адпавядае грамадазнаўству, якое  вывучаецца беларускімі школьнікамі. У свае заняткі Алена Аляксееўна ўключала інфармацыю аб Беларусі, рабіла пэўныя параўнанні, што тычыліся дзвюх краін. Да ўрокаў беларускі педагог доўга і сур’ёзна рыхтавалася, вывучала спецыяльную тэрміналогію на нямецкай мове. Нямецкія школьнікі з цікавасцю ўспрымалі прадмет на роднай для сябе мове, а вось для Алены Аляксееўны гэтыя ўрокі былі нялёгкім выпрабаваннем. Ведання замежнай мовы на ўзроўні камунікацыі было недастаткова, таму што даводзілася тлумачыць па-нямецку навуковую дысцыпліну. Аднак гэты вопыт даў настаўніцы вельмі шмат у метадычным план­е.

Настаўніца прапанавала пэўны алгарытм дзеянняў педагога пры планаванні вучэбных заняткаў з выкарыстаннем элементаў тэхналогіі CLIL: 1. Выбар немаўленчага прадметнага кампанента для вывучэння на ўроку 2. Вызначэнне мэт і задач заняткаў. 3.Падбор матэрыялаў (тэкстаў, відэа, аўдыя), якія падыходзілі б для рашэння пастаўленых мэт і задач. 4.Выбар лексікі, на якую настаўнік хацеў бы звяр­нуць увагу навучэнцаў (прыкладна ад 6 да 10 слоў на пачатковым этапе, у далейшым іх колькасць можна павялічыць у залежнасці ад узроўню ведаў навучэнцаў). 5.Планаванне вучэбных заняткаў, распрацоўка заданняў да выбраных матэрыялаў. 6.Выраб неабходнага раздатачнага матэрыялу (табліц, схем, графікаў, дыяграм, карцінак і інш. у якасці візуальных падказак). 7. Арганізацыя дзейнасці навучэнцаў на ўроку. 8.Самааналіз, ацэнка выніковасці выкарыстання элементаў тэхналогіі CLIL на ўроку.

Уключаць у адукацыйны працэс элементы тэхналогіі CLIL Алена Аляксееўна пачала з 2013 года, калі яе вучні прымалі ў­дзел у штогадовым Міжнародным конкурсе Інстытута імя Гётэ “Знаходлівыя тэсціроў­шчыкі”. Дзеці даследавалі пэўны прадукт, тэсціравалі яго, параўноўвалі з iншымi аналагічнымі, рабiлi высновы, прычым на нямецкай мове. У 2015 годзе Алена Хаменя, яе навучэнцы і настаўніца хіміі школы Наталля Сычэўская прынялі ўдзел у Міжнародным конкурсе “Школа — за экалогію”. Пасля таго  як школьнікі прашту­дзіравалі спецыяльную літаратуру па хіміі на нямецкай мове, выканалі эксперыменты, Алена Аляксееўна заўважыла поспехі дзяцей і на сваіх занятках.

Педагог працягвала асабістае прафесійнае ўдасканаленне. Яна прайшла падрыхтоўку на мультыплікатара ў Інстытуце імя Гётэ па тэме “Дзіцячы анлайн-універсітэт”, а таксама навучанне ў кірунку прымянення тэхналогіі CLIL пры выкладанні нямецкай мовы. Настаўніца прааналізавала вучэбную праграму і вучэбныя дапаможнікі з мэтай знайсці тэмы і камунікатыўныя сітуацыі, у якіх выкарыстанне элементаў тэхналогіі CLIL больш мэтазгодна, і распрацавала сістэму вучэбных заняткаў і дыдактычныя матэрыялы на нямецкай мове для 5—9 класаў з прымяненнем элементаў тэхналогіі CLIL. Педагог падрыхтавала семінар-практыкум “Выкарыстанне методыкі CLIL на вучэбных занятках па замежнай мове”, правяла серыю майстар-класаў і практычных заняткаў па гэтай тэме. Алена Аляксееўна дзялілася вопытам з калегамі на семінарах на ўзроўні рэспублікі, на школьным і раённым метадычных аб’яднаннях настаўнікаў замежнай мовы, на курсах павышэння кваліфікацыі ў ГАІРА.

“Кожны настаўнік можа разнастаіць сваю работу, знайсці матэрыялы, заснаваныя на выкарыстанні тэхналогіі CLIL, — гаворыць настаўніца. — На любым уроку на аснове гэтай тэхналогіі асаблівая ўвага ўдзяляецца чытанню і аўдзі­раванню, таму што педагог выкарыстоўвае гатовыя тэксты па пэўнай тэматыцы (з кніжных, часопісных артыкулаў, інфармацыі з інтэрнэту, радыёперадач, відэафільмаў і г.д.). Сваім вучням, напрыклад, рэкамендую нямецкі часопіс Lingo Macht MINT, у якім яны могуць падрабязна азнаёміцца з тэмамі па матэматыцы, інфарматыцы, прыродазнаўчых і іншых навуках. Кожны з нумароў часопіса прысвечаны пэўнай тэме, напрыклад, вадзе, солі,  сонцу, музыцы і г.д. На ўроках у 5—6 класах выкарыстоўваю матэрыялы сайта “Дзіцячы анлайн-універсітэт”, а для навучэнцаў 7—9 класаў — матэрыялы сайта “Юнацкі анлайн-універсітэт”, якія распрацаваны супрацоўнікамі Інстытута імя Гётэ. Уключаю ў адукацыйны працэс і ўласныя знаходкі з выкарыстаннем элементаў CLIL.

Арганізаваць поўнасцю вывучэнне пэўнага прадмета на замежнай мове — задача не з лёгкіх. Аднак укараніць элементы тэхналогіі CLIL, лічу, цалкам магчыма. Усё робіцца ў рамках праграмы, але выбіраецца тэма або камунікатыўная сітуацыя, у якую можна ўбудаваць элементы CLIL, прычым не толькі на ўроку, але і ў пазаўрочнай дзейнасці. Прыкладам гэтага можа быць урок замежнай мовы, на якім навучэнцы гатуюць ежу, апісваючы свае дзеянні і перамаўляючыся ў рамках тэмы на замежнай мове. Напрыклад, я право­дзіла ўрок карвінгу — мастацкага ўпрыгожвання ежы.Вучні выразалі ўпрыгажэнні з садавіны і гародніны і абмяркоўвалі гэты працэс на нямецкай мове. Вось вам і міжпрадметныя сувязі з урокам працоўнага навучання. Калі школьнікі навед­ваюць музей, ім па сілах апісаць на замежнай мове экспанаты, прааналізаваць гістарычныя падзеі, што адбываліся на тэрыторыі краіны, мову якой вывучаюць. Мы з вучнямі складалі кліматычную і геаграфічную карту на нямецкай мове. Аднойчы заўважыла, што ў дзяцей, асабліва ў 5-х класах, назіраюцца праблемы з чытаннем рымскіх лічбаў. Я знайшла брашуру на нямецкай мове, дзе падрабязна тлумачыцца прынцып пабудовы лічбаў, дадзена гістарычная даведка. Затым распрацавала блок інфармацыі з заданнямі на нямецкай мове. Даволі хутка мае вучні пачалі лёгка аперыраваць складанымі датамі”.

Тэхналогія CLIL базіруецца на камунікатыўна-дзейсным падыходзе, які прадугледжвае цесную сувязь з жыццём. Таму вучні адразу прымяняюць атрыманыя веды і адчуваюць, для чаго ім патрэбна мова. Задача педагогаў — знайсці той прадмет або аб’ект, які цікавы навучэнцам, каб яны з радасцю вывучалі яго.

“Мяркую, што ў далейшым тэхналогія CLIL будзе прымяняцца шырэй педагогамі нашай школы, таму што ўстанова падала дакументы на ўключэнне ў інавацыйны праект “Укараненне мадэлі STEAM-адукацыі як сродку дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстановах адукацыі”, які курыруе навуковы кансультант Анжаліка Анатольеўна Мешчаракова, старшы выкладчык кафедры сучасных методык і тэхналогій АПА, — адзначае Алена Аляксееўна. — Адзін з кірункаў рэалізацыі гэтага праекта звязаны са стварэннем міжпрадметных гурткоў па вывучэнні нямецкай мовы. Напрыклад, плануецца адкрыць гурток па асновах праграмавання на нямецкай мове ў рамках STEAM-праекта Calliope mini, сумеснага з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. Гэта не класічныя ўрокі праграмавання. На занятках будуць прымяняцца гульні (бо пра­грамаваць можна і ў гульні), інтэрактыўныя заданні і практыкаванні”.

Надзея ЦЕРАХАВА.