Тэрыторыя навацый

- 11:35Вышэйшая школа

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны з’яўляецца галоўным рэгіянальным пастаўшчыком кадраў для ІТ-кампаній. Ва ўстанове адукацыі разам з лідарамі галіны рэгулярна праводзяцца семінары, трэнінгі і майстар-класы. Сёлета новым партнёрам ГДУ стала дзяржаўнае прадпрыемства “Агенцтва развіцця і садзейнічання інвестыцыям” і яго навукова-тэхналагічны  парк “Карал”.

Сяргей Хахомаў і Андрэй Бабовіч падпісваюцьдагавор аб супрацоўніцтве.

Дагавор аб супрацоўніцтве падпісалі рэктар ГДУ Сяргей Хахомаў і дырэктар Агенцтва развіцця і садзейнічання інвестыцыям Андрэй Бабовіч. Дакумент прадугледжвае ўзаемадзеянне ў адукацыйнай і навуковай сферы, а таксама ў галіне высокіх тэхналогій.  Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт і тэхнапарк “Карал” маюць намер распрацоўваць і рэалізоўваць сумесныя інавацыйныя праекты.

— У рабоце будзем выкарыстоўваць навукова-тэхнічны, інавацыйны і маркетынгавы патэнцыял абодвух бакоў, — адзначыў Сяргей Анатольевіч. — Плануецца таксама, што на базе тэхнапарка ў будучыні нашы студэнты будуць праходзіць вытворчую, вучэбную і пераддыпломную практыку. А па­сля, спадзяёмся, што і ўладкуюцца на працу або зоймуцца ўвасабленнем у жыццё ўласных стартапаў. 

У поўнай меры рэалізаваць свае праекты змогуць удзельнікі стартап-школы ГДУ. Партнёрства дазволіць ім знайсці інвестараў. Сяргей Хахомаў таксама дадаў, што ў цэлым дакумент разлічаны на доўгачасовае супрацоўніцтва.

Па словах Андрэя Бабовіча, тэхнапарк “Карал” і ўніверсітэт плануюць наладзіць бесперапынны абмен кансультацыямі, вопытам навуковай і інавацыйнай дзейнасці. Яшчэ адной сферай супрацоўніцтва стануць сумесныя выставы, семінары, канферэнцыі, круглыя сталы і конкурсы.

— У перспектыве магчыма і фарміраванне пастаянна дзеючых студэнцкіх атрадаў на базе будучага міжнароднага цэнтра лічбавых кампетэнцый для школьнікаў “Сколкава-Карал”. Аб’яднанні змогуць працаваць па розных напрамках, такіх як інтэрнэт рэчаў, воблачныя тэхналогіі, мабільная робататэхніка, ЗD-прататыпаванне. Студэнты на працягу семестра будуць займацца з дзецьмі, асвойваць пэўныя навыкі. Гэта прынясе карысць у тым ліку студэнтам педагагічных спецыяльнасцей, — падзяліўся планамі Андрэй Паўлавіч.

Сапраўды прывабныя ўмовы створаны сёння ў ГДУ для самарэалізацыі ініцыя­тыўнай моладзі, здольнай творча думаць, вучыцца і працаваць у камандзе. У той жа час заказчыкі кадраў прызнаюцца, што чакаюць тых, хто здольны вучыцца нават па­сля заканчэння ўніверсітэта. Трывалыя веды, смеласць, мэтанакіраванасць і гатоўнасць стаць на­дзейным звяном прафесійнай каманды — неабходныя ўмовы для паспяховай працы ў вядучых кампаніях.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.