Цацкі любяць не толькі дзеці

- 10:49Людзі адукацыі

Калі размаўляеш з людзьмі, якія зараз займаюцца тым, пра што марылі ў дзяцінстве, мімаволі пачынаеш ім зайздросціць. Якое ж шчасце шмат гадоў ісці да чагосьці і нарэшце атрымаць! Гэтую думку пацвердзіла педагог народнага калектыву “Майстры цацак” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Лідзія Чугаеўская.

— Мне матуля расказвала, што калі я была маленькай, то ўвесь час брала нейкія кавалкі тканіны, нешта круціла, вярцела, — пачынае аповед Лідзія Уладзіміраўна. — У палацы я амаль жыла, ха­дзіла на мноства гурткоў і вельмі любіла тут знаходзіцца. У 4 гады прыйшла да матулі (яна выкладала ў гэтай жа ўстанове. — Заўв.аўт.), і мне вельмі спадабалася яе праца. Тады я і падумала, што стану педагогам. У 9 класе вырашыла паступаць у Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, каб ствараць а­дзенне для падлеткаў. Яшчэ падчас вучобы пачала працаваць у палацы, але спачатку рабіла калекцыі адзення. Праз некалькі гадоў мая мама вырашыла пакінуць справу педагога і прапанавала мне ўзяць яе гурток. Так я зноў пачала шыць цацкі.

Зараз у Лідзіі Чугаеўскай займаюцца 35 дзяцей. Яны прыхо­дзяць да педагога раз у тыдзень на 2—3 гадзіны. Лідзія Уладзіміраўна спецыяльна зрабіла такі графік. Яна разумее, што камусьці хочацца яшчэ на танцы, маляванне, у басейн, плюс урокі. Але дзецям гэтага мала. Яны ўжо не раз прасілі праводзіць больш заняткаў. (Ды і я хацела б больш, калі б разумела, што амаль кожны раз буду прыносіць дадому цацку.) Часцей за ўсё вучні шыюць жывёл: катоў, сабак, мышак, пінгвінаў, насарогаў. А робяц­ь іх з футра і фетру. Футра можа схаваць усе недахопы шыцця, а з фетрам проста зручна працаваць. Дзецям трэцяга года навучання Лідзія Уладзіміраўна хоча прапанаваць стварыць цацку з тканіны.

— Вучні хочуць прыйсці, зрабіць і сысці з гатовай цацкай. Калі яна простая, то праблем няма. Але калі мы ствараем нешта больш складанае, то дзецям цяжка патлумачыць, што трэба правесці адны, другія, трэція заняткі, і толькі на чацвёртых мы ўбачым вынік.

Як увогуле на свет з’яўляецца цацка? Спачатку ўзнікае ідэя, нейкі вобраз, які хочацца зрабіць. Потым трэба намаляваць выкрайку і сшыц­ь чарнавы варыянт, каб паглядзець, ці трэба нешта падправіць. Толькі пасля ўсіх гэтых крокаў можна рабіць фінальны варыянт. У канцы для цацкі прыдумваюць вопратку і аксесуары.

— Пакуль што асноўную ідэю я прыдумваю сама, — гаворыць Лі­дзія Чугаеўская, — але дзеці могуц­ь дадаць нешта сваё ў працэсе. Летась мы рабілі на Рэспубліканскі конкурс “Ідзі за марай” работу на тэму здаровага ладу жыцця. У нас былі два сабакі: адзін — спартсмен, баскетбаліст, другі — балельшчык. І ў працэсе дзяўчынкі кажуць: “О, трэба балельшчыку марожанае да­даць”. Потым прапанавалі яму зрабіць яшчэ і казырок з надпісам. А вось калі мы рыхтаваліся да “Каляднай зоркі” і шылі мыш, якая едзе за ёлкай у лес, то зразумелі, што ёй па­трэбны сані. З чаго зрабіць? З дрэва. Але я з ім не працую. Дапамог майстар у палацы. Потым вырашылі дадаць сякеру. Зноў прыйшлося бегчы да нашага майстра.

На гурток да Лідзіі Уладзіміраўны ў асноўным ходзяць дзяўчынкі, але летась былі і два хлопчыкі. Розніцы паміж імі педагог не бачыць. Бывае, хлопчык можа нешта зрабіць хутчэй, бывае, дзяўчынка, але гэта залежыць не ад полу, а ад характару.

— Дзеці ў першую чаргу развіваюць дробную маторыку, у другую — уседлівасць, у трэцюю — фантазію. На занятках я даю вучням адну і тую ж выкрайку, але ва ўсіх атрымліваюцца розныя цацкі. Яны ж самі выбіраюць колер, у канцы могуць дадаць нейкі банцік, пацерачку і г.д.

Самой Лідзіі  Уладзіміраўне гэтыя заняткі даюць прыліў энергіі.
Яна адчувае сябе шчаслівай, калі ба­чыць задаволеных дзяцей, а калі яшчэ і чуе падзяку ад бацькоў, то разумее: трэба рабіць сваю справу далей. Канечне, бываюць і цяжкія дні, але тут галоўнае — быць адкрытай.

— Часам я стамляюся, і вучні адчуваюць гэта. Тады гавару ім: “Дзеці, у мяне быў вельмі складаны дзень, а вы яшчэ і шуміце — ад гэтага мне становіцца горш”. Тады такая цішыня ў класе. Вельмі прыемна, што яны мяне чуюць. Я, у сваю чаргу, стараюся быць ім старэйшым сябрам, кожны раз знахо­дзіць добрыя словы, нават калі ў іх нешта не атрымліваецца. Мне падабаецца размаўляць з дзецьмі. Яны расказваюць пра свае навіны, перажыванні, зада­юць пытанні, напрыклад: “Ці лаецеся вы на сваіх дзяцей? Якой вы былі ў дзяцін­стве? Якія краіны наведалі?”

Лідзія Чугаеўская працуе ў Палацы дзяцей і моладзі ўжо 14 гадоў, а ў народным калектыве “Майстры цацак” — 9. Нядзіўна, што за гэты час у яе з вучнямі склаліся свае традыцыі.

— Штогод мы прымаем у­дзел у выставах і конкурсах. “Добры дзень, свет!”, “Калядная зорка”, “ТэхнаЁлка”. Таксама я раблю ўнутраны конкурс: кожнае дзіця шые цацку з рухомымі лапамі, а потым мы галасуем за лепшую работу. Пераможцу я дару сваю цацку, іншыя дзеці таксама атрымліваюць маленькія прэзенты. Кожны год мы ладзім навагодняе свята. Сёлета вучні прапанавалі зрабіць па маленькай цаццы, якія мы скла­дзём у вялікі мех, і кожны выцягне для сябе падарунак. Таксама мы вырабляем цацкі для дзяцей, якія цяжка хварэюць ці жывуць у інтэрнаце. Разам з нашым цэнтрам “Бяспечнае дзяцінства” наведваем іх і дорым такія невялікія прэзенты на зімнія святы.

За год у дзяцей атрымліваецца сшыць каля 15 цацак. І гэта не ўлічваючы тое, што ў снежні яны шы­юць шмат невялікіх упрыгажэнняў на ёлку. З такой колькасці складана выбраць адну, самую любімую. У Лідзіі Уладзіміраўны і не атрымліваецца, тым больш што яе выбар значна больш шырокі. Педагог гаворыць, што кожная новая цацка вартая любові. Мабыць, калісьці вы зможаце адчуць гэта на Міжнароднай выставе “Панна Doll’я”, у якой Лідзія Чугаеўская марыць паўдзельнічаць.

— Часцей за ўсё дзеці пры­ходзяць на заняткі з такім імпэтам, што нават не хочуць выходзіць з кабінета на перапынках. Напэўна, гэта знак, што ім са мной цікава. А калі дзецям падабаецца, значыць, я на сваім месцы.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Лідзіі Чугаеўскай.