Асноўная мэта, з якой учарашнія школьнікі паступаюць ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — гэта, безумоўна, набыццё прафесіі, таму вучоба, канечне, на першым плане. Але ж і ўдасканаленне сваіх творчых здольнасцей, унутранага свету не павінна быць другасным. Вопыт Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці цудоўна сведчыць, што выхаваўчая работа ва ўстановах прафесійнай адукацыі вядзецца гэтак жа маштабна і актыўна, як і ва ўстановах агульнай сярэдняй або дадатковай адукацыі.
Вялікая і кампактная тэрыторыя, утульныя вучэбныя кабінеты, майстэрні, спартыўныя пляцоўкі — для вучобы і карыснага правядзення вольнага часу ў столінскім ліцэі створаны неабходныя ўмовы. І гэтыя ўмовы выкарыстоўваюцца максімальна эфектыўна, у чым і пераканала наведванне выставачнай залы (тут прадстаўлены работы столінскіх выкладчыкаў і навучэнцаў, якія займалі прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх конкурсах і выставах), а таксама цёплы, душэўны канцэрт, падчас якога ў песнях і вершах хлопцы і дзяўчаты выказалі сваю любоў да маляўнічай Століншчыны — самабытнага палескага куточка.
У ліцэі склалася свая сістэма арганізацыі адукацыйнага працэсу. Традыцыйнымі сталі конкурсы прафесійнага майстэрства навучэнцаў, агляды мастацкай самадзейнасці “Таленты ліцэя”, спартыўныя святы, агляды-конкурсы метадычных распрацовак сярод педагагічных работнікаў. Значная ўвага ўдзяляецца таксама акцыям добрых спраў “Спяшайцеся рабіць дабро”, тэматычным дням прафілактыкі СНІДу, шкодных звычак — гэта ўжо тэрыторыя адказнасці валанцёрскага клуба “Дружба”.
На Століншчыне прафесійна-тэхнічная адукацыя пачала развівацца ў 40-я гады, калі на базе мэблевай фабрыкі “Вызваленне” была арганізавана школа фабрычна-заводскага навучання № 35. 20 верасня 1982 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Столінскага сярэдняга сельскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 69 будіндустрыі. З 1985 года Столінскае ССПТВ-69 перайменавана ў ПТВ № 164 меліярацыйнага будаўніцтва. У 1995 годзе профіль вучылішча мяняецца, і яно становіцца ПТВ-164 сельскагаспадарчай вытворчасці. Сённяшнюю назву і статус установа носіць з 2008 года. У сувязі з патрабаваннямі часу і сучаснай вытворчасці падрыхтоўка навучэнцаў пачалася па новых прафесіях, сумежных і дадатковых спецыяльнасцях.
— У Беларусі шмат валанцёрскіх аб’яднанняў. І гэта цудоўна! Валанцёрская дзейнасць фарміруе актыўную грамадзянскую пазіцыю навучэнца, развівае ініцыятыву, лідарскія якасці, выхоўвае павагу да старэйшых. Сучасная моладзь, як гэта ні сумна, з’яўляецца пакаленнем спажыўцоў. Работа ў валанцёрскім атрадзе дапаможа навучэнцам змяніцца ўнутрана і нават знешне: погляд з абыякавага ператворыцца на палымяны і зацікаўлены, сам падлетак набудзе самапавагу, стане больш упэўненым. У далейшым хлопцам і дзяўчатам будзе прасцей узаемадзейнічаць і ўключацца ў любую дзейнасць. Напрамкі работы клуба разнастайныя. Гэта і акцыі добрых спраў, і прафілактыка шкодных звычак, і размовы пра рэпрадуктыўнае здароўе. Фарміруюцца і сямейныя каштоўнасці. Напрыклад, да Дня маці праводзіўся флэшмоб “Не забудзь павіншаваць матулю”. Было раздадзена 240 паштовак на вуліцы людзям розных узростаў, — падзяліўся актыўны ўдзельнік валанцёрскага клуба Мікіта Скавінскі.
Калі работа ў валанцёрскім клубе — гэта ўдасканальванне свайго ўнутранага свету, то ўдзел у аб’яднаннях па інтарэсах тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці дапамагае навучэнцам удасканальваць не толькі творчыя здольнасці, але і ўменні і навыкі, без якіх нельга будзе стаць сапраўдным прафесіяналам. Работы навучэнцаў, створаныя на занятках аб’яднанняў “Сталярная справа”, “Дэкаратыўная зварка”, “Мастацкая зварка”, “Інкрустацыя саломкай”, пастаянна прадстаўляюцца на абласных і рэспубліканскіх выставах і аглядах-конкурсах, займаюць прызавыя месцы.
Багатая скарбонка ўзнагарод ліцэя папоўнілася і ў 2019 годзе. Так, за работу “Вясёлае парася” ў намінацыі “Сімвал 2019 года” Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка” каманда навучэнцаў Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі. У абласным этапе Рэспубліканскага агляду тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі столінскі ліцэй стаў пераможцам і ўзнагароджаны дыпломам I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі “Інтэр’ер”. Дыпломам II ступені каманда ліцэя ўзнагароджана ў намінацыях “Мадэляванне”, “Электроніка”, “Машынабудаванне”, “Сродкі навучання”, “Інтэр’ер”. У абласным конкурсе “Маленькі куток вялікай краіны” столінцы занялі 3-е месца і ўзнагароджаны дыпломамі адпаведнай ступені ў намінацыях “Традыцыі і святы Беларусі”, “Краявіды любімага краю”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “На гэтай зямлі жыць мне і табе”. З арыгінальнымі творчымі работамі можна азнаёміцца ў выставачнай зале ліцэя, экспанаты якой пастаянна абнаўляюцца.
Узровень прафесійных навыкаў пацвярджаюць прызавыя месцы на конкурсах прафесійнага майстэрства. Так, у абласным адкрытым конкурсе прафесійнага майстэрства навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання па прафесіі “Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання” навучэнец ліцэя Ігар Мароз за датэрміновае і паспяховае выкананне задання, захаванне тэхналагічнага працэсу і рацыянальнае выкарыстанне расходных матэрыялаў узнагароджаны пахвальным водзывам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Акрамя таго, па прафесіі вадзіцель аўтамабіля Ігар атрымаў дыплом III ступені. У згаданым конкурсе па прафесіі кухар навучэнка ліцэя Наталля Апановіч за крэатыўнасць ідэі ўзнагароджана пахвальным водзывам і сертыфікатам удзельніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.
Сваё майстэрства паказваюць і выкладчыкі. У абласным этапе ХVI Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў у конкурсе “Лепшы вучэбна-наглядны дапаможнік” Яўген Іванавіч Зубок узнагароджаны дыпломам III ступені, а майстар вытворчага навучання Сяргей Аляксандравіч Лясько атрымаў дыплом II ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Гэта сведчыць пра тое, што ў ліцэі працуюць прафесіяналы высокага ўзроўню, якія рыхтуюць сапраўдных спецыялістаў.
— Падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў немагчыма без добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы. На тэрыторыі ліцэя знаходзяцца вучэбны корпус і вучэбна-вытворчыя майстэрні, у якіх абсталяваны 21 вучэбны кабінет, 12 майстэрань, 5 лабараторый, машынна-трактарны парк з гаражамі для сельгастэхнікі і аўтамабіляў, які ўключае 16 трактароў розных марак, тэхніку “Амкадор”, 2 збожжаўборачныя камбайны, 13 прычэпаў, 21 аўтамабіль. Акрамя таго, на тэрыторыі ліцэя ёсць сталярны цэх, цяпліца, трактарадром. Таксама ліцэй мае 2 аўтадромы, абсталяваны 2 камп’ютарныя класы, 2 камп’ютарызаваныя класы па ПДР, актавая, спартыўная і трэнажорная залы, стралковы цір, спартыўны гарадок, медпункт, бібліятэка, сталовая на 100 месцаў. Навучэнцы пражываюць у добраўпарадкаваным інтэрнаце, дзе абсталяваны кабінеты псіхолага і сацыяльнага педагога, пакой псіхалагічнай разгрузкі, бытавыя, гульнявыя пакоі. За час існавання ліцэй падрыхтаваў больш за 10 тысяч кваліфікаваных рабочых, якія працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі Беларусі. Іх вучаць 18 выкладчыкаў і 29 майстроў вытворчага навучання, — паведаміў дырэктар ліцэя Рыгор Антонавіч Казубоўскі.
Выкладчыкі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі — людзі адметныя. Па-першае, яны працавітыя, сапраўдныя майстры. Па-другое, яны творчыя асобы. А калі творчасць сумяшчаецца з майстэрствам — тады і нараджаецца прафесіяналізм.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.