Тытул “Студэнт года — 2016” знайшоў уладальніка!

Самая яркая студэнцкая падзея — фінал рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года — 2016”— аб’яднала моладзь краіны ў чацвер. Каб свята прайшло па-зімоваму горача, на гэты раз арганізатары перанеслі яго з універсітэцкай актавай залы ў папулярны начны клуб. Адметным стала і тое, што конкурс, нарэшце, апраўдаў сваю назву — упершыню за яго гісторыю перамагла не студэнтка, а студэнт. На гэты раз перамогу святкаваў Дзмітрый Куксо — будучы эканаміст-менеджар з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ідэя конкурсу, арганізатарам якога з 2011 года выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага студэнцкага савета БРСМ, — прадтрымаць творчы запал студэнтаў, стварыць умовы для іх самарэалізацыі ў галіне грамадскай дзейнасці, навукі, мастацтва і спорту, прасоўвання сваіх ініцыятыў і праектаў.

У фінальным баі сышліся 9 лепшых студэнтаў — самых лепшых у вучобе, навуцы, спорце, творчасці, прамоўніцкім майстэрстве. Галоўныя ўмовы для канкурсантаў — навучанне на 2—5 курсах устаноў вышэйшай адукацыі, поспехі ў вучобе (сярэдні бал канкурсанта павінен быць не ніжэй за 8!), удзел у грамадскім жыцці, дзейнасці Саюза моладзі, міжуніверсітэцкіх, раённых, гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах у галіне студэнцкага самакіравання. Разам з тым канкурсанты са сваімі групамі падтрымкі паказалі журы і ўсім прысутным, як трэба працаваць у адзінай камандзе, каб перамагаць!

У склад журы сёлета ўваходзілі Ірына Старавойтава, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці; Людміла Макарына-Кірбак, старшыня камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь; Наталля Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, знакамітыя беларускія спартсмены, тэлевядучыя і інш.

Канкурсантаў яны ацэньвалі па дзесяцібальнай сістэме. Дарэчы, сёлета правілы падвядзення вынікаў змяніліся. З мэтай празрыстасці вынікаў галасавання ўпершыню журы выстаўляла адзнакі ў рэжыме рэальнага часу, паднімаючы таблічкі з адзнакамі пасля заканчэння кожнага конкурсу.

Канкурсанты прайшлі шэраг выпрабаванняў — завочных: “Партфоліа”, “Маладзёжны праект”, конкурс прэзентацыі кніг “Крыніцы мудрасці”, і конкурсаў, якія стварылі студэнцкае шоу на сцэне. Гэта самапрэзентацыя “Я — студэнт!”, якая ўключыла відэаролік “Я — студэнт!” і творчую прэзентацыю, інтэлектуальны конкурс “Мая краіна — Беларусь” і творчы конкурс “Беларусь культурная”.

Але, акрамя гэтага, для перамогі трэба было мець і ўласныя козыры, якія ацэньваюцца па-за конкурсам. Для Дзмітрыя Куксо імі сталі інтэлігентнасць, адметны погляд на звычайныя рэчы і прыроджаная харызма.

“Я лічу сябе грамадзянінам свету (не прымаю нацыяналістычных сварак, расавых забабонаў і культурнай нянавісці) з рознабаковымі інтарэсамі, — зазначыў Дзмітрый напярэдадні фіналу. — Я цаню культуру сваёй краіны, сваёй малой радзімы, але пры гэтым паважаю культуры іншых народаў. Шчыра веру ў навуку, лічу, што менавіта навуковы падыход можа дапамагчы дасягнуць поспеху як кожнаму асобнаму чалавеку, так і чалавецтву ў цэлым. Перакананы, што чалавек варты большага, чым проста зарабляць грошы для існавання. Ён павінен рэалізоўваць свой творчы патэнцыял у тых сферах, да якіх ёсць схільнасць (навука, музыка, мастацтва і г.д.), і быць адзіным механізмам з іншымі людзьмі. Стварыць умовы для гэтага — адно з маіх жыццёвых імкненняў”.

Дзмітрый сур’ёзна захоплены сацыяльна-гуманітарнымі дысцыплінамі, робіць першыя крокі ў паглыбленым вывучэнні матэматычнага аналізу і статыстычнага аналізу даных, сочыць за развіццём тэхналогій. І ў навуцы атрымаў першыя поспехі: будучы студэнтам, напісаў дзве навукова-даследчыя працы, кожная з якіх адзначана дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе, дзевяць навуковых публікацый, прымае ўдзел у шматлікіх навукова-практычных канферэнцыях. Ёсць у яго шмат ідэй для далейшых даследаванняў.

“Мне ёсць у чым удасканальвацца і ёсць чаму вучыцца. Таму я не збіраюся спыняцца ў сваім развіцці, — запэўнівае юнак. — Акрамя таго, увесь мой вольны час займае музыка. Я спяваю і іграю на розных інструментах (баян, гітара, духавыя, з нядаўніх часоў — блок-флейта), так што я чалавек-ансамбль, а ўлічваючы, што мае сябры таксама, разам мы ператвараемся ў цэлы аркестр! А калі сур’ёзна, то музыка — гэта лекі і крыніца сіл для маёй душы ў любой сітуацыі”.

У гэтым кірунку Дзмітрыю таксама ёсць чым ганарыцца: ён стаў дыпламантам двух вакальных конкурсаў, у школьныя гады прымаў удзел у інструментальных конкурсах, іграў у духавым аркестры, а пасталеўшы і паставіўшы голас, быў салістам ваеннага духавога аркестра. Часта прымае ўдзел у канцэртах, дорыць людзям радасць, з-за чаго, прызнаецца, і сам атрымлівае не меншае задавальненне.

“У цэлым я чалавек сур’ёзны і цаню ў людзях грунтоўнасць, хоць часам і падурэць таксама можна, і нават трэба. Цаню дабрыню і бескарыслівасць і адказваю тым жа. Паважаю людзей са светлай галавой, зносіны з імі і мяне робяць лепшым”.

Трымаючы ў руках галоўную ўзнагароду конкурсу, Дзмітрый пагаджаецца са словамі Наталлі Пшанічнай, якая, уручаючы яе, зазначыла, што гэта — не толькі прызнанне, але і вялікая адказнасць: “Мне цэлы год трэба будзе ўвасабляць сабой студэнцтва Беларусі. Гэта вельмі адказны тытул. І я пастараюся не падвесці студэнтаў Беларусі і з гонарам несці гэтае званне”.

Акрамя тытула “Студэнт года — 2016”, Дзмітрый Куксо атрымаў падарункі ад партнёраў, галоўныя сярод якіх — акустычная сістэма ад кампаніі SVEN — вытворцы тэхнікі для работы і забаў, і турыстычная пуцёўка па маршруце Талін — Хельсінкі — Стакгольм.

Прызы атрымалі і прызёры. Дыплом II ступені прысуджаны Вераніцы Кажанеўскай, будучаму лагапеду з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Дыплом III ступені атрымаў Андрэй Андрук, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У традыцыйнай дадатковай намінацыі “Студэнт года — 2016 ONLINE” канкурсантаў ацэньвалі інтэрнэт-карыстальнікі, галасуючы за аўтарскія гумарыстычныя відэаролікі на тэму “Я — студэнт!” (галасаванне праходзіла на канале YouTube). Перамогу ў ёй атрымаў Кірыл Дрозд з універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Арганізатары забяспечылі ўсім канкурсантам і іх шматлікім групам падтрымкі запамінальны энергічны адпачынак на танцпляцоўцы, яркія і дынамічныя выступленні зорак беларускай эстрады, музыкантаў, майстроў светлавога шоу.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.