У 2016 годзе парогавыя значэнні ЦТ, верагодна, застануцца без змен, а ў 2017 годзе абітурыентам могуць дазволіць здаваць 4 тэсты

- 13:34Калегіі, пасяджэнні

На пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі падвялі вынікі ўступнай кампаніі 2015 года і агучылі прапановы аб далейшым удасканаленні сістэмы.

Уступная кампанія 2015 года: вынікі

Падводзячы вынікі ўступнай кампаніі, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш нагадаў, што ў краіне другі год прыём ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі праводзіўся паводле новай рэдакцыі Правіл прыёму. Іх асноўнымі новаўвядзеннямі былі:
• адмена прафесійна-псіхалагічнага сумоўя і асобнага конкурсу для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх школ;
• магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі ў завочнай форме толькі тым асобам, якія працуюць;
• змяненне ўмоў прыёму абітурыентаў на мэтавую падрыхтоўку;
• магчымасць дадатковага набору ва ўстановы вышэйшай адукацыі;
• замацаванне за Міністэрствам адукацыі паўнамоцтваў па рэгуляванні тэрмінаў прыёмнай кампаніі, вызначэнні пераліку ўступных выпрабаванняў, парогавых значэнняў ЦТ;
• магчымасць абітурыентам, якія атрымалі агульную базавую адукацыю, паступаць на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Прыём у прафтэхустановы

У 2015 годзе ў прафтэхустановы прынята 33,7 тысячы чалавек (96,9% ад кантрольных лічбаў прыёму). Недабор склаў 974 чалавекі (у 2014 годзе свабоднымі засталіся 2541 месца).
На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі прынята 1047 чалавек, што складае 77,1% ад плана.
Найбольш запатрабаванымі моладдзю былі прафесіі цырульніка, кухара, кандытара і некаторыя іншыя. Як і ў мінулыя гады, установы прафтэхадукацыі адчувалі значныя цяжкасці пры камплектаванні груп па прафесіях лёгкай прамысловасці, машынабудавання, сельскагаспадарчай вытворчасці, дрэваапрацоўкі, будаўніцтва (муляр, цясляр-бетоншчык).
“Работа па павышэнні прэстыжнасці рабочых прафесій, прыцягненні ўвагі выпускнікоў школ да атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі павінна быць пастаяннай, — заўважыў Вадзім Богуш. — Відавочна, што намаганняў адных толькі ўстаноў адукацыі і органаў кіравання адукацыяй недастаткова. Неабходна прыцягваць да гэтай работы арганізацыі — заказчыкі кадраў, галіновыя органы кіравання, аб’яднанні наймальнікаў і прафсаюзаў”.

Прыём ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі

У 2015 годзе ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі было прынята 37,7 тысячы чалавек (95,7% ад плана прыёму).
Вакантнымі засталіся 142 месцы на дзённай бюджэтнай форме па спецыяльнасцях “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў”, “Першасная апрацоўка лубяных культур”, “Тэхналогія пражы, нятканых матэрыялаў, тканін і тканых вырабаў”, “Машыны і апараты лёгкай, тэкстыльнай прамысловасці і бытавога абслугоўвання”, “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”, а таксама 80 месцаў на асобныя спецыяльнасці на завочнай форме.
Найбольш запатрабаванымі ў абітурыентаў былі “Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне”, “Архітэктура”, “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі”, “Дызайн”, “Правазнаўства”, “Банкаўская справа”, “Медыка-прафілактычная справа”, “Цырульніцкае майстэрства і дэкаратыўная касметыка”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці”. Нізкай папулярнасцю карысталіся спецыяльнасці лёгкай прамысловасці.

Прыём у ВНУ

У 2015 годзе на ўзровень вышэйшай адукацыі прынята 56,5 тысячы чалавек, з іх на бюджэтную форму навучання — 27 тысяч. Доля асоб, прынятых на дзённую форму навучання, склала 62,8%.
Як паведаміў першы намеснік міністра, да 31 снежня працягваецца прыём у сельскагаспадарчыя ўстановы адукацыі на завочную форму, таму чакаецца, што на ўзровень вышэйшай адукацыі будзе прынята яшчэ каля 4 тысяч чалавек.
План прыёму на дзённую бюджэтную форму навучання выкананы на 99,3%, на завочную бюджэтную — на 98%.
Па выніках залічэння ў рамках асноўнага набору на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту вакантнымі засталіся 391 месца (у 2014 годзе — 1561 месца).
Міністэрствам адукацыі было прадугледжана правядзенне дадатковага набору па дзённай бюджэтнай форме. Сёлета ён быў абвешчаны без абмежавання па спецыяльнасцях. Парогавыя значэнні прахадных балаў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў дадатковы набор заставаліся аналагічнымі асноўнаму набору (летась пры дадатковым наборы парогавыя значэнні прахадных балаў былі зніжаны).
Па выніках дадатковага набору вакантнымі засталіся 147 месцаў у шасці ВНУ.
У 2015 годзе на 0,9% павялічыўся прыём на ўзровень вышэйшай адукацыі за кошт бюджэту ў скарочаны тэрмін на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Установы вышэйшай адукацыі, асабліва тыя, у структуры якіх знаходзяцца каледжы, пашырылі такую падрыхтоўку. Аналагічную практыку плануецца прадоўжыць і ў будучым годзе.

Планы на 2016 год

Вадзім Богуш паведаміў, што на пасяджэннях рабочай групы па бягучым планаванні падрыхтоўкі кадраў выпрацаваны асноўныя падыходы да фарміравання кантрольных лічбаў прыёму за кошт сродкаў бюджэту і лічбаў прыёму на платнай аснове на 2016 год.
Так, аб’ёмы падрыхтоўкі на ўсіх узроўнях адукацыі плануецца захаваць на ўзроўні факта прыёму 2015 года. Выключэнне складаюць аб’ёмы падрыхтоўкі на дзённай форме атрымання вышэйшай адукацыі ў прыватных установах вышэйшай адукацыі — іх прапаноўваецца захаваць на ўзроўні плана прыёму 2015 года. Лічбы прыёму на завочную форму ў прыватных установах вышэйшай адукацыі сфарміраваць у аб’ёмах, якія складаюць не больш за 25% ад запланаваных у 2016 годзе аб’ёмаў на дзённай форме.
Міністэрства адукацыі прапаноўвае ўвесці ў Правілы прыёму норму, якая давала б права залічэння без уступных выпрабаванняў на востразапатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці некаторым катэгорыям абітурыентаў — пераможцам міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, што адпавядаюць прадметам другога профільнага іспыту; асобам, якія маюць залаты ці сярэбраны медаль або дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыi з адзнакай. Увядзенне такой нормы дазволіла б не толькі павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў у адпаведнасці з патрабаваннямі эканомікі, але і знізіць рызыку фарміравання малакамплектных вучэбных груп.
У 2016 годзе Міністэрства адукацыі плануе захаваць значэнні балаў ЦТ, што прыраўноўваюцца да нездавальняючых, аналагічнымі адзнакам 2015 года. Дадатковы набор прапаноўваецца вызначыць як другую ітэрацыю прыёму дакументаў на бюджэт для ўсіх спецыяльнасцей не толькі ў дзённай, але і завочнай (у тым ліку дыстанцыйнай) і вячэрняй формах атрымання адукацыі. Падыходы да вызначэння парогавых значэнняў па прадметах уступных іспытаў у дадатковы набор захаваць аналагічнымі 2015 году.
Як паведаміў Вадзім Богуш, Міністэрства адукацыі ўжо накіравала ў Савет Міністраў узгоднены з усімі зацікаўленымі праект указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Правілы прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені і Правілы прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
У прыватнасці, прапаноўваецца:
змяніць дату штогадовага зацвярджэння парадкаў прыёму ў ВНУ з 1 кастрычніка на 1 лютага;
даць права паступлення на завочную форму на платнай аснове без абмежавання па наяўнасці і працягласці працоўнага стажу;
увесці норму, якая забяспечвае стварэнне роўных умоў конкурсу ў частцы колькасці і формы правядзення ўступных выпрабаванняў пры паступленнi на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі, а не толькі сельскагаспадарчага профілю;
увесці норму, што дае права паступлення без уступных выпрабаванняў выпускнікам профільных класаў педагагічнага напрамку, якія атрымалі адзнакі 7 і вышэй балаў па ўсіх прадметах і адзнакі не ніжэй за 8 балаў па вучэбных прадметах, адпаведных прадметам уступных выпрабаванняў, пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці;
увесці норму, якая прадугледжвае наяўнасць спартыўнага разраду (звання) для паступлення ў ВНУ на трэнерскія спецыяльнасці.

Прапановы на 2017 год

Міністэрства адукацыі зрабіла таксама шэраг прапаноў, што тычацца правядзення цэнтралізаванага тэсціравання:
дазволіць здачу ЦТ па чатырох вучэбных прадметах, пры гэтым залічэнне, як і раней, плануецца праводзіць па выніках трох экзаменаў, з якіх экзамен па беларускай (рускай) мове з’яўляецца абавязковым;
прызнаваць вынікі ЦТ сапраўднымі на працягу двух гадоў;
праводзіць некалькі рэзервовых дзён.

Падрыхтавала
Галіна СІДАРОВІЧ.