У.А.Янчук: “Якасць адукацыі залежыць ад згуртаванасці грамадства”

- 15:40Рознае, Суразмоўца
Уладзімір Аляксандравіч ЯНЧУК — доктар псіхалагічных навук, прафесар. Са студзеня 1993 года працаваў загадчыкам кафедры псіхалогіі, а з красавіка 2002 года — дэкан факультэта псіхалогіі, сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Арганізаваныя ім кафедра псіхалогіі і факультэт псіхалогіі сталі аднымі з вядучых у Беларусі па інавацыйных формах і тэхналогіях падрыхтоўкі спецыялістаў-псіхолагаў. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле зроблена навукова-тэарэтычнае абгрунтаванне бесперапыннай псіхалагічнай адукацыі, распрацаваны праграмы, стандарты і навукова-метадычнае забеспячэнне курсаў перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі практычных псіхолагаў устаноў адукацыі, курсаў падрыхтоўкі псіхолагаў з атрыманнем другой вышэйшай адукацыі.
Падрыхтаваў 9 кандыдатаў навук. З’яўляецца намеснікам старшыні экспертнага савета па філасофскіх і псіхалагічных навуках ВАК Беларусі. Мае больш за 250 навуковых работ, з іх больш за 30 — у замежных выданнях.
Прадукцыйна супрацоўнічае з замежнымі ўніверсітэтамі. Працаваў запрошаным прафесарам Хамберсайдскага, Оксфардскага, Сасекскага ўніверсітэтаў (Вялікабрытанія), Казахскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Аль-Фарабі. Прымаў удзел у сумесных навукова-даследчых праектах з універсітэтам Грэнобля (Францыя), універсітэтам Ваксхо (Швецыя), Хамберсайдскім і Сасекскім універсітэтамі (Вялікабрытанія).
Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Менавіта сёння, 13 сакавіка, Уладзіміру Аляксандравічу Янчуку спаўняецца 60 гадоў.

— Уладзімір Аляксандравіч, хачу адразу, без прадмоў, спытаць пра галоўнае: пра якасць адукацыі і прэстыжнасць прафесіі педагога. Скажыце, калі ласка, як, на ваш погляд, развіваецца сітуацыя ў апошні час?
— Асноўная праблема заключаецца ў недастатковым удзеле грамадскасці ў забеспячэнні якасці адукацыі. Гэта відаць нават па рэпартажах у СМІ: у галіне адбываецца столькі ўсяго рознага, і мы запрашаем для асвятлення гэтых падзей радыё, тэлебачанне, газетчыкаў. А яны не прыходзяць (за выключэннем спецыялізаваных СМІ), бо адукацыя не ў прыярытэце.
Аднак грамадства павінна ўсвядоміць: справы ў адукацыі не надта добрыя з-за таго, што яна адсунута на дальні план. А між тым прэстыж педагога і якасць навучання залежаць перш за ўсё ад увагі грамадства. Так, неабходна павялічваць фінансаванне, але вельмі вялікую ролю іграе маральная падтрымка сістэмы адукацыі і педагогаў.
Напрыклад, фіны ў свой час вельмі шмат папрацавалі над тым, каб павысіць прэстыж сістэмы адукацыі. У выніку была арганізавана прастора зацікаўленых людзей, пачынаючы з мясцовых улад, якія разумеюць, што адукацыя — гэта будучыня краіны, рэгіёна, горада, мястэчка. Яны наймаюць вучоных, якія распрацоўваюць інавацыйныя праекты, фарміруюць спонсарскія групы, да вырашэння многіх праблем далучаюць бацькоў. Такім чынам, фарміруецца магутная суполка, якая зацікаўлена ў тым, каб дзеці атрымлівалі якасную адукацыю. Тэма адукацыі актыўна абмяркоўваецца ў сродках масавай інфармацыі, што вельмі спрыяе павышэнню эфектыўнасці навучання і прэстыжу настаўніка.
Усе нармальныя бацькі хочуць, каб іх дзеці атрымалі добрую адукацыю. Але да іх трэба даводзіць, што такую адукацыю можа даць толькі кваліфікаваны педагог, які ведае сваю справу і з’яўляецца значнай фігурай у грамадстве. Пры адсутнасці такога педагога ў школе дзеці будуць ажыццяўляць фармальнае перамяшчэнне з класа ў клас, але самага галоўнага — якаснай адукацыі — яны не атрымаюць. Таму грамадства, якое думае пра будучыню, проста абавязана павярнуцца тварам да адукацыі і зрабіць яе прыярытэтам.
У нас гэтае разуменне з’явілася пакуль толькі на ўзроўні пачатковай школы. Так, калі раней бацькі шукалі элітарную ўстанову, каб аддаць туды дзіця, то сёння яны шукаюць менавіта настаўніка. Аднак крыўдна, што настаўнік, да якога стаяць чэргі, атрымлівае такую ж зарплату, як усе астатнія. А яго трэба на руках насіць, бо ён прывівае дзецям любоў да ведаў і закладвае вялікі стваральны патэнцыял на карысць усяго грамадства.

— Здаецца, кожны чалавек паасобку зацікаўлены ў высокай якасці адукацыі, але кансалідаванай думкі на гэты конт няма. Чаму?
— Я бываю ў многіх краінах і паўсюль заўважаю адну асаблівасць: там грамадства не саромеецца гаварыць аб праблемах, і гэта спрыяе іх хуткаму вырашэнню. У нас жа сітуацыя іншая: мы стараемся прыхаваць праблемы, і не дай бог яны трапяць на шырокае абмеркаванне. Аднак калі праблемы замоўчваюцца, то іх як быццам няма, а значыць, няма і вырашэння. Нам трэба вучыцца пры агучванні той ці іншай праблемы не шукаць вінаватых, а кансалідавацца і далучаць да яе вырашэння ўсе зацікаўленыя бакі.

— Парадокс: ёсць культ вышэйшай адукацыі, але няма запыту на якас ць адукацыі. Як гэта можна патлумачыць?
— Сапраўды, у постсавецкіх краінах дагэтуль не вырашана адна з найважнейшых праблем — арыентацыя на дыплом. Большасць маладых людзей, незалежна ад спецыяльнасці, вучыцца выключна дзеля дыплома, і няважна, якім ён будзе. Многія загадзя ведаюць, што не будуць працаваць па спецыяльнасці. З пункту гледжання заходняга чалавека гэта абсурдна — аплачваць вучобу і не вучыцца. На Захадзе студэнты стараюцца ўвабраць як мага больш ведаў, яны суткамі сядзяць у бібліятэках і задаюць прафесару безліч пытанняў, каб дакапацца да сутнасці. Нашы ж студэнты ў большасці лічаць, што раз яны плацяць грошы за вучобу, гэта дае ім індульгенцыю нічога не рабіць. Іх галоўная мэта — дыплом.
Я лічу, што ў грамадстве павінна адбыцца пераарыентацыя з дыплома на кваліфікацыю. Бо толькі пры ўмове, што чалавек валодае пэўнай кваліфікацыяй, ён можа разлічваць на добрую работу і кар’ерны рост. І грамадству будзе карысць.
А ўвогуле вышэйшай адукацыі не павінна быць многа, бо грамадству патрэбны не толькі вучоныя, але і кваліфікаваныя кадры ва ўсіх галінах. Універсітэтаў таксама не трэба шмат, іх колькасць павінна адпавядаць рэальным магчымасцям дзяржавы. Бо няма ў нас столькі высакакласных спецыялістаў для работы ў вышэйшай школе. Напрыклад, на курсах павышэння кваліфікацыі я нярэдка сустракаюся з людзьмі, якія закончылі ўніверсітэт, а нават не бачылі прафесара. Гэта нонсэнс!
Больш за тое, многія ўніверсітэты, не маючы неабходных кадраў, дубліруюць адзін аднаго. Вядома, сёння не так проста аптымізаваць сетку ўстаноў вышэйшай адукацыі, бо за кожнай такой установай стаяць людзі, прэстыж рэгіёна, жаданне людзей вучыцца бліжэй да дома (маўляў, так больш эканамічна). Але гэта няправільна. Лепш сканцэнтраваць рэсурсы ў некалькіх адукацыйных цэнтрах і ўсяляк садзейнічаць іх развіццю.
І, вядома, нельга прымаць ва ўніверсітэт людзей, якія не адпавядаюць універсітэцкім крытэрыям. Напрыклад, амерыканская сістэма тэсціравання самаацэначная. Кожны можа прайсці дыягностыку і вызначыць, ёсць у яго талент да той ці іншай навукі або няма. І прагматычны заходні чалавек ніколі не пойдзе туды, што загадзя не пацягне. На жаль, наша моладзь не настолькі самакрытычная і, нават маючы зусім нізкія балы, выбірае складаныя спецыяльнасці. Няцяжка ўявіць, якія гэта будуць спецыялісты.

— Скажыце, Уладзімір Аляксандравіч, як педагогу павышаць кваліфікацыю? Кароценькіх курсаў, што прапаноўваюць установы паслядыпломнай адукацыі, відавочна недастаткова… І што матывуе педагогаў да прафесійнага самаўдасканалення?
— Калі казаць пра заходнія сістэмы, то там настаўнікі арыентаваны на пастаянны прафесійны рост у тым ліку па прычыне значнага рынку свабодных сіл: на адно месца заўсёды прэтэндуюць некалькі чалавек. Акрамя таго, ёсць прывязка прафесійнага росту і матэрыяльнага стымулявання. Калі настаўнік прайшоў нейкія курсы, гэта адразу адаб’ецца на яго зарплаце. Таму існуе вялікая самаматывацыя: настаўнікі часта ідуць на курсы за ўласныя грошы.
Увогуле, шляхоў прафесійнага ўдасканалення многа. Напрыклад, у Аўстраліі ў павышэнні кваліфікацыі педагога вельмі зацікаўлены яго калегі, бо яны разумеюць: недапрацоўка аднаго цягне за сабой складанасці ў рабоце іншых. І там, калі педагог прэтэндуе на вышэйшую кваліфікацыю, ён павінен быць прызнаным у сваёй суполцы, мець публікацыі і быць актыўным у сацыяльнай сетцы, дзяліцца там сваім вопытам. Не дастаткова мець нейкія дасягненні, важна зрабіць іх агульным здабыткам, зрабіць свой ук лад у развіццё сістэмы.

— Уладзімір Аляксандравіч, я ведаю, што адной з умоў паступлення да вас у аспірантуру з’яўляецца свабоднае валоданне англійскай мовай…
— Так, я з самага пачатку арыентую сваіх вучняў на вывучэнне англійскай мовы і работу з замежнай літаратурай. Гэта дае ключ да самых новых навуковых ведаў і вялікія перспектывы супрацоўніцтва.
Зараз за мяжой працуюць 6 маіх вучняў — трое ў ЗША, двое ў Вялікабрытаніі і адзін у Германіі. Яны абаранілі дысертацыі і працуюць у розных галінах псіхалогіі на ўзроўні, які адпавядае сучасным сусветным уяўленням. І яны ні ў чым не саступаюць сваім замежным калегам.

— Вы пачыналі кар’еру ў той час, калі англійская мова не была абавязковай умовай для прафесійнага развіцця. Што вас матывавала да яе вывучэння?
— Тут вялікая роля належыць якраз настаўніцы. Я заканчваў школу ў Сухумі, і каўказцы-бізнесмены, якія гандлявалі мандарынамі ў Маскве, прывозілі адтуль на радзіму вельмі разумных і прыгожых жонак. Напрыклад, англійскую мову ў нас выкладала выпускніца-выдатніца Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін, літаратуру — выпускніца літаратурнага інстытута, фізіку — выпускніца фізтэха. Зразумела, маючы такую адукацыю, яны маглі даць нам вельмі шмат. Напрыклад, у школе я так добра вывучыў англійскую мову, што мне не трэба было дадаткова рыхтавацца да ўступнага экзамену ва ўніверсітэт.
А потым так супала, што ў краіне пачалі рэалізоўвацца розныя замежныя праекты, і мая англійская мова аказалася вельмі запатрабаванай. Ужо ў сярэдзіне 80-х гадоў я паехаў на стажыроўку ў ЗША, і з таго часу англійская стала маёй рабочай мовай.
Такім чынам, школьныя педагогі далі вельмі добрую базу, і потым мне ўсё жыццё шанцавала на настаўнікаў. На аддзяленні філасофіі БДУ была вельмі моцная школа, тут працавалі выбітныя прафесары, якія арганізоўвалі цікавыя абмеркаванні і вучылі нас думаць. Гэта была выдатная класічная адукацыя! А далей, калі ў цябе ёсць матывацыя, мазгі і мова, для цябе адчыняюцца ўсе дзверы.
Мой вопыт паказвае, што будучыня не вырастае на голым грунце. Для таго каб чалавек рэалізаваў свае магчымасці, ён павінен сустрэць Настаўніка, які правядзе яго па ўсіх прыступках адукацыі.

— Скажыце, Уладзімір Аляксандравіч, сучасная моладзь сапраўды іншая ці гэта звычайнае бурчанне дарослых?
— Вядома, яна іншая, аднак пры гэтым яна не лепшая і не горшая за ранейшую моладзь, проста мяняецца сацыяльны кантэкст. Сённяшняя моладзь чытае іншыя кнігі, глядзіць іншыя фільмы, мае іншыя захапленні і іншае тэхнічнае ўзбраенне. Паглядзіце, якія метамарфозы літаральна за некалькі гадоў адбыліся з мабільнікам, з’явіліся іншыя цікавыя гаджэты, і моладзь актыўна гэтым карыстаецца. У выніку яна зараз больш дасведчаная, чым гэта было некалькі пакаленняў назад, але і больш павярхоўная. Справа ў тым, што інфармацыйныя патокі настолькі вялікія, што людзі фізічна не паспяваюць за тым, каб паглыбіцца ў нейкую тэму.
Напрыклад, я гавару са студэнтамі пра Рабінзона Круза і разумею, што дзве трэці з іх не ведаюць, хто гэта. І так можна сказаць пра многія праграмныя творы. Такое адрозненне паміж сталым і маладым пакаленнем вельмі часта вядзе да непаразумення. Таму я раю дарослым чытаць з дзецьмі агульныя кнігі, глядзець агульныя фільмы і, такім чынам, ствараць агульны кантэкст. Гэта дазваляе людзям лепш разумець адно аднаго і дае ім глебу для дыялогу. А сучасная адукацыя павінна быць дыялагічнай, з дзецьмі трэба пастаянна гаварыць.

— Тое ж тычыцца, напэўна, і гаджэтаў…
— Так, для сучаснага падлетка (і нават вучня пачатковых класаў) настаўнік, які не ведае планшэта, не будзе аўтарытэтным. На мяне часта крыўдзяцца, калі я кажу гэта на курсах, але, насамрэч, так яно і ёсць. Сёння ў свеце набывае папулярнасць мабільная адукацыя: у чалавека ёсць айпад, ёсць свабодны час, і ён можа ў любым месцы падключыцца, парашаць задачы, а пры неабходнасці звязацца з настаўнікам і задаць пытанне. Калі настаўнік не ўзброены аналагічным чынам і баіцца падобных адносін, то сумеснага руху не будзе. Па гэтай прычыне настаўнік не павінен быць бедным, яму трэба тэхнічна паспяваць за сваімі вучнямі.
— Дзякуй за інтэрв’ю і з юбілеем вас, Уладзімір Аляксандравіч! Здароўя вам, поспехаў у працы і натхнення!

 

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.