У аснове — любоў да дзяцей

- 9:00Людзі адукацыі

У адной з груп ясляў-сада № 6 Маларыты чуецца толькі голас выхавальніцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухаюць педагога, які расказвае пра народнае адзенне. Пасля заняткаў дзеці не разбягаюцца па групе, а акружаюць Валянціну Аляксееўну Тарасюк. Дванаццаць пар дапытлівых вачэй уважліва глядзяць на выхавальніцу, якая паказвае фотаздымкі жанчын у маларыцкім строі адзення і расказвае пра яго адметнасці. 

З вуснаў педагога амаль не сыходзіць шчырая ўсмешка. Валянціна Аляксееўна аднаго выхаванца пагладзіць, другога прытуліць… Калі дзеці правільна адказваюць на пытанне, яна ледзь прыметна ківае галавой і гаворыць ім добрае слова.

— Стрыманасць, уважлівасць, памяркоўнасць і тактоўнасць — гэтыя якасці характарызуюць Валянціну Аляксееўну, — расказвае загадчык ясляў-сада Л.А.Ярмалінская. — Дзеці любяць выхавальніцу, горнуцца да яе, як да маці. Яна заўсёды ўсмешлівая і ў добрым настроі. Яе выхаванцы прыходзяць ва ўстанову з задавальненнем, актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах. Неаднойчы даводзілася чуць ад дзяцей: “Чаму, мама, ты мяне так рана забіраеш? Я хачу яшчэ пабыць у садку!” Гэта лепшы доказ таго, што дзецям утульна і добра побач з Валянцінай Аляксееўнай. Яны адчуваюць тут сябе як дома. Педагог умее стварыць цёплую атмасферу ў групе, суцешыць, падтрымаць добрым словам.

Сакрэты педагагічнага майстэрства В.А.Тарасюк спазнавала паступова. Неабходны вопыт і ўменні прыходзілі з гадамі.

— Гэта цяпер, маючы за плячыма 42 гады педстажу, я магу лёгка і хутка “разруліць” любую сітуацыю, — гаворыць Валянціна Аляксееўна. — А раней па-рознаму бывала. Набіла не адзін гузак, пакуль знайшла свой шлях, выпрацавала ўласныя метады і прыёмы, падыходы да дзяцей. У аснове маёй педагагічнай дзейнасці з самага пачатку ляжала любоў да дзяцей. Яны ўсе для мяне аднолькавыя. Як з імі складваюцца ўзаемаадносіны, залежыць выключна ад выхавальніка. У рабоце з малышамі заўсёды павінна быць месца для любові і дабрыні, спагады і шчырасці, міласэрнасці і павагі. Ад гэтага залежыць фарміраванне асобы дзіцяці.

В.А.Тарасюк нарадзілася на Маларытчыне. Пасля заканчэння школы паступіла ў тагачасны Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, каб стаць настаўніцай матэматыкі і фізікі. Зрабіць правільны прафесійны выбар дапамог любімы педагог С.С.Кардзялюк, які звярнуў увагу на здольную вучаніцу. Вучоба ў інстытуце давалася лёгка.

Пачынала працаваць у Дарапеевіцкай базавай школе, дзе выкладала матэматыку і выконвала абавязкі старшай піянерважатай. Работа падабалася, прыносіла задавальненне. Ды і калектыў падабраўся добры. 

Адпрацаваўшы некалькі гадоў, Валянціна Аляксееўна па сямейных абставінах пераехала ў Маларыту. Але ўладкавацца па спецыяльнасці там не атрымалася. В.А.Тарасюк выпадкова даведалася пра вакансію выхавальніка ў яслях-садзе № 6. Пайшла туды і затрымалася на 34 гады. 

— Спачатку хвалявалася, бо не ведала, як працаваць з малымі дзецьмі, з чаго пачынаць, — успамінае Валянціна Аляксееўна. — Падказала загадчыца: “Пачынаць трэба з праграмы, але пры гэтым не забываць пра цярпенне, любоў да дзяцей, мэтанакіраванасць. Ніколі не апускайце рукі перад першымі няўдачамі і паражэннямі!” Гэтымі словамі кіруюся ўсё жыццё.

Выхавальніцы патрабаваліся спецыяльныя веды па дашкольнай педагогіцы, псіхалогіі і методыцы. Тэарэтычна В.А.Тарасюк ведала, што трэба рабіць у пэўнай сітуацыі, але на практыцы ёй не заўсёды ўдавалася ажыццявіць задуманае. Вучылася на сваіх памылках. Ды і калегі ніколі не адмаўлялі ў дапамозе. 

— Выдатнай школай прафесійнага станаўлення стала выхаванне ўласных дзяцей, якія былі не нашмат старэйшымі за садаўскіх. Тое, што атрымлівалася са сваімі, пераносіла на выхаванцаў, — прызнаецца В.А.Тарасюк.

Неўзабаве яслі-сад стаў месцам, куда хочацца прыходзіць і без якога становіцца няўтульна. У адпачынку педагог вельмі сумуе па сваіх гарэзах і непаседах, якім таксама не хапае любімай выхавальніцы. 

— У групе з цяжкімі парушэннямі маўлення працую больш за 10 гадоў, — гаворыць Валянціна Аляксееўна. — Можна было перавесціся ў іншую групу, але я не выбіраю лёгкіх шляхоў. У любым месцы і на любой пасадзе трэба працаваць добрасумленна і адказна выконваць даручаную справу. 

Дзякуючы вялікаму вопыту, педагог знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага выхаванца, імкнецца ста ць для дзяцей надзейным сябрам і дарадчыкам, якому давяраюць. В.А.Тарасюк лічыць, што задача педагога — падабраць ключык да дзіцячага сэрца.

Памяняць яслі-сад на школу Валянціна Аляксееўна ўжо даўно не хоча. Сюды яна ідзе з радасцю, бо ведае: яе тут чакаюць і любяць. 

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.