У Астраўцы актыўна прымаюць гасцей адразу два цэнтры бяспекі: у дзіцячым садку і гімназіі

- 10:12Образование

Адзін з іх ужо некалькі гадоў адкрыты ў дзіцячым садку № 3, а другі пачаў свой летапіс у верасні гэтага года ў гімназіі № 1, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Упэўнена, што лепш і ярчэй за ўсё запамінаецца той матэрыял, які пададзены ненадакучліва і ў цікавай форме. Для многіх нашых устаноў адукацыі характэрны і актыўна выкарыстоўваецца нестандартны падыход у афармленні адукацыйнай прасторы. Прычым тычыцца гэта не толькі вучэбных класаў і памяшканняў груп для дашкольнікаў. Усё з той жа мэтай мяняюцца холы, лесвічныя пралёты, цокальныя паверхі, — гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Вольга Дэмбоўская.

Стварэнне падобных цэнтраў бяспекі з’яўляецца доўгатэрміновым укладам у нашу будучыню і будучыню нашых дзяцей. Калі фарміраванне навыкаў па асновах бяспекі жыццядзейнасці адбываецца з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій, гэта выклікае ў дзяцей асаблівую цікавасць і абавязкова дае станоўчы вынік.

У цэнтр — з парога

Падарожжа па станцыях рэсурснага цэнтра “Тэрыторыя бяспекі” пачынаецца  адразу з парога дзіцячага сада № 3. Усяго такіх станцый 12, і ўражвае сваёй маляўнічасцю, інтэрактыўнасцю і сучаснасцю кожная з іх.

Пачынаецца займальна-пазнавальны квест для дзяцей з тэлефонных званкоў. Як? Малыя самі вырашаюць, куды тэлефана­ваць у адказ на змадэляваную выхавальнікам сітуацыю. Калі гэта, напрыклад, пажар, набіраюць 101. Па аналогіі на асобных стэндах прадстаўлены ўсе кароткія нумары экстранных службаў. Важна, што тэлефоны на выпадак надзвычайнага здарэння юныя выхаванцы ўстановы не проста паўтара­юць на памяць, а сапраўды набіраюць і пры такім падыходзе ўжо дак­ладна запаміна­юць на будучыню.

Рухаючыся далей па калідоры, госці квеста становяцца ўдзельнікамі дарожнага руху. Прама ў холе дашкольнай установы размешчана добра знаёмая зебра ў кампаніі з цэлым мноствам дарожных знакаў, а на сценах па-дзіцячы яркі дарожны антураж: машыны і малышы-пешаходы, якія дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчынкам спраўляцца з заданнямі і загадкамі па ПДР.

— Дзеці замацоўваюць веды правіл дарожнага руху падчас прахо­джання падлогавай інтэрактыўнай гульні “Арыентаванне на мясцовасці” яшчэ на адной станцыі квес­та, — дадае загадчыца дзіцячага сада № 3 Астраўца Ірына Пярко.

Інтэрактыўней няма куды

Шчыра кажучы, адразу пасля гэтых яе слоў уявіла падлогавыя гульні, аналагічныя нечаму накшталт класікаў. Але ў дзіцячым садку Астраўца пад нумарам тры ўсё больш тэхналагічна і сучасна. Падлогавай гульнёй тут з дапамогай планшэта кіруе выхавальнік, а дзеці тым часам выбіраюць правільныя адказы, скачучы на патрэбныя карцінкі-праекцыі. Усё гэта яны робяць, вядома ж, з вялікай цікавасцю і задавальненнем.

— Гэта далёка не адзіны момант інтэр­актыўнасці нашага квеста, — працягвае здзіў­ляць Ірына Віктараўна. — Яшчэ на адной станцыі ўдзельнікі цікавага падарожжа ратуюць дом ад пажару, прычынай якога стаў непаслухмяны кот. Агонь у доме, які праецыруецца на спецыяльны экран, дзеці тушаць, кідаючы ў яго шарыкі.

Аналагічным чынам яны выбіраюць правільныя адказы на пытанні і падчас тэхналагічна-інтэрактыўных гульняў у кінатэ­атры дзіцячага сада. Дарэчы, сярод гульняў кшталту “Кідалкі” тут ім могуць прапана­ваць каля 150 забаў рознай тэматыкі.

Адна са станцый квеста вучыць малых бяспецы ў побыце. Усё зроблена з максімальнай рэалістычнасцю. Пасля пазнавальнага дыялогу дзяцей з дарослым пакой напаўняецца сапраўдным дымам, а хлопчыкі з дзяўчынкамі рухаюцца ў бок выхаду адзіным бяспечным спосабам — паўзком, да таго ж закрыўшы рукой нос і рот.

Кафэ ў стылі пажарнага дэпо

— Вядома, усе мы хочам, каб ні адзін з навыкаў, якія дае наш квест, не спатрэбіўся дзецям у рэальным жыцці. Але на выпадак непрадбачаных сітуацый упэўнены, што доб­ра адпрацаваныя паводзінскія звычкі будуць вельмі дарэчы, — дадала Ірына Пярко.

З улікам таго, што практычна ўсе станцыі квеста размешчаны ў холе дашкольнай установы, працуюць на запамінанне яркія карцінкі-напамінкі аб правілах бяспекі кожны дзень. І калі дзеці прыходзяць у дашкольную ўстанову, і калі ідуць, напрыклад, на заняткі ў музычную залу, і пасля таго, як разам з бацькамі скажуць свайму выхавальніку: “Да заўтра”.

Завяршаецца займальна-пазнавальнае падарожжа дашкольнікаў яшчэ адным элементам інтэрактыўнасці — сапраўднай алеяй бізібордаў, дзе кожны элемент можна памацаць, адчыніць, зачыніць, закруціць ці прычапіць. Такая забаўляльная пляцоўка спрыяе развіццю дробнай маторыкі выхаванцаў і, шчыра кажучы, прымушае прыпыніцца кожнага, хто дагэтуль спяшаўся да выхаду. Фінальным жа пунктам праходжання квеста становіцца прагляд мультфільма з серыі “Чароўная кніга МНС” у садаўскім кафэ. І нават яно ва ўстанове адукацыі незвычайнае — аформлена ў стылі пажарнага дэпо.

Пра бяспеку — дарослым

У цікавай форме пра бяспечныя паво­дзіны ў Астраўцы расказваюць не толькі дашкольнікам. Яшчэ адзін цэнтр бяспекі, у гімназіі № 1, арыентаваны на школьнікаў і дарослых.

— Ён створаны дзякуючы сумеснай рабоце раённага выканаўчага камітэта, акцыя­нернага таварыства “Атамбудэкспарт”, раён­нага аддзела МНС і непасрэдна нашай установы адукацыі, — працягвае размову з паметкай “бяспека” ўжо дырэктар астравецкай гімназіі № 1 Алена Севасцьян.

Па сваёй структуры цэнтр бяспекі — гэта сем інтэрактыўных зон, размешчаных на цокальным паверсе гімназіі. На лакацыях удалося сумясціць важныя тэмы па бяспецы жыццядзейнасці: правілы паво­дзін у кватэры і пад’ездзе, бяспека на вадаёме, у лесе і на вуліцы, а таксама інтэр­актыўную пляцоўку па прамысловай бяспецы.

У гульнявой форме госці цэнтра могуць не толькі даведацца, як правільна дзейнічаць у розных надзвычайных сітуацыях, але і практычна адпрацаваць навыкі, праверыць сябе на трэнажорах бяспекі, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Казак.

“Бяспека дзіцяці — клопат дарослых”. Пад такім дэвізам у раёне створаны TikTok-канал “Бяспечны Астравец”, дзе вы знойдзеце ролікі аб правілах бяспекі па ўсіх напрамках жыццядзейнасці. Яго галоўныя героі — маленькія выхаванцы дзіцячых садоў і школьнікі. Цікавыя ролікі назбіралі ўжо каля тысячы лайкаў.

Вучні з аквалангам

Якраз падчас экскурсіі для “Настаўніцкай газеты” на адной з лакацый прадстаўнікі таварыства ратавання на водах праводзілі ўрок для шасцікласнікаў. З задавальненнем школьнікі прымяралі ласты з маскамі і акваланг, вучыліся правільна апранаць выратавальную камізэльку, прагаворвалі паслядоўнасць дзеянняў, калі сталі сведкамі сітуацыі, як хтосьці праваліўся пад лёд, ратавалі тапельца — макет-трэнажор — непрамым масажам сэрца…

У цэнтры праходзяць не толькі вучэбныя заняткі і класныя гадзіны, але і экскурсіі. Пакуль іх гасцямі становяцца пераважна вучні гімназіі, але падчас восеньскіх канікул з экскурсіямі сюды зазірнуць многія школьнікі з іншых устаноў адукацыі раёна.

Цікава, што вынікам знаёмства з цэнт­рам бяспекі становіцца заданне накшталт “Правер сябе”. З дапамогай планшэтаў гасцям прапануюць прайсці распрацаваны педагогамі гімназіі тэст.

Цэнтр у хуткім часе, магчыма, стане і тэрыторыяй сустрэч для дарослых жыхароў раённага цэнтра. Тут плануецца праводзіць тэматычныя бацькоўскія сходы.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара