У кантэксце гісторыі

- 11:30Адукацыйныя праекты

II Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларусь у кантэксце еўрапейскай гісторыі: асоба, грамадства, дзяржава” прайшла ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

У форуме, які адбыўся ў вочным і анлайн-фарматах, прынялі ­ўдзел 120 навукоўцаў з Беларусі і Расіі. Тэмамі выступленняў сталі актуальныя пытанні развіцця гістарычнай навукі. У рамках канферэнцыі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Гро­дзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі. Пагадненне падпісалі рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Мыслівец.

Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Данiловiч адзначыў, што канферэнцыя, якая праходзіць у ГрДУ імя Янкі Купалы, вельмі важны гістарычны форум, таму што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, на нашай зямлі праходзілі шматлікія падзеі, звязаныя з  еўрапейскай гісторыяй. Правядзенне навуковага форуму ў шматнацыянальнам Гродне — знакавая падзея.

— Важна, што ў аснове нашай гістарычнай беларускай навукі ляжыць аб’ектыўны падыход. Мы імкнёмся глядзець на гісторыю сваімі вачамі, бачыць, якія з’явы, асобы прыносілі карысць нашай дзяржаве і народу, — падкрэсліў Вячаслаў Данiловiч.

Па розных напрамках гістарычнай навукі актыўна супрацоўнічае з ГрДУ імя Янкі Купалы Інстытут гісторыі НАН Беларусі, аб чым расказаў яго дырэктар, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Лакіза. У прыватнасці, ён адзначыў рэалізаваныя праекты ад археалогіі да гісторыі геапалітыкі, усеагульнай гісторыі, развіцця турызму, захавання і вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны. Вельмі цікавыя сумесныя напрацоўкі і публікацыі, археалагічныя даследаванні, выданні.

Важна, што ў аснове нашай гістарычнай беларускай навукі ляжыць аб’ектыўны падыход. Мы імкнёмся глядзець на гісторыю сваімі вачамі, бачыць, якія з’явы, асобы прыносілі карысць нашай дзяржаве і народу.

Дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Мыслівец падкрэсліў, што ГрДУ імя Янкі Купалы — адзін з двух не сталічных універсітэтаў, дзе вядзецца падрыхтоўка студэнтаў па спецыяльнасці “Сацыялогія”. У Гродне падрыхтоўку такіх спецыялістаў вядуць ужо практычна 20 гадоў і робяць гэта вельмі прафесійна, якасна. Вынікам такой работы з’яўляецца не толькі выпуск кваліфікаваных спецыялістаў, але і папулярызацыя сацыялагічнай адукацыі як у Гродне, так і ў краіне ў цэлым.

— Купалаўскі ўніверсітэт вельмі цесна супрацоўнічае са сталічнымі сацыялагічнымі цэнтрамі, і ў прыватнасці з Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі. Кожны год выпускнікі ўніверсітэта становяцца магістрантамі, аспірантамі, супрацоўнікамі інстытута. Сумесная работа дазваляе ўдасканальваць ­якасць падрыхтоўкі спецыялістаў і выра­шаць шмат іншых задач. Падпісанне пагаднення, безумоўна, надасць новы арганізацыйны і змястоўны імпульс удасканаленню падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці “Сацыялогія”, будзе садзейнічаць актывізацыі навукова-даследчай дзейнасці. Увогуле, гэтая работа прадугледжвае развіццё не толькі сацыялагічных ведаў, але і інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі, садзейнічае кансалідацыі грамадства ўвогуле. Адным з вынікаў заключэння пагаднення стане перш за ўсё нала­джаная работа па праходжанні студэнтамі практык на базе Інстытута сацыялогіі, — адзначыў Мікалай Мыслівец.

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ірына Кітурка падкрэсліла важнасць канферэнцыі не толькі для ўніверсітэта, але і для міжнародных даследчыкаў:

— Вельмі важна, што канферэнцыя праходзіць у Год народнага адзінства, год, які заклікае нас паказаць сваё пачуццё нацыянальнай годнасці, патрыятызму. Мы ўпэўнены, што сувязі, якія існуюць паміж установамі вышэйшай адукацыі і навуковымі ўстановамі нашай краіны і замежжа, прынясуць плён. Сэнс такіх канферэнцый не толькі ў абмене навуковымі дакладамі, вызначэнні новых напрамкаў даследаванняў, але таксама і ў падпісанні новых дамоў, адкрыцці перспектыў для новага супрацоўніцтва.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.