У капсуле часу — пасланне творчасцю

У Мінску прайшоў фінал мінскага гарадскога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі”.

Уласна кажучы, заключныя мерапрыемствы мінскага этапу сёлетніх “АРТ-вакацый” можна было б справядліва назваць адмысловым фестывалем у фестывалі. Невыпадкова, дарэчы, у самім Мінску гэтае творчае спаборніцтва сталічных навучэнцаў мае сваю традыцыйную асобную назву — “Юнацтва”. Арганізатарам яго зноў жа традыцыйна выступаюць камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі.

Па словах загадчыка аддзела мастацкай творчасці МДПДіМ Люцыны Чаславаўны Канановіч, гарадское журы на чале з вядомым музыкантам, фронтменам гурта “Палац”, выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алегам Хаменкам на працягу чатырох дзён прагледзела выступленні мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў з каля 30 сталічных устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, лепшыя з якіх потым прынялі ўдзел у гала-канцэрце. “Ужо ў тыя чатыры дні прагляду можна было меркаваць, што сёлета мінская праграма пацвердзіць свой, як правіла, высокі сталічны ўзровень, — адзначыла Люцына Чаславаўна. — Так, як заўсёды, вельмі парадавалі нашы пастаянныя ўдзельнікі — калектывы Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю (калектыў народнага танца “Радасць” і джаз-банд), Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі (аркестр народных інструментаў “Музыкі”, калектыў жэставай песні “Арт-жэст”, танцавальны калектыў “Пульс) і інш. Яны засталіся на сваёй хвалі і паспяхова працягваюць выдатныя традыцыі. Але сёлета нас чакалі і адкрыцці. Напрыклад, упершыню ў “АРТ-вакацыях” у гэтым годзе ўдзельнічаў Лінгвагуманітарны каледж МДЛУ, які падрыхтаваў цудоўную праграму (сапраўдны прарыў года). З’явілася шмат новых харэаграфічных калектываў, якія працуюць у сучасным эстрадным кірунку (з гэтым раней былі пэўныя праблемы). Добра зарэкамендавалі сябе многія навічкі з ліку сольных выканаўцаў. У выніку праграма гала-канцэрта атрымалася вельмі насычанай і разнастайнай”.

Дарэчы, сцэнарый мінскага гала-канцэрта, аўтарам якога выступіла каманда аддзела мастацкай творчасці МДПДіМ на чале з Люцынай Чаславаўнай Канановіч, варты асобнай згадкі. Па задуме, удзельнікі канцэртнай праграмы сваімі нумарамі як бы закладвалі капсулу часу, адкрыць якую змогуць іх паслядоўнікі праз 10—20—30 гадоў. І настойлівыя вядучыя канцэрта Арцём Сакаловіч, Настасся Кандратовіч і Хрысціна Вайцяховіч з Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі па-добраму пад’юджвалі выступоўцаў: “А я вось паклаў бы ў капсулу часу класічную музыку…” “А я — эстрадную…” “А я — народны танец…” Зрэшты, яшчэ адна ісціна з вуснаў вядучых прагучала ўжо бліжэй да канца канцэрта: “Мне здаецца, што для таго, каб пакінуць нейкі след у гэтым жыцці, дастаткова проста добра авалодаць любімай справай”. Гэтакі крыху завуаліраваны прафарыентацыйны пасыл.

Пасля канцэрта наш карэспандэнт коратка пагутарыў з некаторымі яго ўдзельнікамі ды іх кіраўнікамі і куратарамі. Іх перапаўнялі эмоцыі, у кароткіх рэпліках — асалода перамогі, адчуванне гонару… і пэўныя трывогі.

Іна Паўлаўна Селязнёва, кіраўнік студыі эстрадна-бальнага танца Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя М.С.Высоцкага (паказалі на канцэрце вальс “Маскарад” А.Хачатурана): “Мы заўсёды з задавальненнем выступаем на “АРТ-вакацыях”. Праблема ж у нас адвечная — недахоп часу. Каб навучыць танцаваць маладога чалавека бальныя танцы, неабходна як мінімум два гады, а лепш — больш. Толькі іх нечаму навучыш, як яны сыходзяць. Тым не менш магу пахваліцца, што некаторых выхаванцаў я падрыхтавала нават для прафесійнай спартыўнай сцэны”.

Алена Віктараўна Карніцкая, культарганізатар філіяла БДУІР “Мінскі радыётэхнічны каледж” (навучэнка каледжа Настасся Зайцава выканала вакальны нумар “Тры парады”, а навучэнцы з Нігерыі браты Эндзі Аква і Аканіма Аква дуэтам выканалі песню з рэпертуару папулярнага спевака Бруна Марса): “У нашым каледжы з поспехам працуюць студыя вакальнага майстэрства пад кіраўніцтвам Юліі Аляксандраўны Гібкоўскай і эстрадная студыя “Джалма” пад кіраўніцтвам Наталлі Васільеўны Абравец. У гэтых студыях займаюцца вельмі творчыя маладыя людзі. Яны бясконца “крэатывяць”, а мы іх з радасцю прасоўваем на розныя конкурсы, у тым ліку на “АРТ-вакацыі”.

Эндзі Аква і Аканіма Аква: “Нам вельмі спадабалася тут выступаць. Але яшчэ цікавей было назіраць за нашымі калегамі з іншых каледжаў. Як тут усе стараюцца, як імкнуцца паказаць сябе з найлепшага боку! Гэтая адказнасць за родную ўстанову адукацыі сапраўды вельмі ўражвае. А яшчэ нам заўсёды вельмі прыемна слухаць вашу народную музыку. З аднаго боку, яна такая адрозная ад нашай, нігерыйскай, а з другога — калі прыслухаешся больш уважліва, знаходзіш там і нешта блізкае”.

Віктар Міхайлавіч Аляшкевіч, кіраўнік ансамбля “Рэкруты” Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа мантажных і пад’ёмна-транспартных работ (удзельнік ансамбля Дзмітрый Чапкевіч выканаў песню “Хай светам правіць любоў!”): “У нашым каледжы вучацца толькі хлопцы. Мы жартам называем яго мужчынскім манастыром. Але ў гэтым, як ні дзіўна, ёсць свой вялікі плюс: у адрозненне ад дзяўчат хлопцы не імкнуцца як бы перагнаць адзін аднаго. Яны ўсе адзін з’яднаны калектыў, і самымі яркімі з іх, як, скажам, Дзмітрыем Чапкевічам, ганарацца ўсе. Шкада, што ён сёлета заканчвае нашу ўстанову”.

Дзмітрый Чапкевіч: “Я збіраюся стаць дальнабойшчыкам. Але музыка застанецца са мной па жыцці. Акрамя ўсяго іншага, я часта падпрацоўваю дыджэем у клубах — гэта мне вельмі падабаецца”.

Юлія Валер’еўна Сінькова, начальнік аддзела выхаваўчай работы Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі (аркестр народных інструментаў “Музыкі” выступіў з вакальнай кампазіцыяй “Лядзецкая полька”, фальклорная вакальная група “Пралескі” разам з “Музыкамі” выканалі беларускую народную песню “А чаму ж ты лысы?”, танцавальны калектыў “Пульс” паказаў харэаграфічную замалёўку “Народны хіп-хоп”, а Антон Шашура і Вікторыя Цяслоўская з калектыву жэставай песні “Арт-жэст” паланілі гледачоў песняй “Я не твая”): “На праглядзе мы паказалі перад гарадскім журы ажно 15 нумароў! Мы пастараліся паказаць сябе ва ўсёй разнастайнасці жанраў і відаў творчасці і ва ўсёй арыгінальнасці. Скажам, “Народны хіп-хоп” — гэта такі мікс народнай музыкі і харэаграфіі ў стылі хіп-хоп. А наш аркестр народных інструментаў “Музыкі” — адзін з нямногіх калектываў, які іграў ужывую, без фанаграмы”.

Наталля Вячаславаўна Панамарэнка, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча (вакальная студыя “Арт-вакал” выканала шчымлівую песню “Неба”): “Наша студыя з’явілася толькі ў гэтым годзе. Але што цікава: пакуль не было педагога, навучэнцы 3 курса, якія раней займаліся вакалам у нашым каледжы, самі вучылі навучэнцаў 1 курса!”

Ларыса Львоўна Уладзімірава, педагог-арганізатар Лінгвагуманітарнага каледжа МДЛУ (танцавальная студыя Heart dance паказала адзін з найбольш яркіх нумароў канцэрта — харэаграфічную кампазіцыю “Тытанік” паводле аднайменнага фільма, вакальная група “Орыа” выступіла з песняй “Вярні мне музыку”, а навучэнец каледжа Данііл Ханкевіч бліскуча выканаў “Конкурснае сола для кларнета” Анры Рабо): “Сёлета мы ўпершыню патрапілі на “АРТ-вакацыі” і з радасцю паказалі тут нашы таленты. А талентаў у нас нямала, прычым гэта на самай справе заслужаныя творчыя маладыя людзі. Скажам, Ягор Касякоў і Антаніна Навойчык, якія выконвалі галоўную партыю ў “Тытаніку”, — прызёры многіх міжнародных танцавальных спаборніцтваў. А Данііл Ханкевіч — гэта наогул наша вялікая гордасць. Гэта прафесіянал вельмі высокага ўзроўню, які неаднаразова выступаў на самых прэстыжных канцэртных пляцоўках у Беларусі і за мяжой, мае шмат міжнародных узнагарод. Ён чатыры разы станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, іграў на кларнеце асабіста перад Аляксандрам Лукашэнкам, калі той адкрываў сталічную 56-ю школу. І нам вельмі прыемна, што такі малады чалавек паступіў у наш каледж”.

…Удзельнікам “АРТ-вакацый” наступных пакаленняў будзе чаму здзівіцца і з каго ўзяць прыклад, калі яны праз 10—20—30 гадоў адкрыюць капсулу часу, закладзеную сённяшнімі таленавітымі сталічнымі навучэнцамі. Дэвіз сёлетняга фестывалю “Творчасць і моладзь — гісторыя будучыні” матэрыялізуецца.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *