У кожнай суверэннай краіны свае выбарчыя правілы і традыцыі

Старшыня Цэнтрвыбаркама Расіі традыцыйна па запрашэнні беларускай ЦВК удзельнічае ў міжнародным назіранні за ходам выбараў у Беларусі. Напярэдадні сваёй чарговай наглядальнай місіі Уладзімір Чураў адказаў на некалькі пытанняў карэспандэнта БелТА.

На ваш погляд, наколькі беларускае выбарчае заканадаўства адпавядае міжнародным стандартам, ці з’яўляецца яно транспарэнтным?
— У прынцыпе выразных міжнародных стандартаў няма. Важна, што гэта заканадаўства забяспечвае волевыяўленне грамадзян суверэннай дзяржавы, забяспечвае стабільны і паслядоўны працэс развіцця дэмакратычнай дзяржавы. А параўноўваць з нейкімі міфічнымі міжнароднымі стандартамі — дарэмна. Напрыклад, ці адпавядаюць міжнародным стандартам выбары прэзідэнта ЗША? Не, не адпавядаюць. Ці адпавядаюць міжнародным стандартам выбары, скажам, у Судане? Напэўна, таксама не адпавядаюць. Таму што племянны прынцып дзейнічае ў многім. Але ў кожнай суверэннай краіны свае правілы, традыцыі. Важна, каб выбары былі свабоднымі, усеагульнымі, роўнымі і праходзілі ў спакойнай абстаноўцы.

Як вы ў цэлым ставіцеся да арганізацыі экзітполаў на выбарах і, у прыватнасці, да таго, што ў Беларусі забаронена агучваць іх вынікі да заканчэння галасавання?
— У большасці цывілізаваных краін да закрыцця выбарчых участкаў забаронена публікацыя любых сацыялагічных апытанняў, у тым ліку апытанняў на выхадзе. Таму што гэта, безумоўна, можа разглядацца як форма агітацыі. Але, на жаль, дзякуючы распаўсюджванню сродкаў масавай камунікацыі практычна ва ўсіх дзяржавах, у еўрапейскіх, прынамсі, і ў ЗША, гэта правіла фактычна не выконваецца. Я быў сведкам скандалаў у гэтых адносінах і ў Польшчы, і ў Бельгіі, і ў Францыі, і ва Украіне. Акрамя таго, вынікі экзітполаў у шэрагу краін выкарыстоўваюцца для маніпуліравання. Скажам, ва Украіне, у Малдове вынікі экзітполаў у разы адрозніваліся (ад афіцыйных даных. — Заўвага БелТА.). Яны могуць крыху не супадаць з афіцыйнымі данымі, адрозненне ў некалькі працэнтаў дапушчальна. Але калі яны адрозніваюцца на парадак… Экзітпол — дапаможны сацыялагічны інструмент, не больш таго. Арыентавацца трэба выключна на афіцыйныя даныя, якія апублікаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам канкрэтнай дзяржавы.

Якія вы адзначылі б станоўчыя бакі, а таксама магчымыя недахопы беларускага выбарчага працэсу?
— На гэта пытанне я адкажу толькі 12 кастрычніка, калі асабіста паназіраю за ходам галасавання. У мяне маршрут вельмі просты: 10-11 кастрычніка я буду ехаць са Смаргоні, праз Нарач, Ашмяны, Маладзечна на Мінск, па дарозе заязджаючы ў самыя нечаканыя для беларускага боку мясціны.

Эдуард ПІВАВАР,
Масква,БелТА.