У краіне цікаўных вачэй і бясконцых “чаму”

- 14:36Людзі адукацыі

“Кожнае дзіця таленавітае па-свойму і дастойнае пахвалы. Няма такога вучня (нават таго, які слаба паспявае), якога не было б за што пахваліць. А таму вельмі важна вылучыць з патоку няўдач малюсенькі астравок поспеху — і ў дзіцяці ўзнікне вера ў свае магчымасці і прыйдзе жаданне вучыцца”, — з такімі перакананнямі кожную раніцу вось ужо 25 гадоў настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Смалявіч Наталля Максімовіч спяшаецца ў родную ўстанову. Індывідуальныя педагагічныя прынцыпы і любоў да дзяцей, працавітасць і майстэрства дапамагаюць педагогу дасягаць поспехаў. Летась Наталля Віктараўна стала пераможцай раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2017” і заняла 3-е месца на яго абласным этапе.

— Чаму я стала настаўніцай? — разважае Наталля Віктараўна. — Адказваючы на гэтае пытанне, успамінаю школьныя гады. Мабыць, кожны з нас, выбіраючы свой далейшы шлях, прафесію, арыентуецца на тых людзей, якія побач, якія паўплывалі на наша ўспрыманне жыцця і чый вопыт і ўменні выклікалі ў нас добрую зайздрасць. Такім чалавекам для мяне стала мая першая настаўніца Ірына Канстанцінаўна Савіцкая, якая і зараз працуе ў школе. Прыгадваю яе патрабавальны, але ласкавы голас, чулыя адносіны да нас, вучняў. Невыпадкова маімі любімымі гульнямі ў дзяцінстве былі гульні “ў школу”: я ўяўляла сябе ў ролі настаўніка, заводзіла журнал, пісала спіс класа, выстаўляла адзнакі. Нягледзячы на тое, што вельмі падабалася прафесія медсястры, вырашыла, што стану настаўніцай пачатковых класаў і буду падобная на сваю першую настаўніцу.

Прафесія нялёгкая, але педагог ні разу не пашкадавала, што выбрала менавіта яе. “Узаемаадносіны з дзецьмі — галоўнае, што цягне цябе ў школу. Вабіць іх непасрэднасць, сумленнасць, адкрытасць. Ты зараджаешся энергіяй дзяцей, многаму вучышся ў іх. Асабліва пасля канікул разумееш, што табе не хапала дапытлівых вачэй, шчырых усмешак, сумеснай радасці адкрыццяў, — заўважае настаўніца. — У гэтай рабоце многа цяжкасцей, але пераадолець іх і ўбачыць потым вынік сваёй працы — вось што прыносіць сапраўдную радасць і задавальненне”.

Спачатку была вучоба ў Барысаўскім педагагічным каледжы, потым — у педінстытуце, практыка, першыя ўрокі ў школе, якую Наталля Віктараўна сама калісьці скончыла. Прыгадваючы той перыяд, настаўніца гаворыць, што адчувала вялікую адказнасць перад педагогамі, якія яе вучылі, і бацькамі сваіх выхаванцаў, бо Смалявічы — гарадок маленькі, дзе ўсе адно аднаго ведаюць. Хацелася не ўдарыць тварам у гразь. Цяжкасці ў маладога настаўніка ўзнікалі пры планаванні ўрока, бо тэорыя і практыка ўсё ж розныя рэчы, у недахопе 45 мінут на ўсё запланаванае, у імкненні расказаць вучням як мага больш матэрыялу, прычым пераважна самой, у падтрыманні дысцыпліны. З цягам часу прыйшло разуменне, што не кожны школьнік здольны прыняць і несці вялікі багаж ведаў, а таму важна навучыцца станавіцца ўпоравень з кожным вучнем і кожнаму прапаноўваць заданне па яго здольнасцях. Акрамя таго, на ўроку павінны больш працаваць усё ж дзеці, самастойна адшукваць новыя веды. Адносіны да работы памяняліся са з’яўленнем сваіх дзяцей. Яны сталі больш трапяткімі, бацькоўскімі.

— Сучасныя дзеці вельмі адрозніваюцца ад тых, якіх я набірала ў пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці. Сёння ў вучняў больш жадання атрымліваць веды, яны матываваныя і мэтанакіраваныя, не будуць проста пасіўна слухаць інфармацыю, ім самім неабходна дзейнічаць і здабываць веды, рабіць высновы, даказваць свой пункт гледжання. Разам з тым, яны змяніліся ў плане паводзін: сталі менш выхаванымі, больш шумнымі, дзесьці нават агрэсіўнымі, — заўважае Наталля Віктараўна.

У аснове работы настаўніцы ляжыць некалькі педагагічных прынцыпаў. Па-першае, быць з дзецьмі сумленнай і шчырай, бо яны ўсё прыкмячаюць, і любы фальш будзе заўважаны, а ён здольны расчараваць, параніць юную душу. Па-другое, у аснове выкладання павінна быць сітуацыя поспеху: калі дзіця зразумела тое, што яшчэ нядаўна яму падавалася складаным і заблытаным, яно атрымала перамогу над сабой, і гэты поспех трэба абавязкова заўважыць. Прычым трэба не параўноўваць дзяцей адно з адным, а важна паказаць школьніку яго асабістыя рост і развіццё. Па-трэцяе, педагог лічыць няпоўнымі ўрокі, на якіх адсутнічае выхаваўчы момант, калі не з’явілася магчымасці пагаварыць аб чалавечых каштоўнасцях. Настаўніца пераканана, што інтарэс — гэта ключ да ведаў, і яго неабходна падтрымліваць у дзецях. Уменне захапіць вучняў прадметамі і ёсць педагагічнае майстэрства. “Мне павінна быць цікава на сваім уроку. Калі мне нецікава, чаго ж чакаць ад дзяцей?” — усклікае педагог.

Так, дзіця хоча і будзе вучыцца тады, калі яму цікава. Арганізаваць заняткі такім чынам, каб на іх кожны малодшы школьнік актыўна працаваў і пры гэтым навучанне не пераўтварылася ў забаўку, настаўніцы дапамагаюць актыўныя метады і прыёмы навучання. Калі вучні самі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі працэсу атрымання ведаў, то гэтыя веды становяцца больш трывалымі. У рабоце Наталля Максімовіч выкарыстоўвае адкрытую дыскусію, мазгавы штурм, гульні, калектыўнае ўзаеманавучанне, назіранні, доследы, эксперыменты. Так, падчас дыскусіі вучні не толькі пашыраюць свае веды па тэме, але і вучацца кантраляваць асабістыя эмоцыі, паводзіны, аналізаваць атрыманую інфармацыю, выказваць сваю думку, быць цярплівымі, карэктнымі, крытычнымі. Часта выкарыстоўваюцца адкрытыя пытанні, якія прадугледжваюць не проста ўзнаўленне атрыманых ведаў, а выклікаюць спрэчку, жывое абмеркаванне. Напрыклад: “Ці карысна гуляць на вуліцы, калі дрэннае надвор’е?”, “Што было б, калі б мы перасталі мыцца?”, “Ці бываюць карыснымі мікробы?”.

Таксама цікавасць у навучэнцаў выклікае правядзенне нестандартных урокаў: урокаў-падарожжаў, урокаў-віктарын, урокаў-сустрэч, урокаў абароны творчых заданняў, урокаў-даследаванняў, якія садзейнічаюць фарміраванню матывацыі да вучэбнай дзейнасці. Дарэчы, да праектна-даследчай дзейнасці настаўніца прыцягвае вучняў з 2—3 класа ў залежнасці ад ступені іх падрыхтаванасці, узроўню навучанасці, інтэлектуальных здольнасцей. Наталля Віктараўна кіруе школьным навуковым таварыствам “Юны даследчык”. Зараз педагог шукае новую, нязбітую тэму для сваіх выхаванцаў.

Фарміраванню навыкаў пошукавай, даследчай дзейнасці, выхаванню самастойнасці ў набыцці новых ведаў садзейнічаюць праблемныя сітуацыі. Пераадольваючы пасільныя цяжкасці, вучні авалодваюць новымі спосабамі дзеянняў, уменнямі і навыкамі. Сярод асноўных прыёмаў стварэння Н.В.Максімовіч праблемнай сітуацыі — прад’яўленне супярэчлівых фактаў (у 2 класе па тэме “Жабы”: “Жабы — земнаводныя; бабры, качкі, чарапахі таксама жывуць і на сушы, і ў вадзе, значыць, яны таксама земнаводныя”), невыканальныя заданні (у 3 класе па тэме “Гарызонт. Бакі гарызонту”: “Дзе знаходзяцца поўнач, поўдзень, захад і ўсход?”).

Па словах настаўніцы, прымяненне актыўных метадаў навучання садзейнічае стварэнню станоўчага эмацыянальнага фону, стымулюе пазнавальную і мысліцельную актыўнасць, а таксама фарміруе ў дзяцей навыкі самастойнай дзейнасці. Зараз Наталля Віктараўна разам са сваімі выхаванцамі пачала складаць на ўроках інтэлект-карты, якія спрыяюць больш трываламу запамінанню вучэбнага матэрыялу і сістэматызацыі ведаў малодшых школьнікаў. У планах педагога — абагульніць матэрыял па гэтай тэме.

— Калі заўтра на ўроку будзе адчувацца ўзаемная зацікаўленасць, захопленасць дзяцей прадметам, на тварах вучняў зазіхаціць усмешка, а ў вачах — радасць адкрыцця, то дзень для мяне пройдзе недарэмна. А самая вялікая ўзнагарода — калі напрыканцы заняткаў вучні скажуць “Дзякуй”, — заўважае настаўніца.

Наталля Віктараўна — чалавек рознабаковых інтарэсаў. І хаця на любімыя заняткі катастрафічна не хапае часу, яна паспявае вышываць крыжыкам карціны, штодзень чытаць дэтэктыўную літаратуру, кулінарыць: балаваць сваю сям’ю — мужа і дарослых дачушак Таццяну і Аліну — незвычайнымі стравамі, пірагамі, тартамі. А яшчэ Наталля Віктараўна — фанат лесу: падчас летняга адпачынку, у ліпені і жніўні, яна накіроўваецца туды ў ягады, а восенню настаўніцу сустрэнеш у грыбах.

Н.В.Максімовіч актыўна займаецца самаадукацыяй. Імкненне павысіць узровень свайго прафесійнага майстэрства прывялі педагога на конкурс “Настаўнік года — 2017”. Як прызнаецца настаўніца, урокі для яе не былі самым складаным выпрабаваннем, а больш за ўсё сіл і энергіі забіралі публічныя выступленні на сцэне. “Конкурс прынёс новыя знаёмствы, пазітыўныя эмоцыі, новыя веды і вопыт. Гэта багацце, якое застанецца добрымі ўспамінамі”, — адзначае педагог.

Дзень настаўніка для Наталлі Віктараўны — цёплае і кранальнае свята, усмешкі, кветкі, падарункі, гэта магчымасць сказаць “дзякуй” усім сваім педагогам, калегам. “Некалькі гадоў назад у гэты дзень ад сваёй вучаніцы, чацвёртакласніцы, я атрымала незвычайны падарунак і прыемныя, незабыўныя эмоцыі. Дзяўчынка правяла цікавы ўрок, які падрыхтавала з дапамогай сваёй бабулі-настаўніцы. Урок так спадабаўся, што многія вучні потым з задавальненнем прымервалі на сябе ролю настаўніка на ўроках. Вось такі атрымаўся сюрпрыз з працягам, — успамінае Наталля Віктараўна. — Сваім калегам ад усяго сэрца хочу пажадаць цікавых будняў, яркіх, радасных свят, старанных вучняў і мудрых рашэнняў, выдатнага здароўя і вечнай маладосці! Каб кожны дзень званок на першы ўрок быў для вас пачаткам захапляльнага падарожжа ў краіну цікаўных вачэй, шчырых усмешак і бясконцых “чаму”. З Днём настаўніка!”

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.