У плыні ўстойлівага развіцця і сфарміраванай перспектывы

- 9:50Суразмоўца

Сёння нашым чытачам прапаноўваем інтэрв’ю з начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалаем Мікалаевічам БАШКО, які расказвае пра сябе, пра сістэму адукацыі Міншчыны і перспектывы яе развіцця.

— Мікалай Мікалаевіч, у сістэме адукацыі вы чалавек даволі вядомы. Шмат гадоў свайго жыцця прысвяцілі развіццю адукацыйнай сферы Мінскай вобласці, доўгі час узначальвалі прафсаюзны рух у рэгіёне. Нядаўна вы былі прызначаны кіраўніком галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама. Раскажыце больш падрабязна пра свой працоўны шлях.

— Сістэма адукацыі Мінскай вобласці мне сапраўды добра знаёма. Маё жыццё ахоплівае ўсе прыступкі прафесійнай дзейнасці, звязанай з адукацыйнай сферай. Я дастаткова доўга працаваў у Дзяржынскім раёне настаўнікам, дырэктарам школы, загадчыкам раённага аддзела адукацыі, быў намеснікам начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама (тады яго ўзначальвала Таіса Іванаўна Данілевіч). У апошнія гады працаваў старшынёй абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Разам з калегамі мы выбудоўвалі эфектыўную сістэму сацыяльнага партнёрства, займаліся абаронай інтарэсаў работнікаў устаноў адукацыі Міншчыны, супрацоўнічалі з раённымі ўпраўленнямі па адукацыі, спорце і турызме, кіраўніцтвам устаноў адукацыі, педагогамі. Таму і пра дасягненні сістэмы адукацыі вобласці, і пра яе праблемы я ведаю не па чутках.

— Як вядома, Мінская вобласць у сферы адукацыі мае значныя дасягненні, гучныя праекты, цікавыя напрацоўкі.

— Пагаджуся з вамі. Сапраўды, у нас ёсць чым ганарыцца. Узяць, напрыклад, работу з высокаматываванымі, адоранымі дзецьмі і навучэнцамі, пачынаючы з дашкольнай адукацыі і заканчваючы прафесійнай. Гэтая работа сістэмная, мэтанакіраваная і эфектыўная. Стала традыцыяй правя­дзенне абласнога фестывалю “Я — даследчык” для дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў, конкурсу работ даследчага характару для вучняў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Штогод нашы выхаванцы ўдзельнічаюць у больш чым 20 ін­тэлектуальных міжнародных мерапрыемствах, у ліку якіх — Усерасійскі конкурс юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага, адкрытая гуманітарная канферэнцыя даследчых работ “Вышгарад”, Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс і інш. Нашы навучэнцы там паспяхова высту­паюць і папаўняюць скарбонку дасягненняў вобласці дзясяткамі дыпломаў і спецыяльных прызоў. Актыўна працуе ва ўстановах адукацыі вобласці 171 навуковае таварыства, у якіх занята амаль 4,5 тысячы навучэнцаў. Рэгулярна право­дзіцца ўстаноўчая сесія для ўдзельнікаў таварыстваў, створана суполка кіраўнікоў у сацыяльнай сетцы Facebook. Ва ўстановах адукацыі Міншчыны праводзіцца мэтанакіраваная работа па апрабацыі эксперыментальных праектаў, укараненні інавацыйных і педагагічных праектаў. Толькі ў гэтым навучальным годзе 89 педагагічных праектаў рэалізуецца ў 130 установах адукацыі рэгіёна. Вопыт работы навучальных устаноў, якія завяршылі інавацыйныя праекты ў мінулым навучальным годзе, Міністэрства адукацыі прапанавала распаўсюдзіць сярод іншых рэгіёнаў краіны. Акрамя таго, у 6 раёнах вобласці дзейнічаюць 7 рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій. На базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі васьмі раёнаў працуюць STEM-цэнтры, якія таксама выконваюць функцыі рэсурсных цэнтраў у сябе ў рэгіёне. Значны ўклад у IТ-адукацыю педагогаў уносіць адукацыйны праект “Мабільны STEM-клас”. Пры шырокай падтрымцы IT-кампаній STEM-класы былі адкрыты ў 14 установах адукацыі вобласці, 6 з іх — у 2020 годзе. Лепшыя педагогі-практыкі перадаюць веды сваім калегам па пытаннях робататэхнікі, праграмавання, 3D-мадэлявання, дапоўненай і віртуальнай рэальнасці і іншых напрамкаў ІКТ. Увогуле, лічбавізацыя з’яўляецца адным з прыярытэтаў развіцця сферы адукацыі нашай вобласці. Для гэтага шмат чаго ўжо зроблена: укараняюцца сучасныя сэрвісы, развіваецца LEGO-канструяванне, Scratch-праграмаванне і інш.

— Якія характэрныя рысы ўласцівы для кожнага ўзроўню адукацыі вобласці? Якія напрамкі найбольш важныя ў іх развіцці?

— На ўзроўні дашкольнай адукацыі прыярытэтным з’яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для рознабаковага развіцця, сацыялізацыі асобы дзіцяці. Актуальным для нас з’яўляецца развіццё шматфункцыянальнай сеткі дашкольных устаноў, укараненне новых форм работы, фарміраванне адаптыўнага здароўезберагальнага асяроддзя. Дашкольныя ўстановы аснашчаюцца інтэрактыўнымі дошкамі, праектарамі, персанальнымі камп’ютарамі, спецыялізаванымі праграмамі, высокахуткасным доступам у інтэрнэт. Па запытах баць­коў пашыраны спектр гурткоў па інтарэсах, актывізавана работа па навучанні дзяцей гульні ў шашкі і шахматы, LEGO-канструяванні. У рамках абласнога праекта “Тэрыторыя дзіцячага развіцця: старт у будучыню” вядзецца работа па стварэнні сеткавай суполкі педагогаў дашкольнай адукацыі, мэта якой — прафесійныя зносіны, павышэнне кампетэнцый педагогаў, трансляцыя іх перспектыўнага вопыту.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі паступальна развіваецца сістэма прафесійнай арыентацыі навучэнцаў, адкрыты класы (групы) педагагічнай, аграрнай, спартыўна-педагагічнай, прававой накіраванасці. У 2020 годзе адбыўся першы выпуск навучэнцаў аграрных класаў, якія скіраваны на папулярызацыю сярод моладзі сельскагаспадарчых прафесій. Па гэтым профілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі паступілі 49 выпускнікоў такіх класаў. У цэлым сёлета ва ўсіх раёнах функцыянуюць 38 класаў і 52 аграгрупы прафесійнай накіраванасці. На мой погляд, сістэме адукацыі неабходна ўлічваць сацыяльна-эканамічныя тэндэнцыі развіцця дзяржавы і ўзмацняць увагу да фарміравання ў навучэнцаў асноў эканамічных ведаў, фінансавай дасведчанасці і прадпрымальніцкай ініцыятывы. З гэтай мэтай у вобласці з мінулага года рэалізуецца ўнікальны праект “Прадпрымальніцкая ініцыятыва, фінансавая дасведчанасць, сучасная адукацыя: новыя драйверы эканомікі”, скіраваны на развіццё гэтых напрамкаў сярод навучэнцаў, іх бацькоў і педагогаў. Для папулярызацыі праекта, абмену вопытам распрацаваны лічбавы дзённік, які размешчаны на афіцыйным сайце галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мін­аблвыканкама. Сістэмаўтваральным кампанентам рэалізацыі праекта з’яўляецца абласная бізнес-школа. У якасці выкладчыкаў тут задзейнічаны спецыялісты Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, вядучых устаноў вышэйшай адукацыі, прадпрымальнікі. У гэтым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі вобласці працуюць 102 навучэнскія бізнес-кампаніі, у якіх больш за 800 навучэнцаў атрымліваюць свой першы прадпрымальніцкі вопыт. Унікальным для гэтага праекта стала пашыранае пасяджэнне абласнога савета па развіцці прадпрымальніцтва з удзелам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама, дзе прайшла прэзентацыя праектаў навучэнскіх бізнес-кампаній. Па выніках сустрэчы ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі інвестыцыйныя сертыфікаты на ментарскую падтрымку сваіх ідэй. Мы спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва інвестараў з навучэнскімі бізнес-кампаніямі. Яшчэ адным трэндам сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна з’яўляецца пашырэнне лінгвістычнай полікультурнай прасторы пры вывучэнні кітайскай мовы. Сёння ў Мінскай вобласці яе вывучаюць больш за 1,3 тысячы дзяцей.

Што тычыцца прафесійнай адукацыі, то для яе найбольш перспектыўным кірункам з’яўляецца развіццё партнёрскіх сувязей з заказчыкамі кадраў і ментарства вядучых прадпрыемстваў Міншчыны. Іх падтрымка можа не толькі забяспечыць умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў прафесійнай адукацыі, але і актуалізаваць неабходныя прафесійныя кампетэнцыі выпускнікоў на практыцы. Сёння ва ўстановах прафесійнай адукацыі вобласці створаны 7 рэсурсных цэнтраў вытворчага навучання па 10 спецыяльнасцях і 13 кваліфікацыях. Структура і аснашчанасць цэнтраў дазваляюць праводзіць на сучасным узроўні тэарэтычныя і практычныя заняткі з навучэнцамі. Там выконваюцца лабараторныя і практычныя работы, праходзяць вытворчае навучанне і прак­тыку навучэнцы з ліцэяў і каледжаў. Акрамя таго, рэсурсныя цэнтры з’яўляюцца базамі для правядзення абласных этапаў рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus. У рамках міжнароднага супрацоўніцтва на базе такіх цэнтраў праходзяць навучанне і стажыроўку навучэнцы і педагогі з Расійскай Федэрацыі і Казахстана.

— Якія сучасныя інавацыйныя формы выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай рабоце?

— Ва ўстановах адукацыі вобласці сістэма выхаваўчай работы пастаянна ўдасканальваецца і набывае новыя рысы. Мы вядзём эфектыўную работу па забеспячэнні якасці выхавання, стварэнні ўмоў для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў, уключэнні іх у розныя віды сацыяльна значнай дзейнасці. Асаблівая ўвага ўдзяляецца прафілактыцы проціпраўных паводзін, падтрымцы дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Аказваецца педагагічная падтрымка дзіцячым і маладзёжным аб’яднанням, іх ініцыятывам.

У вобласці рэалізуюцца цікавыя праекты, якія заваявалі папулярнасць сярод дзяцей і падлеткаў. Нашымі навучэнцамі створаны больш за 170 адукацыйных маршрутаў, якія прадстаўлены ў адзіным віртуальным даведніку “Экскурсійныя маршруты Міншчыны”, а таксама абласная электронная кніга “Жывая памяць пакаленняў”, якая змяшчае архіўныя матэрыялы, успаміны ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Значную ўвагу ўдзяляем фарміраванню ў дзяцей і падлеткаў лідарскіх якасцей. З гэтай мэтай створана школа актыву навучэнцаў Мінскай вобласці “Лідар”, якая з’яўляецца стартавай пляцоўкай для ўвасаблення ідэй выхаванцаў. Традыцыйнымі і вельмі запатрабаванымі ў якасці дыскусійных пляцовак для навучэнцаў сталі абласны форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, абласное свята піянерскай дружбы на Кургане Славы, якія мы штогод арганізоўваем. Намі праводзіцца сур’ёзная работа па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва: працуюць 44 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, на базе пяці раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў адкрыты занальныя рэсурсныя цэнтры па суправаджэнні замяшчальных сем’яў. Для іх створаны абласны інтэрактыўны клуб “Дом там, дзе любяць”.

Прыярытэтным кірункам нашай работы з’яўляецца захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей і навучэнскай мола­дзі. Другі год паспяхова рэалізуецца ўнікальны праект “Міншчына спартыўная”. Толькі ў мінулым навучальным годзе ў спартыўна-масавых мерапрыемствах гэтага праекта прынялі ўдзел больш за 450 тысяч дзяцей, бацькоў і педагогаў. У сіс­тэме выхаваўчай работы выкарыстоўваюцца сучасныя інавацыйныя формы работы з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій.

— А як задзейнічаны інфармацыйныя тэхналогіі ў арганізацыі дыстанцыйнага навучання? Ці прымалі ўд зел вашы педагогі ў распрацоўцы адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу?

— Мы працягваем працаваць над развіццём адзінага абласнога інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Нашы педагогі актыўна выкарыстоўваюць платформы Zoom, Skype, Google-клас, ЭФФОР, NavekMeet, peregovorka.by, YouTube, Discord, BigBlueButton, Pruffme, Stepik, Moodle і інш. Яны распрацоўваюць свае адукацыйныя блогі і сайты (сёння іх больш за 170), на якіх размяшчаюцца матэрыялы для вучняў, прадуманы формы зваротнай сувязі. Значны вопыт арганізацыі дыстанцыйнага навучання назапашаны Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, дзе з 2008 года разгорнута сістэма дыстанцыйнага навучання Moodle. У такім фармаце праводзіцца не толькі павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі, але і дыстанцыйныя, інтэрнэт-алімпіяды для педагогаў і вучняў, якія сталі традыцыйнымі для вобласці. Лепшыя педагогі Міншчыны прынялі актыўны ўдзел у распрацоўцы модуляў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. Да гэтай работы былі прыцягнуты 117 настаўнікаў, 21 з якіх мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, 78 — вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Цяпер рэсурс функцыянуе ў тэставым рэжыме, у ім прадстаўлены матэрыялы 3-й чвэрці. Творчыя групы педагогаў дапрацоўваюць матэрыялы для астатніх чвэрцей.

— Як вырашаецца ў вобласці кадравае пытанне?

— Лічу, што нашы ўстановы адукацыі паспяхова забяспеч­ваюцца педагагічнымі кадрамі, у тым ліку і за кошт адкрыцця профільных класаў педагагічнай накіраванасці. За перыяд з 2015 па 2019 год у 287 профільных класах педагагічнай накіраванасці прайшлі навучанне 2705 навучэнцаў. У гэтым навучальным годзе на базе 63 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 100 профільных класах вучацца 795 вучняў. Установы адукацыі вобласці — актыўныя ўдзельнікі сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Ва ўзаемадзеянні з галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа, установы агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх адкрыты педагагічныя класы, з’яўляюцца суб’ектамі рэспубліканскага вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі.

Дзейсным кампанентам кластара сталі школы-лабараторыі. Яны актыўна ўкараняюць перадавы вопыт, вядуць эфектыўную вучэбна-метадычную работу, сістэмную профільную і дапрофільную падрыхтоўку вучняў. Адным з найважнейшых фактараў павышэння якасці адукацыі з’яўляецца бесперапыннае развіццё кіраўніцкіх кампетэнцый дырэктарскага корпуса. Традыцыйным для нас стаў абласны конкурс “Малады дырэктар”. Быў створаны абласны клуб з аднайменнай назвай, у цэнтры ўвагі якога — распаўсюджванне лепшых кіраўніцкіх практык, папулярызацыя новых педагагічных методык. Сістэмны характар такой работы з’яўляецца асновай развіцця пазітыўнага сацыяльнага і прафесійнага іміджу кіраўніка, кожнай установы, раёна і ўсёй вобласці.

— Калі вядзецца будоўля новых аб’ектаў, то гэта лічыцца прыкметай устойлівасці развіцця і сфарміраванай перспектывы. А як у вас з гэтым?

— Адназначна, прыкмета ў нас спрацоўвае і ператвараецца ў рэальныя справы. Мяркуйце самі. Папярэдні год стаў для Міншчыны па-сапраўднаму рэкордным у будаўніцтве новых устаноў адукацыі. Мабыць, такога ў гісторыі вобласці яшчэ не было. На працягу 2020 года было здадзена ў эксплуатацыю 12 устаноў дашкольнай адукацыі. Новыя сады адкрыліся ў Мінскім раёне, Івянцы, Чэрвені, Нясвіжы і Смалявічах. Цяпер працягваецца будаўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі і трох школ (Стоўбцы, Смалявічы, Мінскі раён). Як бачна, наша вобласць і далей мае выдатныя перспектывы эфектыўна развівацца і паспяхова выконваць адукацыйныя запыты нашага грамадства.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.